Шчодры вечар — на самай справе шчодры на вяселосць і прысмакі.
Пра тое, як адзначалі гэтае свята, расказвае жыхарка в. Душава Ніна Пятроўна Тарчыла, 1943 года нараджэння:
— Калі з 6 на 7 студзеня была
куцця посная, то з 13 на 14 яна называлася шчодрая. Каб яе прыгатаваць, мама (а звалі яе Вольга Вікенцьеўна) заўсёды таўкла жытняе зерне ў драўлянай ступцы. Потым залівала вадзічкай і ставіла ў печку. Добра, калі быў мёд, тады куцця атрымлівалася салодкай. Напярэдадні самога свята елі куццю посную, а на наступны дзень мама засмажвала сала і палівала яе. Дарэчы, нарадзілася я ў вёсцы Затур’я, што на Нясвіжчыне. А там Шчодры вечар заўсёды адзначалі і адзначаюць зараз весела. Мама брала рэшата, туды клала сена і ставіла на покуць, а выносіла ўжо пасля Вадохрышча. Таксама мама пякла
бліны, таўкла мак у цёплай вадзічцы з цукрам. Мы макалі бліны ў мак ды так і елі.
Калі калолі кабана, мама заўсёды пакідала кавалак
кумпяка на Каляды, а потым запякала яго ў печцы, адварвала каўбасу. Добра, калі ў Шчодры вечар у хаце на стале стаіць засмажаная або звараная свіная галава — сімвал дабрабыту і пладавітасці.
Рабілі мы і тоўстыя пухнатыя бліны: малако, трошкі вады, 6 альбо 7 яек, соды крыху. Такія бліны насілі на вяселле ці на хрэсьбіны. Брала мама з бочкі і салёныя агуркі, расол. Ды расол той мы пілі з бульбай: мама напарыць-напарыць бульбы, забеліць расол смятанай — і от смачна было! А потым яна далівала ў бочку вады, каб агуркі не сапсаваліся.
Мая мама любіла выпякаць, і я люблю. Смачнымі і прыгожымі атрымліваюцца
мішкі. Бяру 1 шклянку цукру, 8 альбо больш яек, муку і крыху алею. Спачатку ўзбіваю яйкі з цукрам, каб атрымалася пенка, дадаю муку, маргарын (тады мішкі будуць мякчэйшымі), уліваю жаўткі і добра перамешваю. Потым раскладваю па формачках і стаўляю ў печ. Так я рабіла і лебедзя на вяселле ўнуку, і вавёрачак. Вельмі даспадобы прыходзіліся і
хрушчы. Яйкі, цукар, муку і соду добра перамешваю. Цеста трэба раскатаць тоненька-тоненька. Потым парэзаць на палосачкі і выпякаць. Раней я іх абсмажвала ў тлушчы, а зараз у алеі.
А які ж Шчодры вечар без варажбы! Калі была маладая (недзе ў канцы 50-х гадоў ХХ ст.), любіла даведвацца пра будучае. Мы бралі дровы, хто колькі зможа, заносілі ў хату і лічылі. Калі іх набіралася цотная колькасць, значыць, быць у пары, калі няцотная — то адной. Абдымалі штыкеціны плоту і таксама лічылі іх колькасць. Пяклі бліны, потым прыносілі іх у хату і прыводзілі сабаку. Калі сабака з’ядаў блін, то гэта добра, а калі нёс яго на покуць ды яшчэ спрабаваў закапаць — быць бядзе. Так аднойчы сабака наваражыў блізкую смерць мамінай сястры, яна і памерла даволі маладой.
Тата мой, Пётр Міхайлавіч, хадзіў калядаваць з аднавяскоўцамі. Яны бралі гарбуз, вырэзвалі сярэдзіну, туды ставілі свечачку і запальвалі яе. Ставілі гарбуз на палку. Святло было відно здалёк, а калі дзьмуў ветрык, то гарбуз круціўся.
Пра тое, як Шчодры вечар адзначалі жыхары в. Домантавічы, расказала Нэла Іванаўна Мартынчык, 1936 года нараджэння:
— Любілі мы і ўсялякія штукарствы вырабляць. Напрыклад, бралі попел і высыпалі дарожку ад хаты хлопца да хаты дзяўчыны, якія хадзілі адзін да аднаго. Альбо вылівалі чарнілам. Ці знімалі брамкі і пераносілі зноў-такі ад хаты хлопца да дзяўчыны. Хадзілі па вёсцы, песні спявалі, а нам давалі хто яблыкі, хто цукеркі якія.
Канешне, рабілі
куццю. Спачатку посную, а потым шчодрую. Елі яе самі, а на трэці дзень аддавалі курам.
Зараз на свята абавязкова прыгатую
мачанку. Спачатку абсмажваю маленькія кавалачкі мяса, сала, размочаныя сушаныя грыбы. Потым абсмажваю цыбулю. На чыгунок 2,5 літра бяру прыкладна 5 лыжак мукі, разбоўтваю ў вадзе і заліваю ў чыгунок. Туды ж дадаю і цыбулю, соль. Да мачанкі абавязкова пяку аладкі.
Раблю і
катлеткі. Да фаршу дадаю дзве бульбіны, кавалачак батона, перац, соль, адно ці два яйкі, дробна парэзаную цыбулю. Добра перамешваю, фармую, абмочваю ў муцэ і спачатку смажу, а потым стаўлю ў печку, каб яны ўмлелі.
Каб прыгатаваць
курыцу, рэжу яе на невялікія кавалкі, кладу на патэльню і чакаю, каб яны падрумяніліся з двух бакоў. Потым даліваю вады і стаўлю тушыцца.
Стараюся зрабіць да гэтага стала і
ягадны кісель. Бяру 5 лыжак замарожаных ягад або варэння, 2 лыжкі крухмалу (можна і болей), цукар па смаку. Кіпячу ваду (прыкладна 2 літры). Ягады спачатку размарожваю, потым кладу ў ваду. Крухмал развожу ў шклянцы халоднай вады і ўліваю ў каструльку з ягадамі тонкім струменьчыкам, увесь час памешваючы. Як толькі кісель пачне закіпаць, адключаю. Разліваю гарачы напой у кубкі. Каб не ўтваралася плеўка, зверху пасыпаю цукрам. Калі дадаць крухмалу больш, кісель атрымаецца густым, як сучаснае жэле.
Муж мой Мікалай Мікітавіч вельмі любіць, як я гатую. Дарэчы, мы з ім вучыліся разам у школе, сябравалі з 8 класа. Потым ён пайшоў служыць у армію, а я чакала яго. Прыйшоў — мы і ажаніліся. Выгадавалі траіх дачок, зараз маем ужо дваіх праўнукаў.
Запісала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии