Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

69

Абрамчик Ф.К. - летописец земли копыльской

14.01.2017
Для людзей старэйшага і сярэдняга ўзросту імя Фёдара Канстанцінавіча Абрамчыка трывала звязана з летапісам Капыльскага краю. Менавіта ён з’яўляўся адным з асноўных аўтараў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Капыльскі раён» і заўсёды быў сапраўдным патрыётам Радзімы, знаходзіўся на пярэднім краі напружанага і бурлівага жыцця. [caption id="attachment_54667" align="alignright" width="151"]Ф.К.Абрамчык Ф.К.Абрамчык[/caption] Сёлета, 14 студзеня, нашаму славутаму земляку споўнілася б 90 гадоў. Ні лёс, ні ўлады не абышлі яго пільнай увагай. Былі ў Фёдара Канстанцінавіча і адказныя пасады, і пасяджэнні ў прэстыжных прэзідыумах, і, як у кожнага разумнага чалавека, начныя спавядальныя нарады са сваім сумленнем, і імкненне рабіць сваю справу як мае быць. Нарадзіўся Фёдар Канстанцінавіч 14 студзеня 1927 года ў вёсцы Доўгае Капыльскага раёна. Вучыўся ў Цімкавіцкай школе. І сёння ў сям’і ўнучкі Фёдара Канстанцінавіча Ганны Віктараўны разам з іншымі дакументамі беражліва захоўваюцца Пахвальныя лісты, якія ўручалі Федзю Абрамчыку за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны. Але вучобу абарвала вайна. Як і ўсім равеснікам, давялося яму зведаць жахі ваеннага ліхалецця, перажыць нямецкую акупацыю, горыч страты — у 1944 годзе без вестак згінуў брат Канстанцін. Пасля вызвалення Капыльскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нейкі час Фёдар разам з бацькамі Канстанцінам Сямёнавічам і Стэфанідай Мікалаеўнай працаваў у калгасе «Камсамолец», дапамагаў аднаўляць разбураную гаспадарку. У снежні 1944 года юнак быў прызваны Бабруйскім райваенкаматам і накіраваны ў 38-мы вучэбна-стралковы полк 45-й вучэбна-стралковай дывізіі. Менавіта там пачалася яго вайсковая служба, у якой пазней былі пасады памочніка камандзіра ўзвода, сакратара пярвічнай камсамольскай арганізацыі, памочніка начальніка палітаддзела па камсамольскай рабоце… Журналіст Усевалад Гурыновіч, колішні супрацоўнік Капыльскай раённай газеты, так успамінаў зіму 1944-45 гадоў, калі разам з танклявым сямнаццацігадовым салдацікам Фёдарам Абрамчыкам, які быў мінамётчыкам, ад цямна да цямна знаходзіўся на калючым марозным сіверы з трыццаціградуснай мінусавой адзнакай. «Аж нельга было дакрануцца да жалеза. А мы зарывалі яго ў снежную бель, накручвалі рукаяткі прыцэльных механізмаў. Надзвычай цяжка давалася строгая вайсковая вывучка. Але час вымагаў вучыцца валодаць  баявой тэхнікай, займацца рознымі фізічнымі практыкаваннямі, каб камандаваць разлікам і аддзяленнем на самым заключным этапе вайны». У 1948 годзе Фёдар Канстанцінавіч паступае ў Львоўскае ваенна-палітычнае вучылішча, якое заканчвае з залатым медалём па Першым разрадзе. Многія гады жыцця ён прысвяціў выхаванню маладых воінаў. Служба давалася лёгка, хоць восем год давялося несці гэтую вахту ля сцюдзёнага Баранцава мора. Павінна была прывыкаць да такіх умоў жыцця і маладая жонка Фёдара — Ніна Цімафееўна, якая там падаравала мужу дваіх хлопчыкаў-блізнятак (пазней у сям’і нарадзіўся і трэці сынок). [caption id="attachment_54656" align="aligncenter" width="350"]Ф.К. Абрамчык - курсант Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча, 1950 г. Ф.К. Абрамчык - курсант Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча, 1950 г.[/caption] Вось радкі з прадстаўлення да чарговага воінскага звання, якое было зроблена на імя камандуючага Паўночнай ваеннай акругі ў лістападзе 1950 года: «Лейтэнант Абрамчык Ф.К. паказаў сябе дысцыплінаваным, палітычна адукаваным палітработнікам. Сістэматычна працуе над павышэннем сваіх ваенных і палітычных ведаў і сваёй дзелавой кваліфікацыі. Па ваенных дысцыплінах мае толькі добрыя і выдатныя паказчыкі. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці палка, аказвае дапамогу камандзіру ў паляпшэнні баявой і палітычнай падрыхтоўкі і ўмацаванні воінскай дысцыпліны. Сярод камсамольцаў і несаюзнай моладзі карыстаецца заслужаным аўтарытэтам». Не здрадзіў сабе Фёдар Канстанцінавіч і пасля таго, як, зняўшы ваенны кіцель з пагонамі капітана і пераапрануўшыся ў цывільнае адзенне, у 1958 годзе вярнуўся на родную Капыльшчыну. Яго шырокая эрудыцыя, багатая практыка, глыбокая вайсковая палітычная падрыхтоўка вельмі спатрэбіліся на пасадзе лектара аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі. Усё жыццё Фёдар Канстанцінавіч папаўняў свой багаж ведаў: з чырвоным дыпломам завочна скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу, займаўся сама-адукацыяй. Яго высокаідэйныя, насычаныя фактурай лекцыі з цікавасцю слухалі ў вялікіх і малых аўдыторыях, у клубах, на фермах і на палявых станах. Бадай, у гэты перыяд не было ў раёне чалавека, які б не ведаў прозвішча Абрамчык. З цягам часу партыя паставіла перад камуністам Абрамчыкам новыя задачы: яго пасада загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Капыльскага РК КПБ змянілася на новую, больш адказную і адначасова пачэсную — у 1973 годзе яго прызначаюць старшынёй Капыльскага раённага камітэта народнага кантролю. Не праходзіла ні аднаго месяца, каб у раённай газеце «Слава працы» не з’яўляліся тэматычныя старонкі, складзеныя з матэрыялаў, напісаных па слядах работы і дзейнасці народных дазорных. Асабліва шмат было рэйдавых матэрыялаў за подпісам групы дасведчаных людзей на чале з Ф.К. Абрамчыкам. [caption id="attachment_54650" align="aligncenter" width="560"]Ф.К. Абрамчык (чацвёрты справа) з кіраўніцтвам Капыльскага раёна, 1981 г. Ф.К. Абрамчык (чацвёрты справа) з кіраўніцтвам Капыльскага раёна, 1981 г.[/caption] На ўсё ў яго хапала часу. Акрамя службовых абавязкаў Фёдар Канстанцінавіч з такім жа энтузіязмам выконваў грамадскія. Неаднаразова ён быў абраны дэпутатам Капыльскага раённага Савета народных дэпутатаў, заўсёды знаходзіў магчымасць сустрэцца з ветэранамі вайны. Яго наогул вельмі цікавіла мінулае сваёй Айчыны, а хто ж можа больш дакладна расказаць пра падзеі, калі не іх сведкі! Менавіта тады і зарадзілася ў Фёдара Канстанцінавіча думка аб’яднаць гэтыя ўспаміны, усе звесткі, якія давялося знайсці, у кнігу. Ёй і стала гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць. Капыльскі раён», над стварэннем якой таксама шчыра працаваў колішні рэдактар «Слава працы» Віктар Адамавіч Семянкевіч — добры сябра і аднадумца Фёдара Канстанцінавіча. У час, калі ішла работа над падрыхтоўкай да друку кнігі, Абрамчык ужо працаваў у раённым краязнаўчым музеі. З яго ўдзелам ішло і папаўненне музейных фондаў — кожны год да 800 адзінак. «Нас прыцягвала да Фёдара Канстанцінавіча  яго душэўная шчодрасць, спагадлівасць, глыбокая прыстойнасць, — успамінае дырэктар музея Валянціна Шуракова. — Ён заўсёды паступаў так, як лічыў правільным. Моцны быў чалавек». Напэўна, такія ж уражанні засталіся ва ўсіх, каму давялося асабіста ведаць Фёдара Канстанцінавіча. На жаль, у студзені 2003 года яго сэрца перастала біцца. Але ён назаўсёды застаўся ў памяці сваіх родных, якія ашчадна захоўваюць усё, што звязана з любым дзядулем; у кнігах — акрамя ўжо ўзгаданай Ф.К. Абрамчык быў аўтарам тапанімічнага слоўніка «І гэта ўсё мой край». Ляжыць у рукапісе і чакае свайго часу яшчэ адзін твор, напісаны рукой краязнаўцы — «Копыль — частновладельческий город Беларуси в 16-18 веках», датаваны 3 лютым 1996 года. Старанная праца і бездакорная служба нашага героя на карысць свайму народу былі адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За працоўную доблесць», «За працоўную адзнаку», «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння  У.І. Леніна», польскім сярэбраным медалём, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, шматлікімі юбілейнымі медалямі. Так, героі нашага часу жылі і жывуць сярод нас. Яны сваёй шматгадовай, добрасумленнай працай робяць усё, каб наша Беларусь красавалася і багацела з кожным годам. І імёны гэтых людзей мы павінны ведаць. Маргарыта САКОВІЧ Фота з архіва сям’і Абрамчыка Ф.К.

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей