Яшчэ з сярэдзіны мінулага года ў аграпрамысловым комплексе рэспублікі пачалася падрыхтоўка да ўкаранення новага галіновага рэгламенту па павышэнні якасці малака і вырабляемай з яго прадукцыі. У прыватнасці, камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама пастаўлена задача павялічыць выпуск малака класа “Экстра”. Гэтага можна дасягнуць шляхам дакладнага раздзялення малака ў сельгаспрадпрыемствах у залежнасці ад фізіялагічнага стану жывёлы (малодзіўны перыяд, навацельныя, старадойныя і за сем дзён да запуску).
Зоаветслужбай Капыльскага раёна праводзіцца пэўная работа з адпаведнымі спецыялістамі гаспадарак раёна. У кожнай з гаспадарак паасобку разглядаюцца пытанні, якія дапамагаюць выконваць тэхналагічны працэс і ў канчатковым выніку - захаваць дойны статак, зменшыць захворванне жывёлы, павысіць якасць малака. Такія мерапрыемствы ўжо прайшлі ў ААТ “Старыца-Агра”, СГФ “Браткава”, “Грозава”, філіяле “Лакнея” і іншых.
Чарговая вучоба спецыялістаў зоаветслужбы адбылася і ў ВСК “Семежава”. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Леанід Паляшчук звярнуў увагу работнікаў гаспадаркі на пытанні, якія патрабуюць пастаяннага кантролю. Вытворчасць малака без утрымання шкодных рэчываў (інгібітараў, антыбіётыкаў), стала асабліва актуальнай, падкрэсліў Леанід Пятровіч, тым больш што ў снежні адбылося павышэнне цэн на дадзены від прадукцыі. А ўзімку – гэта адна з асноўных крыніц паступлення фінансавых сродкаў для сельгаспрадпрыемстваў. У “Семежаве” якасць малака знаходзіцца на высокім узроўні, а на ўчастку №3 увогуле гэтаму віду прадукцыі прысвоены клас “Экстра”. Каб не страціць пазіцый і выйсці на больш высокі ўзровень, неабходна выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні, захоўваць гігіену жывёлы і дакладна весці неабходную дакументацыю на кожнай ферме.
Другое пытанне, якое разгледзелі на семінары, – гінекалагічныя захворванні жывёлы. Асабліва востра яно стаіць у перыяд зімова-стойлавага ўтрымання. Леанід Паляшчук засяродзіў увагу на тым, што работнікі зоаветслужбы некаторых гаспадарак не ў поўным аб’ёме вядуць улік хворых кароў. І часам немагчыма вызначыць, ці атрымлівае жывёла які-небудзь курс лячэння, якія прэпараты выкарыстоўваюцца для гэтага. Таму ў амбулаторных і гінекалагічных часопісах павінны быць зроблены адпаведныя запісы. Не менш актуальным застаецца і пытанне прафілактыкі незаразных захворванняў.
ВСК “Семежава” – адна з валаўтваральных гаспадарак раёна па вытворчасці малака. Як на кожным этапе спрацуюць работнікі сельгаспрадпрыемства, такі прыбытак і атрымаюць. Гэты пастулат семяжоўцы засвоілі ўжо даўно.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: семінар-вучобу са спецыялістамі ВСК “Семежава” праводзіць Леанід Паляшчук (у цэнтры).
Фота аўтара
Комментарии