З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся!»
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!
Сардэчна вітаю вас усіх гэтым святочным воклічам і віншую з радасным і поўным духоўнага зместу святам Божага Нара-джэння, калі мы адзначаем таямніцу Уцелаўлення Сына Божага.
Сёлетнія разважанні пра цуд Бэтлеемскай ночы, які меў месца больш за 2000 гадоў таму, дазвольце распачаць наступным аповедам. Падчас калядных адведзінаў святар пастукаў у дзверы аднаго дома. Ніхто не адказаў, хаця было чутна, як працуе радыё. Ён пастукаў мацней. Тое самае. Трэці раз. Нічога. Тады ён узяў сваю візітоўку і напісаў на ёй словы са Святога Пісання: «Вось, стаю каля дзвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною» (Ап 3, 20).
У наступную нядзелю святар убачыў сваю візітоўку ў кошыку з ахвярамі, якія збіраюцца падчас набажэнства. Там было напісана: «Я бачыў цябе праз акно, але пабаяўся адчыніць дзверы».
Гэты аповед мае цесную сувязь з таямніцай Уцелаўлення і прыняцця яе людзьмі. Марыя з Юзафам шукаюць месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. Яны стукаюць у дзверы розных дамоў і гатэляў, але нідзе няма месца для іх (пар. Лк 2, 7). Езус прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. Ян 1, 10).
Гісторыя Бэтлеемскай начы не завяршылася. Яна паўтараецца. Езус і сёння стукае ў дзверы нашых сэрцаў і хоча нас адведаць, хоча знайсці ў іх месца, хоча быць з намі, хоча адарыць нас сваім словам і збаўчай ласкай...
У нашым жыцці мы заўсёды чагосьці жадаем і да чагосьці імкнёмся. Найчасцей хочам быць багатымі, славутымі, папулярнымі. Гэта натуральна, бо чалавек імкнецца да лепшага жыцця і хоча ўдасканальвацца. Аднак мы добра ведаем, што спаўненне ўсіх гэтых жаданняў не можа нас задаволіць да канца, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.
Таму нашым самым запаветным жаданнем павінна быць імкненне дасягнуць таго, што будзе працягвацца вечна. У гэтым мы адрозніваемся ад іншых стварэнняў. Малады закаханы чалавек хоча, каб любоў ніколі не завяршылася, і не задавальняецца толькі часовымі пачуццямі. Таму, каб быць сапраўды шчаслівым, чалавек павінен жадаць вечнага Бога. Не супакоіцца маё сэрца, пакуль не спачне ў табе, Божа, кажа св. Аўгустын...
Перажываючы радасць Бэтлеемскай ночы, мы таксама павінны памятаць, што Бог выбраў планету Зямля, каб яна была сціплым домам для Яго ўцелаўлёнага Cына. У гэтым доме Ён жыў і ў ім аддаў сваё жыццё дзеля нас і нашага збаўлення. Учыніў гэта для таго, каб нанова адарыць чалавецтва поўняю жыцця, незалежна ад паходжання, колеру скуры, мовы, бо ў Яго вачах кожны чалавек і кожны народ з’яўляецца надзвычайнай каштоўнасцю, і дзеля кожнага з нас Ён прыйшоў у гэты свет.
Таму галоўным пасланнем Божага Нараджэння з’яўляецца запрашэнне да новага і настойлівага намагання заўсёды заставацца перад абліччам Бога, каб пазнаваць Яго волю і жыць згодна з ёй. Гэтым пасланнем таксама з’яўляецца аднаўленне нашага рэлігійнага і духоўнага жыцця ў адпаведнасці з духам Евангелля і вучэння Касцёла.
А аднаўляць ёсць што.
Сучасны свет усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсця з іх і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасці, не можа знайсці. Прычыну ўсіх крызісаў найперш неабходна шукаць у маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсце — у Божай дапамозе. Не без прычыны Езус сказаў, што без Яго нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5)...
Сёння Касцёл скіроўвае наш позірк у напрамку Бэтлеема, дзе заззяла Бэтлеемская зорка, святло якой свеціць і сёння. Вядома, што зоркі нараджаюцца і паміраюць. Бэтлеемская зорка не памерла, яна свеціць, бо яе святло — гэта святло вечна жывога і актуальнага Евангелля.
Каляды прыходзяцца на час зімняга сонцастаяння — час парадоксу, калі святло прабіваецца падчас самай цёмнай пары года. Падобна таму, як таямніча адраджаецца святло сонца, таксама Божае Нараджэнне дае нам магчымасць духоўна адрадзіцца і ўзрастаць у Божым святле, якое свеціць у духоўнай цемры сучаснага свету.
Таму Нараджэнне Пана — гэта свята адраджэння духоўнай іскры ўнутры нас, нават падчас цёмнай халоднай духоўнай зімы, і знак новай надзеі, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)...
Браты і сёстры!
У гэтае радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння сардэчна віншую ўсіх вас і жадаю, каб Езус сваёю ласкай нарадзіўся ў вашых душах і быў прысутны на вашых жыццёвых шляхах як той, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6).
Віншую хрысціян іншых канфесій, якія сёння святкуюць з намі Божае Нараджэнне. Жадаю ім поўні святочнай радасці і дароў Нованароджанага Збаўцы. Няхай наш супольны спеў «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14) напаўняе нашу Айчыну.
Са словамі сардэчнага прывітання і найлепшых пажаданняў звяртаюся да праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць Адвэнт. Няхай ён стане для вас благаслаўлёным часам падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння паводле Юліянскага календара, каб праз два тыдні мы аб’ядналіся ў супольным святкаванні радаснай таямніцы Уцелаўлення Сына Божага.
Віншую ўсіх людзей добрай волі. Каляды належаць усяму свету, бо Сын Божы стаўся члавекам дзеля збаўлення ўсіх людзей.
Усім вам, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі, суайчыннікі, жадаю поўні ласкі Немаўляці Езуса і Яго супакою на святы Божага Нараджэння і на надыходзячы Новы 2017 год!
Свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога, а на знак еднасці дзялюся традыцыйнай аплаткай. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Комментарии