Падчас прамой лініі, што адбылася з дырэктарам Капыльскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва» Сяргеем Беляком, у жыхароў Капыльскага раёна была магчымасць задаць пытанні па забеспячэнні палівам.
Ёю скарысталася сацыяльны работнік Наталля Захарэвіч, якая цікавілася, як выпісаць торфабрыкет для сваёй падапечнай з в. Дзярэчына. Як патлумачыў Сяргей Бяляк, на прадпрыемстве існуе чарга, згодна з якой дастаўляецца паліва тым, хто мае ў ім патрэбу. Тэрмін завозу — каля 30 дзён, аднак усе жадаючыя забяспечваюцца значна раней, бывае, што нават у той дзень, калі праведзена аплата. На дадзены момант торфабрыкетныя заводы, што размешчаны паблізу, знаходзяцца на рамонце, таму могуць узнікаць некаторыя праблемы з дастаўкай. У першую чаргу забяспечваюцца мнагадзетныя сем’і, удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, інваліды І і ІІ груп. Каб не ўзнікалі ніякія пытанні, лепш аформіць заказ загадзя ў перыяд з сакавіка па верасень.
Барыс Карпінскі з вёскі Навасёлкі цікавіўся, ці ёсць магчымасць даставіць брыкет самавывазам. Такая магчымасць ёсць, пры ўмове, калі паліва будзе дастаткова.
Жыхары раёна таксама задавалі пытанні па якасці торфабрыкету. Для таго, каб ён быў якасны, на заводах устанаўліваюцца спецыяльныя сіты. Калі ж дапускаецца вытворчы брак, то прывезенае паліва камісійна абследуецца і дастаўляецца якасная партыя.
Таксама было зададзена пытанне, ці аказвае прадпрыемства паслугу па колцы дроў. У філіяле для колкі дроў працуе высокапрадукцыйны станок.
Акрамя таго, жыхары раёна цікавіліся, ці захаваліся паліўныя кніжкі. Яны выкарыстоўваюцца толькі ў горадзе, жыхары сельскіх населеных пунктаў забяспечваюцца па спісах сельсаветаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии