Кіраўніцтва раёна хвалюе жыццяздольнасць абслуговай арганізацыі, яе планы, нацэленыя на выкананне даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў падчас наведвання райаграпрамтэхнікі ў горадзе Маларыта Брэсцкай вобласці. У прыватнасці, гаворка ішла пра аднаўленне сістэмы райаграсэрвісаў па ўсёй краіне, пашырэнне імі пераліку аказваемых паслуг. Па словах кіраўніка дзяржавы, такія абслуговыя арганізацыі неабходна арыентаваць не толькі на сельгаспрадпрыемствы, але і на ўвесь раён, у тым ліку фермераў, асобных грамадзян. І кошт прапаноўваемых паслуг павінен быць канкурэнтаздольным і прывабным для патэнцыяльных заказчыкаў.
Чым жа жыве сёння Капыльскі райаграсэрвіс? Пра гэта мы гаварылі з дырэктарам прадпрыемства Анатолем ЧАРКАСОМ.
— Па-першае, трэба канстатаваць, што ўдалося захаваць матэрыяльную базу і стабільны калектыў, здольны на выкананне пастаўленых задач, — адзначае Анатоль Адамавіч. — Я лічу, што гэта вялікая справа. Мы не зацыкліліся на аказанні дапамогі толькі свайму сельгасфіліялу «Руднае», а прапануем паслугі кожнаму, хто мае ў іх патрэбу. Наш мехатрад працуе на вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, вапнаванні кіслай глебы, мы аказваем дапамогу на нарыхтоўцы кармоў, вывазцы цукровых буракоў, выконваем разавыя заказы па заяўках кліентаў.
Сёлета вапнаванне, згодна з заданнем, неабходна было правесці на плошчы 2460 га, думаю, што да 20–25 снежня мы яго выканаем. Калі гаварыць пра работы з арганічнымі ўгнаеннямі, то намі ўжо вывезена 180 тысяч тон — на 20 тысяч тон больш, чым летась. Унесена 215 тысяч тон супраць мінулагодніх 180 тысяч тон. Каб пашырыць свае магчымасці ў гэтым напрамку, плануем стварыць яшчэ адно звяно па ўнясенні арганікі. Для гэтага адновім тры гноераскідвальнікі з ліку спісаных, правядзём рамонт і тых дзевяці, якія сёлета працавалі на палетках Капыльшчыны.
Калі ўжо больш падрабязна спыняцца на рамонце — а менавіта гэты від дзейнасці для нас з’яўляецца прыярытэтным, мы асвоілі ў гэтым го-дзе рамонт энерганасычаных трактароў «Беларус-3032» і «Беларус-3522», а таксама рухавікоў да іх. Заняліся гэтай справай некалькі месяцаў таму: ужо адрамантавалі 10 трактароў, два рухавікі. Думаю, што гэты від работ — добрая для нас перспектыва. Здаўна наша прадпрыемства спецыялізуецца на рамонце збожжаўборачных камбайнаў. Распрацаваны графік іх дастаўкі і вядзення работ, сёння ў рамонтным цэху стаіць 12 камбайнаў, над аднаўленнем якіх мы працуем. Усяго ж запланавалі давесці да ладу 22 камбайны «Палессе» і ДОН-1500.
Безумоўна, як і кожным вытворцам і абслуговым арганізацыям хацелася б, каб за нашы паслугі і работы свое-часова разлічваліся, паколькі адсутнасць грашовых сродкаў не толькі запавольвае ход работ, але і не дае магчымасці развівацца нашаму прадпрыемству. А дэбіторская і крэдыторская запазычанасці ў нас вельмі вялікія.
Аднак стараемся неяк спраўляцца з сітуацыяй. За 11 месяцаў бягучага года выручка ад рэалізацыі прадукцыі па прадпрыемстве склала 13 186 дэнамінаваных рублёў — гадавое планавае заданне мы ўжо выканалі на 96%. Сярэднямесячная зарплата за мінулы месяц склала 664 рублі (летась была 640 руб.), за год чакаецца — 554 руб. (544 руб. у 2015 годзе).
У нашых планах пачаць абслугоўванне даільных залаў. Мы гэтым ужо займаліся, але ў пачатку 2000-х гадоў уся служба разам з неабходным абсталяваннем была перададзена ў падпарадкаванне масласырзавода. Таму зноў шукаем спецыялістаў, каб адраджаць справу. Існуе надзвычай актуальная для жыхароў нашых населеных пунктаў праблема — якасць вады. Магчыма, і тут мы змаглі б аказаць нейкую дапамогу. Праўда, пра будаўніцтва станцыі абезжалезвання пакуль гаварыць рана — для гэтага неабходна атрымаць шмат сертыфікатаў, ліцэнзій, ды і камплектуючыя: аўтаматыка, кампрэссары, ёмістасці са шкловалакна — каштуюць нямала. Але выконваць па заяўках асобных прадпрыемстваў, арганізацый, прыватных асоб заказы па ўстаноўцы альбо замене фільтраў мы маглі б. Дарэчы, прадстаўнікі нашай інжынернай службы ўжо наведваліся ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, які займаецца гэтай тэмай, і вывучалі ўсе магчымасці са спецыялістамі.
Хочацца верыць, што аспект праблем і задач, акрэсленых дырэктарам ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» Анатолем Чаркасом, будзе паспяхова вырашаны. А прадпрыемства ў новым годзе здолее не толькі ўмацаваць свае пазіцыі ў занятай нішы, але здолее пашырыць кругазор, знайсці новыя маркетынгавыя прыёмы і рашэнні, каб дасягнуць значнага росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы. А для гэтага патрэбна на ўсё гля-дзець вокам гаспадара і, як кажуць, варушыцца.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии