Апошнія дні ва ўзмоцненым рэжыме працуюць супрацоўнікі капыльскіх дарожных і камунальнай службаў.
Напрыклад, работнікі філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» — «ДРБУ № 124» з дзвюх гадзін ночы і да дзевяці вечара ў мінулы панядзелак устаранялі наступствы снегападу, расчышчаючы дарогі раёна. Тое ж было і ў час апошніх снегападаў. На гэтых работах былі задзейнічаны шэсць адзінак тэхнікі з пясчана-размеркавальнымі механізмамі, столькі ж трактароў з адваламі, па адным пагрузчыку і грэйдары. Таксама брыгада работнікаў ДРБУ вяла ачыстку тратуараў на вуліцах Цімкавіцкая і Партызанская г. Капыля. Ад снегу вызвалены ўсе асноўныя трасы. Для пасыпкі дарог у гэтым годзе нарыхтавана 6947 тон пясчана-солевай сумесі.
Абслугоўваннем рэспубліканскай аўтамабільнай дарогі Р-61 Узда — Капыль — Гулевічы (працягласць — 49,5 км) па тэрыторыі Капыльскага раёна займаецца лінейна-дарожная дыстанцыя-653 філіяла «ДЭУ-65 г. Нясвіжа». Расчыстку вядуць тры МАЗы з адваламі і пясчана-размеркавальнымі механізмамі, два трактары МТЗ, пры неабходнасці на дапамогу прыходзіць аўтагрэйдар галаўной арганізацыі.
Забяспечваюць бяспеку дарожнага руху і работнікі камунальнай службы. Уздоўж цэнтральных вуліц загадзя былі ўсталяваны скрыні з пясчана-солевай сумессю, па меры неабходнасці вядзецца пасыпка тратуараў і праезнай часткі. На расчыстцы ад снегу прыдамавых тэрыторый і вуліц горада задзейнічана 25 чалавек і тры адзінкі тэхнікі. На прадпрыемстве зацверджаны спіс работнікаў, якія на выпадак экстрэмальнай сітуацыі ў любы час выйдуць устараняць наступствы зімовай стыхіі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии