Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

56

Дочь и внук уроженца Копыльщины Яна Скрыгана встретились с любителями его творчества на родине писателя

01.12.2016
У літаратурнае падарожжа «Шляхамі Яна Скрыгана», якое адбылося ў Каменскім ВПК д/с-СШ, адправіліся прыхільнікі творчасці нашага земляка. У іх ліку — дачка пісьменніка Галіна Іванаўна і яго ўнук Юрась, літаратуразнаўцы і проста творчыя таленавітыя людзі. Нагодай стала 111-я гадавіна з дня нараджэння пісьменніка і 5-годдзе музея Яна Скрыгана. «Сёння мы кіруемся на Капыль. Дарога, укрытая асфальтам, коціць нас роўна, гладка. Наперадзе, за Труханавічамі, будуць Сунаі. Потым будзе Пукаў, куды я нёс колісь пану Ёдку звязанага за калашматыя ногі пеўня… У гэтае наваколле я ўглядаўся з асаблівым узрушэннем, бо яно — мая бацькаўшчына».  Так  пісаў  Ян Скрыган у пачатку 90-х, у адзін з апошніх візітаў на сваю малую радзіму. Наша ж дарога да пісьменніка складалася наадварот, бо ехалі мы не з Мінска, а з Капыля. Шэрае лістападаўскае неба крыху расквецілася сціплымі праменьчыкамі сонейка, нібы асвятляючы шлях да знакамітага земляка. Ініцыятар і натхняльнік творчай імпрэзы — Галіна Іванаўна Скрыган, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла ўшанаванню памяці бацькі-пісьменніка. А супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з радасцю падтрымалі гэту прапанову. [caption id="attachment_53495" align="aligncenter" width="560"]Галіна Дзягілева, Лідзія Шагойка, Галіна і Юрась Скрыганы Галіна Дзягілева, Лідзія Шагойка, Галіна і Юрась Скрыганы[/caption] Гасцей — і тых, хто прыехаў да Скрыгана з Мінска ды з Капыля, і вучняў разам з настаўнікамі — чакала цікавая праграма. Па-першае, яны наведалі школьны музей і пабачылі на свае вочы рэчы, якія памятаюць цяпло рук і сэрца пісьменніка. Гэта і яго пісьмовы стол, і шахматы, у якія так любіў гуляць Скрыган, і ягоная куртка. Вучаніцы цікава распавядалі пра ідэю Галіны Іванаўны адкрыць музей, пра энтузіязм, з якім вучні і настаўнікі падхапілі гэты творчы пасыл. З асаблівай цікавасцю спадары і спадарыні разглядвалі макет хаты, у якой нарадзіўся і жыў Ян Скрыган. А стварылі яго настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Ігар Крэпскі і вучань Яўген Маталыцкі падчас правядзення навуковага даследавання. Адметна, што і дзверы, і нават маленькія акенцы хаткі адчыняюцца. Унутраны інтэр’ер аднавілі па кнігах пісьменніка. Падарункамі ад дырэктара Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціны Шураковай і дырэктара раённай цэнтральнай  бібліятэкі  імя  А. Астрэйкі  Таццяны Серай папоўняцца экспазіцыі школьнага музея. Сваё цікавае даследаванне «Творчыя сляды дзядулі Скрыгана», якое сумесна з настаўніцай Ірынай Тагіль выканала і прэзентавала вучаніца 5 класа Каменскай сярэдняй школы Дар’я Тагіль. Дарэчы, пранікнёнае выступленне дзяўчынкі яшчэ раз падкрэсліла: сапраўдныя літаратура і талент, мінаючы час, здольны аб’яднаць прадстаўнікоў розных пакаленняў. [caption id="attachment_53494" align="aligncenter" width="560"]У школьным музеі У школьным музеі[/caption] Працягам імпрэзы сталі ўспаміны, якімі шчодра і шчыра дзяліліся госці. Галіна Іванаўна расказвала, якім добрым бацькам і любячым мужам быў Ян Скрыган, як заўсёды імкнуўся дапамагчы маладым таленавітым аўтарам. Сапраўды, Ян Скрыган уважліва ставіўся да літаратурнай моладзі. У яго дзённікавых запісах мы сустракаем імёны Уладзіслава Рубанава, Уладзіміра Ягоўдзіка, Валянціны Коўтун, Хрысціны Лялько… Для многіх з іх пісьменнік стаў руплівым настаўнікам, шчырым сябрам. Пацвярджэнне таму — у словах-успамінах пісьменніцы, перакладчыка, галоўнага рэдактара часопіса «Наша вера» Хрысціны Лялько: «Стыхія мовы — так называў маю манеру пісаць Ян Скрыган. І падкрэсліваў, што вельмі добра, што гэта менавіта «стыхія мовы». Я была частым госцем у доме пісьменніка. І зараз з асаблівай цеплынёй успамінаю гэтыя па-сямейнаму цёплыя вечары». Цёплымі былі не толькі сустрэчы пісьменніка з маладымі творцамі. Цёплымі былі і яго радкі, словы. Асабліва пранікнёна яны прагучалі ў выкананні дырэктара і мастацкага кіраўніка Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зніч», лаўрэата міжнародных тэатральных фестываляў, актрысы Галіны Дзягілевай. Жыхары Труханавіч і сёння памятаюць настаўніка гісторыі Труханавіцкай школы, вядомага беларускага паэта, перакладчыка, фалькларыста, этнографа, мовазнаўцу, кандыдата гістарычных навук, галоўнага рэдактара серыі «Беларускі кнігазбор» Кастуся Цвірку. Менавіта ў гэтым выдавецтве выйшла шмат кніг Яна Скрыгана і пра самога пісьменніка. Таму і расказаць прысутным вядомаму вучонаму было што. [caption id="attachment_53508" align="alignleft" width="92"]Ян Скрыган Ян Скрыган[/caption] Стаўленне пісьменніка да роднай мовы, яго ўнікальная чуйнасць да хараства слова заслугоўваюць асобнай увагі. Як да аўтарытэтнага спецыяліста да Яна Скрыгана часта звярталіся калегі па творчасці, прыносілі яму творы на своеасаблівую экспертызу. Пра «руплівага аберагальніка слова» ўзгадаў Анатоль Бутэвіч — дзяржаўны дзеяч, дыпламат, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Асаблівай увагі заслугоўвае праца Яна Скрыгана на пасадзе загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі: за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі пісьменнік стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1976). Пра тое, як разам працавалі, як называлі пісьменніка проста «дзядзька Янка», як Скрыган цікава расказваў гісторыі пра сяброўства з Цішкам Гартным, Янкам Купалам, Якубам Коласам, распавёў беларускі пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнаўца Анатоль Валахановіч. Сапраўды, пакаленне, да якога належаў Ян Скрыган, было незвычайным. Гэта пакаленне пісала, працавала і жыло з уздымам. Пра гэта ўзгадваюць не толькі літаратуразнаўцы, але і людзі, якія ведалі пісьменніка. Напрыклад, Людміла Карпава — літаратуразнаўца, якая працуе на кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ. Значная частка яе жыцця прайшла ў адным доме з пісьменнікам. Гэты дом у Мінску па вуліцы К. Маркса, 36 — незвычайны. У ім жылі Іван Навуменка, Аляксей Зарыцкі, Янка Брыль, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін. І ўспаміны пра гэтых знакамітых творцаў сталі сапраўдным падарункам для нас, чытачоў. Добрым працягам стаў і расказ Валерыі Навуменкі. Ян Скрыган быў не толькі выдатным пісьменнікам, добрым бацькам, але і любячым дзедам, які выхаваў сваіх унукаў у любові да роднага слова і роднай краіны. З далёкага амерыканскага Лос-Анджэлеса прыехаў да нас яго ўнук Юрась Скрыган. Дарэчы, каб зберагчы памяць пра знакамітага дзеда, Юрась адбудоўвае тую самую хату ў Труханавічах, дзе нарадзіўся і пачынаў сталець пісьменнік, і пратапып якой мы бачылі ў школьным музеі. Даслаў відэапрывітанне з Германіі і другі ўнук — Ян Скрыган-малодшы, які стаў прафесійным музыкантам. Дарэчы, хоць сам пісьменнік і не меў музычнай адукацыі, але ён добра адчуваў і разумеў музыку, меў абсалютны слых. Гэтая схільнасць да музыкі перадалася не толькі яго дачцэ Галіне, але і ўнуку Яну Скрыгану. На працягу ўсёй творчай сустрэчы музычныя прывітанні дарылі ўдзельнікі  эксцэнтрычна-этнічнага ансамбля «VuRaj» («Вурай») Сяргей Долгушаў і Яўген Курыльчык. Замест эпілогу Юрась Скрыган, унук Яна Скрыгана, Лос-Анджэлес (ЗША): — Прыемна адчуваць, што на Капыльшчыне з асаблівай павагай ставяцца да памяці аб Яне Скрыгане. Гэта робяць не толькі настаўнікі (значыць, дарослыя людзі), але і дзеці. І робяць яны ўсё шчыра. Зараз я працую над рэканструкцыяй хаты, дзе нарадзіўся і вырас дзядуля. У кожны свой прыезд я наведваю Труханавічы. Хочацца, каб такія сустрэчы як мага хутчэй пачалі адбывацца менавіта ў той самай хаце. Алена Міхайлоўская, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: — Сапраўды адбылася цікавая і карысная сустрэча. Я вельмі рада, што мела прыемную магчымасць пазнаёміцца з такімі цікавымі творчымі людзьмі. Але… Але я шкадую, што тут не прысутнічалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з нашага раёна. Для іх гэтая імпрэза мела б асабліва вялікае значэнне. Таму прапаноўваю, каб у наступны раз удзел у падобным падарожжы прынялі і нашы педагогі, і вучні. Асаблівыя словы ўдзячнасці — дырэктару Каменскага ВПК д/с-СШ Галіне Васілевіч і ўсяму калектыву ўстановы за цёплы прыём. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей