— Мы вельмі любім тую справу, якой займаемся, — гаворыць мастацкі кіраўнік Галіна Віктараўна Дрожжа. — Заўсёды імкнёмся да таго, каб стварыць нешта новае і цікавае. У нас часта праходзяць пасяджэнні клуба, сустрэчы, майстар-класы. Мы імкнёмся зрабіць так, каб наша клубная ўстанова стала роднай і блізкай для кожнага чалавека. І таму ўсю сваю энергію накіроўваем на арганізацыю змястоўнага, цікавага і карыснага адпачынку насельніцтва.
— Выставы, агеньчыкі, гульнёвыя праграмы, літаратурна-пазнавальныя гадзіны, літаратурна-музычныя кампазіцыі, абмен вопытам у рамках клуба «Лоцвінскія ўдалухі», дыскусіі, літаратурныя турніры, дабрачынныя акцыі, — пералічвае кіраўнік гуртка Валянціна Антонаўна. — Дзе мы толькі не ўдзельнічалі! Да таго ж, і частыя госці на фермах, палях, збожжатаках, у майстэрнях гаспадарак. Для чалавека працы мы ладзім міні-канцэрты, вясёлыя хвіліны, віншавальныя паштоўкі з днём нараджэння і перадавікам. Не абмінаем і маланаселеныя і аддаленыя вёскі.
— Акрамя вядомых «Удалух», якія яшчэ аб’яднанні працуюць пры Лоцвінскім цэнтры аматарскай творчасці?
— Яшчэ пяць клубных фарміраванняў, — адказвае Галіна Віктараўна і дапаўняе: — Клубы «Вясковыя кнігалюбы» і «Церамок», вакальны гурт «Вяночак», гурток сольных спеваў «Добры настрой», тэатральны гурток.
— Што цікавага адбылося ў вашым творчым жыцці на працягу Года культуры?
— Мы прымалі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, — гаворыць Галіна Віктараўна. — Па-першае, у раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага агляду-конкурсу «Новыя імёны Беларусі» (атрымалі сертыфікат за ўдзел). Далей быў удзел у раённым фестывалі кірмашовых праграм «Кірмашовыя дзеі спрадвеку няслі весялосць чалавеку», які праходзіў у нашым раённым Цэнтры культуры. Частавалі капылян і гасцей горада падчас правядзення свята Масленіцы.
— Жартавалі мы і на абласным фестывалі гумару «Я — пякучка Крапіва», які праходзіў ва Уздзе, — дапаўняе Валянціна Антонаўна. — За гэта ўзнагароджаны дыпломам. Падрыхтавалі цікавую праграму для ўдзелу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку мерапрыемства па асновах бяспекі, што адбыўся ў Песачанскім ЦКіВЧ. А хіба ж забудзеш «Вясковую катавасію ў бібліятэцы» (так называўся раённы семінар бібліятэкараў)! Сама назва гаворыць за сябе!
— Разам з хлебаробамі пачыналі жніво ў раённых «Зажынках», — усміхаецца Галіна Віктараўна, — а потым і завяршалі падчас раённых «Дажынак». Прадстаўлялі сваю творчасць і на свяце горада Капыля. Разам з жыхарамі раёна адсвяткавалі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
— І зусім нядаўна частавалі беларускімі прысмакамі веруючых, якія далучыліся да святкавання 150-годдзя Спаса-Узнясенскага храма г. Капыля, — гаворыць Валянціна Антонаўна.
— Так, смак вашых страў вядомы не толькі ў нашым раёне. Дзе бераце рэцэпты? Многае з прыгатаванай вамі ежы можна пакаштаваць толькі ў вас.
— Гэта наш творчы сакрэт, — загадкава ўсміхнуўшыся, гаворыць Галіна Дрожжа. — Але нічога, для чытачоў раёнкі мы крыху яго раскрыем. Па-першае, мы працуем з насельніцтвам, з тымі жанчынамі, якія яшчэ памятаюць, што гатавалі іх мамы і бабулі. Па-другое, нешта выкарыстоўваем і са сваіх рэцэптурных запісаў.
— А па-трэцяе, — падказвае Валянціна Шыманская, — мы і самі прыдумаць можам, дарэчы, як і любая гаспадыня. Бяром які-небудзь рэцэпт, гатуем па ім страву, каштуем і… Вось тут і пачынаецца самае цікавае — эксперымент. Нешта дабаўляем, нешта, наадварот, выкідваем, — і атрымліваецца новая, амаль эксклюзіўная страва!
Не верыце? Паспрабуйце і самі пераканайцеся.
Мёд з гарбуза 1 кг ачышчанага гарбуза, 300 г цукру, карыца і гваздзіка па гусце. Гарбуз перакруціць на мясарубку, дадаць цукар, змяшаць. Даць пастаяць, пакуль не пачне выдзяляцца сок. Затым варыць на маленькім агні, пастаянна адліваючы сок у іншы посуд. Затым у гэты сок дадаць карыцу і гваздзіку, дагатаваць да гушчыні смятаны. Салёная капуста На 10 кг нашынкаванай капусты — 300 г морквы, 300 г буракоў, 300 г гарбуза, 300 г журавін, 200 г кораня хрэну, 0,5 кг яблыкаў (антонаўка). Расол кіпячоны астылы: 4 л вады, 1 шклянка буйной солі, 0,5 шклянкі цукру. Капусту скласці ў вялікую ёмістасць, дадаць пацёртыя на буйной тарцы хрэн, буракі, гарбуз, моркву. Яблыкі парэзаць долькамі. Усё змяшаць, заліць расолам, засыпаць журавіны. Пакласці кружок, а на яго груз. Расол павінен пакрываць капусту цалкам. Праз тыдзень капуста гатовая. Гарбузовы пірог 4 яйкі, 1 шклянка цукру, 1 шклянка смятаны, 1 шклянка мукі, 0,5 лыжкі разрыхляльніка, 2 шклянкі гарбуза, пацёртага на буйной тарцы. Узбіваем яйкі з цукрам, затым дадаём астатнія інгрэдыенты, усё змешваем і выліваем у форму, змазаную сметанковым маслам. Ставім у разагрэтую духоўку на 15-20 хвілін. Яблыкі, мочаныя з рабінай 5 кг яблыкаў, 5 кг рабіны, 0,5 кг цукру, 3,5 лыжкі солі, 10 літраў вады. Падрыхтаваныя яблыкі і рабіну пакласці ў бочку (вядро) і заліць ахалоджаным растворам, прыгатаваным з вады, цукру і солі. Вытрымаць у прахалодным месцы 30 дзён. Марынаваная пятрушка Марынад: 1 літр вады, 1,5 сталовай лыжкі солі, 3 сталовыя лыжкі цукру, 1 лаўровы ліст, 2 зубчыкі часнаку, 1 шклянка 9% воцату. Зеляніну пятрушкі здрабніць. Пакласці ў банкі, дадаць спецыі, заліць марынадам. Стэрылізаваць 10 хвілін, закатаць. Аджыка «Восеньская» 5 кг кабачкоў, 1 шклянка алею, 1 шклянка часнаку, 1,5 шклянкі цукру, 2 сталовая лыжкі солі, 1 чайная лыжка чырвонага молатага перцу. Кабачкі пацерці на буйной тарцы, часнок прапусціць праз часночніцу. Усё змяшаць, дадаць астатнія інгрэдыенты і тушыць 30 хвілін. Раскласці ў банкі. Закатаць. Суп-пюрэ з гарбуза 60 г сметанковага масла, 1 цыбуліна, 0,5 кг гарбуза, заправа курыная. Цыбуліну пакрышыць і абсмажыць на сметанковым масле, затым дадаць парэзаны кубікамі гарбуз, уліць трохі вады і тушыць 15-20 хвілін. Дадаць запраўку і ўсё ўзбіць блэндэрам. Запісала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Комментарии