Семежаўская птушка ідзе нарасхват як у фірменным магазіне аграгарадка, так і на аб’ектах гандлю вобласці і рэспублікі. Ад рэалізацыі дыетычнага мяса толькі ў гэтым го- дзе атрымана 32 млн рублёў пры рэнтабельнасці 7%.
Гадаваць курэй цікава і прыбыткова. Яны хутка растуць, даюць высакаякаснае дыетычнае мяса, таму што яно ўтрымлівае 18 - 22% пратэіну. Кормяць 3 - 4 разы на дзень, з улікам іх віду і ўзросту. Сутачны рацыён дарослай птушкі павінен складацца з пажыўных камбікормаў, якія дапамагаюць ёй расці хутка.
У вытворчым сельскагаспадарчым кааператыве «Семежава» ведаюць толк у птушкагадоўлі, якая для гаспадаркі з’яўляецца добрай дапамогай у выкананні праграмы “Мяса”. Вось ужо на працягу пяці гадоў птушкаферму ўзначальвае Наталля Трухан.
- Пад вырошчванне курэй у нас адведзена чатыры памяшканні, дзе, дзякуючы камп’ютарнаму забеспячэнню, якое рэгулюе газавае ацяпленне, у памяшканнях фермы заўсёды падтрымліваецца пастаянная тэмпература. Для дарошчвання закупляем сутачных куранят, - расказвае Наталля Мікалаеўна. – Дзякуючы кіраўніцтву, галоўным спецыялістам сельгаспрадпрыемства заўсёды маем добры запас кармоў, што дазваляе ажыццяўляць 8 пасадак куранятаў за год (адна пасадка – больш за 22 тысячы галоў). За 42 – 45 дзён птушка дасягае да 2,6 кг у жывой вазе. Увогуле адзін вывадак дае 30 – 32 тоны дыетычнага і, што немалаважна, смачнага мяса.
Каб выгадаваць куранят, неабходна строга выконваць санітарна-эпідэміялагічны рэжым, проста кажучы – пастаянную руцінную работу. Для гэтага сумесна з ветэрынарнай службай гаспадаркі праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы хвароб на птушкаферме, заўсёды ў запасе (на ўсялякі выпадак) неабходны пералік лекаў. Усё гэта спрыяе добраму захаванню пагалоўя. На працягу трох дзён пасля здачы птушкі на мясакамбінат вядзецца ачыстка памяшкання. Для падсцілкі завозіцца пілаванне, якое добра высушваецца. Пасля гэтага яшчэ раз праводзіцца апрацоўка дэзрастворамі – і памяшканне гатова прыняць новую шматтысячную партыю.
Птушкагадоўля ў гаспадарцы развіваецца дзякуючы вялікай карпатлівай рабоце ўсяго калектыву. І ёсць вынік, бо кожны пранікаецца агульнай справай, працуе не толькі на фінансавую стабільнасць гаспадаркі, але і на свой дабрабыт.
Сяргей ЛАЗОЎСКАГА
НА ЗДЫМКУ: Наталля Трухан са сваімі гадаванцамі
Фота аўтара
Комментарии