Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

37

І раскідаў лёс па ўсім свеце…

31.12.2010
“Уклад у сусветную культуру ўраджэнцаў Капыльшчыны, якія эмігрыравалі на пачатку ХХ стагоддзя”, так называецца праект, аўтарам якога выступіла старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Таццяна Варанцова. Дадзеная работа адзначана Дыпломам у конкурсе “Гісторыя ХХ стагоддзя ў адукацыі дарослых”. 17 снежня бягучага года ў Мінскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся форум з удзельнікамі дадзенага конкурсу. Рэалізацыя праектаў, дасланых на конкурс, ажыццяўлялася дзякуючы прадстаўніцтву зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e. V” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь. Як паведаміла дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, тэма праекта была выбрана не выпадкова, паколькі гісторыя эмігрантаў з Капыльшчыны была мала вывучана, а вядомыя імёны за межамі краіны заставаліся невядомымі на нашай зямлі. Прыкладам могуць служыць паэтэса Зоф’я Манькоўская (Тшашчкоўская) з Дарагавіцы, якая 25 год пражыла па-за межамі радзімы, аднак пахавана на Капыльшчыне ў в. Бабоўня; вядомая амерыканская пісьменніца Іда Мазэ, якая эмігрыравала ў ЗША, і кампазітар Марвін Духаў (Адухоўскі), ураджэнцы вёскі Вуглы; вядомы інжынер-будаўнік, па праектах якога пабудаваны шматлікія масты ў ЗША, Ян Сільвестр Наркевіч-Ёдка, які нарадзіўся ў в. Кацельнікі і эмігрыраваў ў ЗША,  потым у Польшчу. Сярод эмігрантаў у Польшчы ёсць і Казімір Петрусевіч, ураджэнец вёскі Душава, дэлегат І з’езда РСДРП, вядомы адвакат, які абараняў Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Танка, пасля Вялікай Айчыннай вайны – член Вярхоўнага суда Польскай Народнай Рэспублікі. Імя паэта Леанарда Пагорскага-Аколава, які нарадзіўся ў вёсцы Рымя (зараз Дусаеўшчына), часта звязваюць з польскай літаратурай. Аднак дзякуючы любові да родных мясцін у яго нараджаецца зборнік “Беларусь” (1924 год), які па меркаванні сучаснікаў стаў вяршыняй паэтычнай творчасці паэта, і дзе неаднаразова сустракаецца ўспамін пра Капыль. У гісторыю беларускай літаратуры на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў увайшло нямала творцаў, чыя літаратурная спадчына стваралася на польскай мове, але па сваім змесце была і застаецца цесна звязанай з беларускай рэчаіснасцю. Сярод іх і пісьменніца Міхаліна Даманская з вёскі Чыжэвічы, творы якой напісаны па-польску. Застаецца толькі спадзявацца, што з цягам часу вядомыя творы нашай зямлячкі будуць перакладзены на беларускую мову. Сёння, у рамках рэалізацыі дадзенага праекта, праведзены пошук біяграфічных і фактычных звестак эмігрантаў з Капыльшчыны. Вынікам рэалізацыі праекта сталі стварэнне перасоўнай выставы і выданне буклета (зараз ён знаходзіцца ў друку). З дадзеным праектам, які разлічаны на дарослую аўдыторыю, музей плануе аб’ехаць Капыльскі раён. І зрабіць гэта будзе нескладана, таму што рэалізацыя праекта прадугледжвае зручныя планшэты-трансформеры, дзякуючы якім нават у глыбінцы можна будзе даведацца пра лёс сваіх землякоў, якія эмігрыравалі на пачатку ХХ стагоддзя. Першае знаёмства капылян з праектам адбудзецца ўжо ў студзені 2011 года. Таццяна БОХАН Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей