Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

66

Мы с детства, опаленного войной

09.11.2016
Хлопчыкі і дзяўчынкі, у чый лёс увайшла Вялікая Айчынная, з вялікай павагай адносіліся да сваіх настаўнікаў, асабліва тых, хто мужна змагаўся за Радзіму. У 5-ым класе пачалі выкладаць новыя прадметы. Напрыклад, нямецкую мову. «Чаму нямецкая мова? — пыталіся мы адзін у аднаго. — Гэта ж мова ворагаў нашых». Гэта пытанне больш не ўзнікла, калі на ўрок прыйшла маладая, з прычоскай і прыгожымі блакітнымі вачыма Маркоўнік Вольга Захараўна. Яна адразу растлумачыла, чаму трэба ведаць нямецкую мову: многія савецкія разведчыкі, валодаючы ёю, прыбліжалі перамогу над ворагам у гады вайны. Па-другое, гэта мова не толькі фашыстаў. Па-нямецку размаўлялі Ёзаф Рэнтген, Роберт Кох, Альберт Эйнштэйн, Дызель. Зразумела, мы нічога не ведалі пра гэтых вучоных. Але пазней, у старэйшых класах, неаднойчы сустракаліся з іх вялікімі адкрыццямі ў медыцыне і тэхніцы. Вольга Захараўна і пра сябе расказала, што веданне нямецкай мовы дапамагло ёй ужо пасля вайны ўладкавацца на работу ў адну з вайсковых часцей у Германіі, дзе справаводам служыў яе муж Гарашчэня Васіль Андрэевіч, афіцэр Савецкай Арміі. У час вайны Васіль Андрэевіч абараняў Маскву, Сталінград, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. Вольга Захараўна таксама актыўны абаронца Айчыны. Была сувязной у партызанскім атрадзе імя Кутузава брыгады імя Ляонава, узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІІ ступені, многімі медалямі. Скончыўшы службу ў часцях Савецкай Арміі, сям’я Гарашчэняў вярнулася ў Капыль. Іх пасляваеннае жыццё было звязана з  нашай школай: Вольга Захараўна ў старэйшых класах выкладала рускую мову і літаратуру. Дапамагчы вучню, у якога былі цяжкасці з рускай мовай, для яе было як само сабой зразумелае. Васіль Андрэевіч выкладаў гісторыю ў школе, а з 1961 па 1979 год, да выхаду на пенсію, узначальваў нашу школу і пакінуў аб сабе самыя добрыя ўспаміны як мудры, высакародны кіраўнік і вельмі ўважлівы да кожнага настаўніка. [caption id="attachment_53022" align="aligncenter" width="560"]Педагагічны калектыў СШ № 1 г. Капыля, сярэдзіна ХХ стагоддзя Педагагічны калектыў СШ № 1 г. Капыля, сярэдзіна ХХ стагоддзя[/caption] Ішоў ужо 1953 год. Нашага дырэктара  Дземідовіча Аляксандра Пятровіча назначылі загадчыкам аддзела адукацыі. Нам было цікава, якім будзе новы дырэктар? Мы, ужо шасцікласнікі, навучыліся аналізаваць школьныя падзеі. Даведаліся, што пакуль замяняе дырэктара завуч Зянько Аляксандр Антонавіч. Ён выкладаў гісторыю ў старэйшых класах. Яго вельмі паважалі, бо ён быў высокаадукаваны, справядлівы і патрабавальны. Цаніў дысцыпліну і парадак у школе, бо суровыя франтавыя гады навучылі вялікай мудрасці таленавітага педагога. Сакавік 1953 года. У школе новы дырэктар Галіноўскі Пётр Ніканавіч. Ён вызваляў Варшаву, выконваў адказныя заданні органаў дзяржаўнай бяспекі. У 1952 годзе працаваў начальнікам Капыльскага райаддзела дзяржаўнай бяспекі, таму ў школу на працу прыходзіў спачатку ў шынялі, афіцэрскіх ботах і галіфэ. Нам, падлеткам, было вельмі цікава, як вітаць дырэктара. Але хутка ўсё стала на свае месцы. Пётр Ніканавіч быў з гумарам, уважлівы да ўсяго, што робіцца ў школе і вельмі строгі да курыльшчыкаў. Можа таму ў нашым «Б» класе юнакі не курылі. Пятру Ніканавічу не падабаліся ўмовы, у якіх мы вучыліся, хоць гэта была ўжо «вялікая» школа па тым часе: было некалькі памяшканняў, нават адно для бібліятэкі, дзе працавала Багдановіч Вера Іосіфаўна, якая прывучала нас да беражлівасці, любові да кніг. 6 «Б» вучыўся ў другую змену. На апошніх уроках запальвалі свечкі, бо электра- святло часта давала збой. Школа была перапоўнена. Да нас прыходзілі вучні з розных вёсак: Рымашоў, Бабоўні, Выні, Нізкавіч, Дусаеўшчыны, Старога Капыля і іншых. На адной са школьных лінеек дырэктар аб’явіў радасную навіну: распачата будаўніцтва новага корпуса ўстановы. Але і ў нашай «цеснай» школе бурліла цікавае жыццё. Тут працавалі таленавітыя настаўнікі, маладосць якіх была апалена вайной, але не патухла патрэба любіць і радавацца жыццю. Цікава было арганізавана супрацоўніцтва камсамольцаў-старшакласнікаў з камсамольцамі-настаўнікамі. Сумесна рыхтавалі канцэрты мастацкай самадзейнасці і спектаклі для бацькоў і жыхароў навакольных вёсак. Часта ў канцы тыдня перагародкі класных памяшканняў перарабляліся ў сцэнічныя пляцоўкі. Настаўнікі станавіліся артыстамі. Асабліва актыўнымі былі Лучыновіч Ірына Кандрацьеўна і Шыманскі Сяргей Вікенцьевіч. Цяжка было паверыць, што гэтыя настаўнікі і многія іх калегі не так даўно на сваіх плячах вынеслі жудаснае ваеннае ліхалецце. Незабыўную добрую памяць аб сабе пакінуў надзвычай таленавіты настаўнік Шыманскі Сяргей Вікенцьевіч. З 1938 па 1941 год ён — камандзір узвода ў складзе 207-га стралковага палка Паўднёвага і Бранскага франтоў. Полк трапіў у акружэнне, але наш мужны зямляк усё ж такі вярнуўся на радзіму, далучыўся да партызанскага атрада імя Чапаева, які злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі, і на Заходнім фронце ваяваў камандзірам узвода і батарэі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне». Пасля дэмабілізацыі з Савецкай Арміі ў 1947 годзе вярнуўся да любай настаўніцкай справы. Цяжка нават уявіць, чым не валодаў Сяргей Вікенцьевіч! Напрыклад, выкладаў маляванне ў 5-6 класах. Гэтыя ўрокі былі надзвычай любімымі. Спытаеце, чаму? З крэйдай у руцэ ён на дошцы маляваў, расказваў. Перад вачыма ўзнікалі акопы, бліндажы. Адна замалёўка змяняла другую. Мужныя байцы пераадольвалі ўсе перашкоды. Не менш цікавымі былі ў старэйшых класах яго ўрокі хіміі і сельгаспрацы. Найбольш трапныя моманты з гэтых урокаў настаўнік дазваляў фатаграфаваць. Вось адзін з іх. Мы — васьмікласнікі. Перад намі задача: вызначыць працэнт усходжасці насення кукурузы, якую мы павінны пасеяць на нашым прышкольна-доследным участку. Фотаздымкі рабілі самі разам з настаўнікам, бо Сяргей Вікенцьевіч вёў у школе фотагурток. Пад яго кіраўніцтвам пісаўся  летапіс школы. У 60-я гады Сяргей Вікенцьевіч быў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Многа карысных спраў на яго рахунку. З’явіўся выключны стэнд медалістаў розных выпускаў. На фотаздымку кожнага красаваўся медаль адпаведнага колеру. Уявіце сабе, без камп,ютара ў 60-я гады гэта мог выканаць толькі ён, Шыманскі С.В., рэдкі фантазёр і непаўторны фатограф. Нашу школу ў 50-я гады ўявіць сабе без Корневай Марыі Аляксееўны, Лучыновіч Ірыны Кандрацьеўны і Сергіені Людмілы Сцяпанаўны проста немагчыма. Вельмі неардынарным чалавекам і педагогам была Марыя Аляксееўна. Былая сувязістка  партызанскага атрада імя Чапаева, а потым брыгады імя Чапаева. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Яна вельмі добра ведала, як пранікнёна і праўдзіва перадаваць падзеі ваенных  гадоў на сцэне. Драматычны гурток у школе быў яе дзецішчам. Як настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а пазней і рускай мовы і літаратуры, Марыя Аляксееўна імкнулася ўбачыць сярод нас на ўроках своеасаблівыя сцэнічныя зоркі. Рамантык па характары, яна вучыла нас марыць. Яе драматычны гурток запомніўся мне на ўсё жыццё. Лучыновіч Ірына Кандрацьеўна — музыкальна адораны чалавек, артыстка, актыўная ўдзельніца святочных канцэртаў, цудоўная настаўніца матэматыкі. Суровае ваеннае ліхалецце выпала на яе долю. У партызанскім атрадзе «Камсамолец» брыгады імя Панамарэнкі праявіла сябе як мужная разведчыца і ўдалы снайпер. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны і многімі юбілейнымі медалямі. Людміла Сцяпанаўна Сергіеня таксама ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «Партызану Айчыннай вайны», медалём Жукава. У 1940 годзе скончыла Рагачоўскі настаўніцкі інстытут. Папрацаваць настаўніцай давялося нядоўга, усяго адзін год. Вайна была таму прычынай. На працягу трох гадоў была там, дзе патрабавалася яе вынослівасць, рызыка, бясстрашнасць. У складзе спецгрупы Генеральнага штаба Чырвонай Арміі Людміла Сцяпанаўна — разведчыца. Вучні 5-7 класаў добра ведалі і паважалі Людмілу Сцяпанаўну як настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, вучні старэйшых класаў (дзяўчынкі) — за спецкурс кройкі і пашыву адзення. Былыя выхаванкі Людмілы Сцяпанаўны, цяпер ужо сталыя жанчыны, з асаблівай удзячнасцю ўспамінаюць тыя ўрокі. Яе крэда: умееш сама — навучы іншых. А яшчэ памятаюць як вельмі ўдалага арганізатара культурна-масавых мерапрыемстваў, асабліва напярэдадні вялікіх дзяржаўных свят. Вельмі цёпла ўспамінаюць выпускнікі 50-70 гадоў настаўніка матэматыкі Сапешку Вітольда Андрэевіча. Настаўнік-франтавік, ён вызваляў Беларусь, Варшаву, Усходнюю Прусію. Вярнуўшыся з фронту інвалідам, ніколі не страчваў гумару, умеў кожнага падбадзёрыць на ўроку, асабліва тых, хто не быў з матэматыкай на «ты». Дубоўскі Канстанцін Іванавіч — настаўнік фізікі. З 1941 года ў складзе 1-й лыжнай брыгады і ўдарнай арміі ваяваў на Заходнім фронце, затым абараняў Маскву. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Мароз Міхаіл Сцяпанавіч ваяваў на Заходнім, Данскім, Беларускім франтах. Узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «За ўзяцце Берліна», «За абарону Сталінграда», «За вызваленне Варшавы». Такім мужным, самаадданым патрыётам быў і Гарэлікаў Анатоль Герасімавіч. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За абарону Сталінграда», «За абарону Кіева». Мароз М.С. і Гарэлікаў А.Г. пэўны час працавалі ў школе ваеннымі кіраўнікамі. Яны сваім выхаванцам-дапрызыўнікам прывівалі гонар і павагу да воінскай службы. Вось такімі мужнымі патрыётамі мы бачылі і памятаем цяпер нашых настаўнікаў-франтавікоў. На жаль, толькі адзін наш ветэран пакуль што з намі. Гэта Людміла Сцяпанаўна Сергіеня. Астатнім — вечная памяць. Ніхто не забыты, нішто не забыта. Анна АРЛОЎСКАЯ, старшыня ветэранскай арганізацыі гімназіі № 1 г. Капыля  імя М.В. Рамашкі

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей