На яго былі выкліканы жыхары Сл.-Кучынскага сельсавета, якія маюць схільнасць да ўжывання алкагольных напіткаў, а іх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама абавязаныя асобы і людзі, што парушаюць працоўную і грамадскую дысцыпліну. У рабоце каардынацыйнага цэнтра прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, пракурор Капыльскага раёна Арцём Ляўша, прадстаўнікі РАУС, РАНС, УАЗ «Капыльская ЦРБ» і іншых зацікаўленых служб.
Пры сельвыканкаме згодна з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» створаны Савет грамадскага пункта аховы правапарадку, які штомесячна праводзіць свае пасяджэнні. Пра гэта расказала старшыня Сл.-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева. Яна адзначыла, што паводзіны ўсіх грамадзян, якія ў гэты дзень знаходзіліся ў зале, неаднаразова абмяркоўваліся на пасяджэннях Савета. Усяго ж у 2016 годзе прайшло 10 пасяджэнняў, на якіх разгледжана 99 спраў. Штоквартальна праводзяць аналіз стану прафілактычнай работы з вывучэннем прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць правапарушэнням і п’янству сярод жыхароў сельсавета, аналіз пажарнай бяспекі. На працягу года арганізоўваюць рэйды з наведваннем асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. «У выніку нашай работы шэраг грамадзян звярнуліся па кансультацыю да ўрача-нарколага або прайшлі лячэнне, каб пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці, — адзначыла Нэлі Эдуардаўна. — За бягучы год чатыры чалавекі былі накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Аднак нягледзячы на ўсю прафілактычную работу, у якой нам дапамагаюць сельгаспрадпрыемства, установы адукацыі і аховы здароўя, на жаль, на тэрыторыі сельсавета колькасць злачынстваў і процівапраўных парушэнняў не змяншаецца».
Сярод тых, каму давялося ў гэты дзень трымаць адказ за свае не самыя лепшыя ўчынкі, было нямала жанчын. З аднаго боку, такая ўвага да прадстаўніц слабога полу зразумелая, паколькі ад жанчыны ў многім залежыць утульнасць у доме і цяпло сямейнага ачага. Аднак засмучае тое, што менавіта яны часта мяняюць любоў і пяшчоту сваіх дзяцей на задавальненні ў выглядзе папоек у сумніцельнай кампаніі або разам з мужам, што яшчэ больш небяспечна для маленькіх дамачадцаў.
Апошняе, у прыватнасці, тычыцца Алены і Максіма Е., якія неаднаразова былі заўважаны ў стане алкагольнага ап’янення, а жанчына нават двойчы прыцягвалася па гэтай прычыне да адміністрацыйнай адказнасці. Сям’я стаіць на ўліку, паколькі знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а ў ёй выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Алене, для таго каб іх не страціць, неабходна будзе да 1 лістапада прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці.
Некалькі іншая сітуацыя ў Іны Б., якая жыве са сваім мужам у в. Харытонаўка. Яна сем гадоў таму ўжо страціла дачку і таму адносіцца да ліку абавязаных асоб. За гэты час назапасілася запазычанасць у 78 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). Ужо двойчы Іна прымусова змяшчалася ў ЛПП. Зараз працуе ў ААТ «Старыца-Агра» і 75% ад заробленага павінна пералічваць у даход дзяржавы. Для таго, каб сума запазычанасці змяншалася хутчэй, каардынацыйным цэнтрам рэкамендавана адміністрацыі сельгас- прадпрыемства перавесці жанчыну на іншую працу.
Ніяк не адрамантуе печку і тым самым можа справакаваць пажар у доме «група таварышаў», якая сужыцельствуе ў вёсцы Русакі. Двое мужчын і дзве жанчыны злоўжываюць спіртнымі напіткамі, кураць — а гэта, як паказвае практыка, толькі на крок аддзяляе ад бяды. Для гаспадара дома Валерыя К. устаноўлены тэрмін — 1 лістапада, да якога печ неабходна прывесці ў парадак.
Раглядаліся на пасяджэнні справы двух работнікаў ААТ «Старыца-Агра»: адзін з іх — Сяргей В. — мае ўсяго 23 гады, Аляксандру Д. ужо 55. А аб’ядноўвае іх тое, што абодвух не дапускалі да работы (прычым неаднойчы), паколькі перад пачаткам працоўнага дня алкатэст паказваў станоўчы рэзультат. Неяк патлумачыць свае паводзіны мужчыны не змаглі. А таму будуць заставацца пад пільнай увагай адпаведных служб.
Па-рознаму ўспрымалі крытыку ў свой адрас людзі, паводзіны якіх былі вынесены на агульны разгляд. Нехта апускаў галаву і ўсім сваім выглядам паказваў, што яму сорамна. Былі і такія, хто лічыў, што лад жыцця, які яны вядуць, тычыцца толькі іх саміх. Аднак яны не разумеюць самае важнае: усе гэтыя душавыратавальныя размовы вядуцца не дзеля таго, каб даць справаздачу аб выкананні нейкага мерапрыемства. Яны накіраваны на выратаванне сям’і і самага галоўнага яе багацця — дзяцей.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии