Прэмія ад Прэзідэнта
Навучэнка 11 «А» класа гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі Марына Нікалаеня ў другі раз атрымала пасведчанне аб узнагароджанні першай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Яна з’яўляецца пераможцай заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Дарэчы, гэта ўжо трэцяе яе паспяховае выступленне.
Наводзяць парадак
Да 1 лістапада неабходна завяршыць работы па навядзенні парадку ў раёне.
Менавіта гэтым днём закончыцца аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Штодня працуюць у гэтым напрамку ў сельсаветах, там у навядзенні парадку ў асноўным задзейнічаны супрацоўнікі аб’ектаў сацыяльнай сферы. Прыходзяць ім на дапамогу і гараджане. Так, неаднаразова выязджалі на работы па добраўпарадкаванні супрацоўнікі Капыльскай ЦРБ, райЦГЭ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, фінансавага аддзела і іншых службаў райвыканкама, Капыльскай ЖКГ, райспажыўтаварыства, вучэбнага камбіната.
Прапаноўвалі капыльскае
У міжрэгіянальным кірмашы, што прайшоў у мінулыя выхадныя ў Салігорску, прынялі ўдзел капыльскія прадпрыемствы.
Так, на ім працавалі палаткі райспажыўтаварыства, якія прапаноўвалі пераважна кандытарскія вырабы і шашлыкі, а таксама кааппрама, якія рэалізоўвалі мяса, каўбасныя вырабы сваёй вытворчасці. Продажам агародніны займалася сялянска-фермерская гаспадарка «Мыслі». У гэтыя выхадныя капыляне прымуць удзел у кірмашах у Слуцку і Нясвіжы.
Маркетынг у дзеянні
Кожны сельвыканкам атрымаў даручэнне распрацаваць буклет, у якім будуць знаходзіцца звесткі пра пустуючыя сядзібы і ўчасткі, якія падпадаюць пад дзеянне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 100.
Гэта значыць, могуць быць прададзены любому жадаючаму па кадастравым кошце. Такія буклеты будуць распаўсюджвацца як у Капыльскім раёне, так і за яго межамі.
Даведаліся пра прафесіі
На базе Капыльскага дзяржаўнага каледжа прайшла квест-гульня «Ключы ад прафесій». У ёй прынялі ўдзел вучні дзявятых класаў СШ № 2 і СШ № 3 г. Капыля.
Юнакі і дзяўчаты атрымалі інфармацыю пра каледж і спецыяльнасці, якія там можна атрымаць, а таксама паспрабавалі свае ўменні ў розных прафесіях.
Да юбілею храма
23 кастрычніка 2016 года Спаса-Узнясенскі храм г. Капыля адзначыць свой 150-гадовы юбілей.
У гэты дзень у храме ў 9.30 пачнецца ўрачыстае набажэнства, якое ўзначаліць Праасвяшчэнны Антоній епіскап Слуцкі і Салігорскі ў саслужэнні Праасвяшчэннага Веньяміна епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага, а таксама духавенства Слуцкай епархіі і запрошаных гасцей.
Пасля святочнага набажэнства ў 14.00 у РЦК адбудзецца святочны канцэрт, прысвечаны юбілею храма.
Маргарыта САКОВІЧ, Дзіяна ТКАЧЭНКА і Сяргей Козел
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии