Экспазіцыя дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці пад агульнай назвай «Памятаем мінулае, шануем сучаснае, думаем пра будучае» адзначана Дыпломам I ступені на III Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», які завяршыўся ў Магілёве.
Ад Міншчыны ўдзел прымалі 12 музеяў, у іх ліку — Капыльскі раённы краязнаўчы музей з экспазіцыяй «Катастрофа і памяць пра яе: Капыль — гісторыя яўрэйскай культуры».
Расказвае дырэктар музея Валянціна ШУРАКОВА:
— Экспазіцыя Мінскай вобласці аб’яднала ў сабе нашы вытокі, вечныя гістарычныя каштоўнасці, багацце душы і светапогляду розных пакаленняў, імкненне данесці і пакінуць усё гэта ў спадчыну нашчадкам. Каб яны ведалі, паважалі, памяталі і ганарыліся тым, што стваралі і абаранялі іх продкі, каб з гонарам працягвалі распачатае.
Удзел у своеасаблівай выставе прынялі каля 200 устаноў. Найважнейшая частка форуму — прафесійны конкурс. У міжнародным журы на чале з дырэктарам расійскай Траццякоўскай галерэі Зельфірай Трэгулавай — эксперты з Літвы, Польшчы, Эстоніі. На ўсе музеі Беларусі — толькі пяць намінацый. А таму ва ўсіх катэгорыях справядліва першыя месцы падзялілі на дваіх.
Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў: «Калі параўноўваць Нацыянальны музей з музеем краязнаўчым горада Капыля, канешне, хто атрымае Гран-пры? Таму мы проста адмовіліся ад гэтага Гран-пры. Можа, мы вернемся да яго праз пару гадоў».
НА ЗДЫМКУ: Барыс Святлоў (справа) з супрацоўнікамі Капыльскага раённага краязнаўчага музея.
Комментарии