9 кастрычніка для паштавікоў адметнае. Менавіта ў гэты дзень у 1874 годзе ў Швейцарыі адбыўся кангрэс, па рашэнні якога быў утвораны Сусветны паштовы саюз.
Цяпер у яго склад уваходзіць 191 дзяржава, уключаючы і нашу краіну. А ў 1969 годзе па рашэнні XVI кангрэса Сусветнага паштовага саюза, які праходзіў у Токіо, было вырашана заснаваць Сусветны дзень пошты. Уласна кажучы, яго прадстаўнікі паштовай сувязі і святкуюць. Нягледзячы на тое, што папяровую карэспандэнцыю ўпэўнена выцясняюць пошта электронная і сацыяльныя сеткі, такая сувязь па-ранейшаму запатрабаваная і працягвае заставацца самым даступным масавым сродкам зносін у свеце.
Капыльскія паштавікі таксама знаходзяцца ў так званай «сусветнай паштовай павуціне». Штомесяц праз сартавальны пункт раённага вузла паштовай сувязі праходзіць каля тысячы міжнародных адпраўленняў. Прычым каля 500 з іх прыходзіць да нас і звыш 400 накіроўваецца ў іншыя краіны.
Найбольшую колькасць паштовых адпраўленняў складаюць пасылкі і пісьмы. Іх геаграфія самая разнастайная. Гэта Кітай і Расія, Украіна і Германія, Казахстан і Ізраіль, краіны Прыбалтыкі і ЗША і многія іншыя. А вось што датычыцца перыядычных выданняў, то нашы землякі з замежжа выпісваюць пераважна расійскія, і ў асноўным гэта часопісы. Для больш хуткай дастаўкі замежнай карэспандэнцыі выкарыстоўваюцца паслугі паскоранай пошты.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии