Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

60

Завары, мама, чаю...

03.10.2016
Пасярод нашай вёскі стаяла маленькая хацінка. Такая маленькая, што ў ёй умяшчаліся толькі печ, ложак ды кухонны столік, ці, як яго называлі, судня. А яшчэ лаўка-карацелька, на якую маглі сесці не больш за два чалавекі. Саду вакол ніякага не было, так, нейкі чэзлы куст бэзу ды кусты два-тры здзічэлых карослівых парэчак, якія даўно ўжо не давалі ягад. Прама за хацінай ямілася лагчына, у якой да канца лета стаяла талая вада. Але летам яна станавілася добрым лужком, дзе на вяроўцы да самай восені пасвілася цялё. Ды яшчэ бліжэй да хаты расла добрая капуста. Качаны вырасталі такія, што, як казалі вяскоўцы, адзін у дзежку ўлезці не мог. У гэтай хаціне жыла салдацкая ўдава Таццяна. Муж яе загінуў у першыя дні вайны, хату спалілі немцы. Вось і навазілі яны з сынам Валодзькам бёрнышкаў, якія маглі падняць, зляпілі той катушок ды сенчыкі такія ж маленькія прыладзілі, каб снег у дзверы не задуваў. %d0%b6%d0%b5%d0%bd%d1%89%d0%b8%d0%bd%d0%b0 Была Таццяна зусім непісьменная. Але працавала ў полі без пярэдыху, прычым усё роўна на чыім — сваім ці калгасным. Да людзей ставілася вельмі паважліва, усіх называла панамі і паненкамі. Мяне, сямігадовага хлапчука, вельмі ўразіла, калі на маё прывітанне яна кіўнула галавой і сур’ёзна сказала: — Драстуй, пан! Таццяна не хадзіла ні на якія вясковыя гулянкі, не ездзіла не тое што ў райцэнтр, а нават і ў суседнія вёскі. «Што я там не бачыла? — гаварыла яна. — Такія ж людзі, як мы, жывуць». Не было ў яе хаце ні газет, ні радыё. А калі на вуліцы праводзілі электрычнасць, доўга не згаджалася, каб ёй правялі святло. «Навошта яно мне, — даводзіла суседкам, — мне і пры лямпе добра бачна. А тут яшчэ грошы плаці…» Усё ж такі Таццяну ўгаварылі, святло ёй правялі. Калі ж уключылі лямпачку на 60 ват, то загадала зняць яе і паставіць меншую, бо «глядзець на яе балюча». А цяпер час расказаць пра Валодзьку. Скончыўшы сем класаў, ён паехаў у Данбас. Там паступіў у ФЗН, застаўся пасля яе працаваць у шахце. Дадому наязджаў рэдка, але грошы маці прысылаў рэгулярна. Яна іх акуратна загортвала ў квітанцыю і хавала за закопчаны партрэт мужа. Дадому Валодзька завітаў недзе ў 65-м. Прыехаў у блішчастых чаравіках, карычневым капелюшы, плашчы з балонні і пры шырэзным гальштуку. З райцэнтра прыехаў на наёмным легкавіку, прывёз два вялізныя чамаданы. Маці спачатку не пазнала сына. Голас яго стаў густым, калі не грубым, нейкім хрыплаватым, хоць ён і не курыў — пэўна, пыл вугальны назаўсёды засеў у горле. Мо таму і не адчыняла доўга, усё дапытвалася: хто ды што? Нарэшце адкрыла, упусціла ў хату. Тут і ахнула: пан, ну, дальбог, пан! Сын распакаваў чамаданы, уручыў маці падарункі — цёплую кофту зялёнага, як іхні лужок, колеру, хатнія тапачкі, якія яна зроду не насіла, квяцістую хустку. Потым пачаў выкладваць прадукты: бляшанкі з чорнай ікрой, шпротамі, пячонкаю траскі, бразільскай кавай, цэйлонскім чаем, бутэлькі з бальзамам і каньяком. Вечарам да Валодзькі завіталі ягоныя школьныя дружбакі. Сядзелі, выпівалі, закусвалі, курылі доўгія заморскія цыгарэты. Пад канец бяседы Валодзька даў маці прыгожы пачак з намаляваным на ім ніколі нябачаным зверам-сланом і сказаў: — Завары, мама, чаю. Газу тады яшчэ ў вёсцы не было — ні прыроднага, ні балоннага. Таццяна распаліла ў сенчыках керагаз, паставіла на яго вялікую каструлю з вадой. Гарбаты яна раней і ў вочы не бачыла, не ведала не толькі яе смаку, але і як яе гатуюць. Калі закіпела вада, усыпала туды цэлы двухсотграмовы пачак заваркі, пачала памешваць. Заварка разапрэла, разбухла, але на погляд гаспадыні варыва было рэдкаватым. Тады яна пачысціла некалькі бульбін, парэзала дробненька і ўсыпала ў каструлю. «Нечым жа заправіць трэба», — падумала Таццяна. Парэзала кавалак сала, пакрышыла цыбуліну і, пасмажыўшы, усё гэта ўліла ў гатовую ўжо страву. А сын ужо некалькі разоў гукаў з хаты: — Мама, ці хутка чай будзе? — Зараз, зараз, сынок, нясу. Таццяна разліла «чай» па місках, уклала лыжкі, унесла ў хату. Навокал разнёсся незразумелы, экзатычны водар смажанай цыбулі, сала і гарбаты. У місках зверху плавалі кавалачкі цыбулі і скваркі. Валодзя ўтаропіўся на ніколі не бачанае ім блюда: — І што гэта, мама? — Ты ж чай прасіў. Дык вось, гатова, бярыце лыжкі, сёрбайце… Сын ашалела глядзеў то на маці, то на міскі. Потым схапіўся за жывот і ледзь не споўз на падлогу са смеху. Рагаталі і хлопцы. Таццяна стаяла склаўшы рукі на жываце і няўцямна глядзела на вясёлую кампанію: мо перабралі хлопцы таго каньяку? Нарэшце Валодзька, усхліпваючы і выціраючы слёзы, звярнуўся да маці: — Гэта ж не есці, а піць замест вады. Чаю трэба адну-дзве невялікія лыжкі на шклянку, а не цэлы пачак… — А халера яго ведала, як той чай гатаваць. У наступны раз сам вары, — пакрыўдзілася маці і выйшла з хаты. …З таго часу ў вёсцы, калі гаспадыня што-небудзь нясмачна гатавала, ёй гаварылі: «Ну, ты і згатавала! Гэтак жа, як Таццяна чай». Іван СУРМАН,  няштатны карэспандэнт «СП»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей