У яе было ўсё, што неабходна сапраўднаму педагогу: талент, душэўная цеплыня, розум, чуласць, цярпенне, невычэрпная энергія. Выхаванню маладога пакалення аддадзены лепшыя 33 гады жыцця. І вось 1 кастрычніка Тамара Міхайлаўна Дзенісюк з в. Слабада-Кучынка адзначыла 80-гадовы юбілей.
Наша любімая настаўніца ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога і Капыльскага раённага аддзелаў адукацыі, медалём «Ветэран працы». Аднак галоўнай радасцю для Тамары Міхайлаўны з’яўляецца ўдзячнасць нас, вучняў, якія заўсёды паважалі яе за выдатнае веданне прадмета, за эрудыцыю і метадычнае майстэрства, а часам за матчына стаўленне.
Тамара Дзенісюк (у дзявоцтве Шкілевіч) нарадзілася ў гарадскім пасёлку Капыль 1 кастрычніка 1936 года, і што цікава — на Дзень настаўніка. У сям’і было чацвёра дзяцей. На яе дзіцячых вачах прайшла вайна: бамбёжкі, гібель мірных жыхароў, голад. Пасля вызвалення Капыльшчыны пайшла ў першы клас. Мама, Аляксандра Якаўлеўна, здолела справіць дачцэ і сыну на дваіх абутак, пашыты з аўтамабільнай пакрышкі, і безрукаўку. Насілі ўсё гэта па чарзе: Тамара займалася ў першую змену, брат — у другую. Вучыліся па хатах. Адзіны на 30 чалавек падручнік па геаграфіі быў распісаны па гадзінах на ўвесь вечар. Па чарзе дзеці прыносілі дровы для ацяплення памяшкання. Здольная да ведаў дзяўчынка, хутка засвоіўшы грамату, пасылала лісты на фронт бацьку. А той у адказ прасіў падзякаваць настаўніцы. Гэты ліст класны кіраўнік прачытала перад усім класам і расплакалася: на вайне загінуў яе муж.
Вызначальным для Тамары стаў 1954 год. Менавіта тады выпускніца Капыльскай (рускай) школы, перакананая ў сваім педагагічным прызванні, паступае ў Брэсцкі педагагічны інстытут на хіміка-біялагічны факультэт. У 1959 годзе яна, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, па размеркаванні трапляе ў вёску Галынка Клецкага раёна. У той час настаўніка на вёсцы вельмі паважалі. Знайшлі самую добрую хату для жылля. Гаспадыня адвяла лепшы пакой, дзялілася прадуктамі і адмовілася ад платы кватаранткі. У магазіне людзі саступалі чаргу. Калі стаяла на вясковым прыпынку, маладую настаўніцу заўсёды садзілі ў кабіну аўтамабіля.
[caption id="attachment_51903" align="aligncenter" width="560"]
Мікалай і Тамара Дзенісюкі, 70-я гады[/caption]
Свайго адзінага любага Мікалая Тамара сустрэла яшчэ студэнткай падчас практыкі ў Белавежскай пушчы. Чакала яго з арміі, а затым пакуль скончыць сельскагаспадарчую акадэмію. У маладой сям’і нарадзіўся першы сын. Тады яна пераехала ў родны Капыль. Уладкавалася метадыстам у раённы аддзел народнай адукацыі. Але чыноўніцкая праца ніколі не прыцягвала. І калі мужа Мікалая Канстанцінавіча прызначылі на пасаду дырэктара саўгаса «Крыніца», з задавальненнем прынялася за любімую справу — выкладала хімію і біялогію ў Слабада-Кучынскай СШ. Педагагічнае жыццё было насычаным: урокі, пазакласная работа, педагагічныя саветы, бацькоўскія сходы. А яшчэ трэба было зрабіць хатнія справы. І яна ўсё паспявала. Гэта цудоўная гаспадыня, клапатлівая жонка і маці разам з мужам выгадавала і выхавала двух сыноў (інжынер і педагог), добрых і адкрытых людзей, годных членаў грамадства. Ганарыцца трыма ўнукамі: бізнесмен, праграміст і пераводчык.
[caption id="attachment_51904" align="aligncenter" width="560"]
Тамара Міхайлаўна (другая справа) на вяселлі любімай унучкі Таццяны[/caption]
Выдатны педагог, сапраўдны майстар сваёй справы падрыхтавала да самастойнага жыцця не адно пакаленне маладых людзей. Яе выпускнікі сёння паспяхова працуюць у самых розных сферах дзейнасці, але ўсіх іх яднае адно — пачуццё падзякі любімаму педагогу. Для многіх выпускнікоў Слабада-Кучынскай СШ веды, атрыманыя на ўроках Тамары Міхайлаўны, сталі сапраўдным арыенцірам у выбары далейшага шляху. Сярод іх ёсць настаўнікі, урачы, працаўнікі народнай гаспадаркі, дзяржаўныя дзеячы. Ад усёй душы жадаем любімаму педагогу моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!
Выпускнікі 1971 года Слабада-Кучынскай СШ
Фота з дамашняга архіва Дзенісюкоў
Комментарии