Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

Дети войны, свидетели войны: как мало осталось их. Что они пережили?!

12.09.2016
%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-1332 Нядаўна ветэран педагагічнай працы і Ваенна-марскога флоту Аляксандр Віктаравіч Кандыбовіч з в. Слабада-Кучынка адзначыў свой 75-гадовы юбілей і 110-годдзе з дня заснавання падводнага флоту. Нарадзіўся ён у легендарным горадзе Новарасійску. Бацька, Віктар Сцяпанавіч, быў накіраваны ў 1933 годзе ў складзе камуністаў-дваццаціпяцітысячнікаў на арганізацыю калгасаў на Кубань, працаваў бухгалтарам. Маці, Алімпіяда Цімафееўна, хатняя гаспадыня, даглядала чатырох дзяцей (трох сыноў і дачку). Жылі ва ўласным доміку побач з цэментным заводам на ўзбярэжжы Чорнага мора. Любоў да мора ў самага малодшага Сашкі застанецца на ўсё жыццё. Гэты кавалак зямлі ў гады вайны стане Малой Зямлёй — месцам кровапралітных баёў. Пачатак вайны сустрэлі, як і ўсе, з хваляваннем, вельмі перажывалі за Беларусь. Бацька скончыў курсы чырвоных камандзіраў, трапіў на фронт добраахвотнікам у жніўні 1941-га. Яго выклікалі ў Новарасійскі порт так хутка, што родныя не паспелі развітацца. Старшы лейтэнант Кандыбовіч гераічна загінуў пры абароне Адэсы. Настаў жудасны год акупацыі. Вельмі лютавалі румыны: спалілі дом, вялі паляванне не толькі на падпольшчыкаў, а і на сем’і камандзіраў і палітработнікаў. Ад ворага хавацца даводзілася ў закінутых будынках, гаспадарчых пабудовах. Здаралася начаваць у кукурузным полі ці ў стэпе. Праз некалькі тыдняў ежа скончылася. Харчаваліся тым, што збіралі на калгасным полі: гарбузы, бручку і макуху са сланечніку (адходы алеевытворчасці). [caption id="attachment_51431" align="aligncenter" width="400"]А. Кандыбовіч А. Кандыбовіч[/caption] Пасля вызвалення горада Кандыбовічам, як сям’і загінуўшага афіцэра, выдзелілі пакойчык, прызначылі невялічкую грашовую дапамогу. Ніякай маёмасці не было. Ложкам сталі катушкі з-пад кабелю, на якія клалі дошкі і матрас, набіты саломай. Самым каштоўным была швейная машынка, знойдзеная ў акопе, на якой мама перашывала адзенне. Жылі пры свеце газоўкі, зробленай з гільзы ад снарада. Радаваліся і гэтаму. Каб пракарміць чатырох дзяцей, маці ўладкавалася ў шпіталь, а затым у дзіцячы садзік нянечкай. За гаспадыню заставалася 14-гадовая сястра Ніна. На самаробным млыне яна малола на крупы кукурузу, сланечнікавы жмых, гатавала ежу, прыбірала. Ад голаду крыху ратавалі пасылкі сушанай бульбы з Беларусі ад цёткі Любы, якая працавала настаўніцай у Цялядавічах. Усе чакалі бацьку: не верылі, што загінуў. Перажыўшы засуху, сабраўшы трошкі грошай, рушылі на радзіму — у Беларусь. Праз тры тыдні, у пачатку восені 1947 года, апынуліся ў Цімкавічах. У роднай Слабада-Кучынцы прыняла да сябе сястра маці Дубовік Вольга. — Ніколі не забуду як падалі першы абед.  Параная бульба і кіслае малако — смак такі, што  словамі не перадаць, — успамінае са слязой Аляксандр Віктаравіч. [caption id="attachment_51432" align="aligncenter" width="556"]А. Кандыбовіч (злева) у час службы на Паўночным флоце. 1963 год А. Кандыбовіч (злева) у час службы на Паўночным флоце. 1963 год[/caption] Маці пайшла на ферму даяркай. Атрымалі надзел зямлі, набылі авечку, а праз год і кароўку. Дзеці наведвалі школу. У святы маці выдзяляла крышачку сала. Кашу з бульбы запраўлялі маслам, запівалі расолам з агуркоў і цыбулі. Гэта было так смачна. Сашка падрос. У рацэ лавіў рыбу і ракаў, з дапамогай пятлі паляваў на зайцоў (хапала ў лазняку), што стала добрай падтрымкай для сям’і. З сябрамі насілі ракаў на продаж у Капыль. За выручаныя грошы набылі валейбольны мяч і былі такія шчаслівыя. Улетку хлопец працаваў на нарыхтоўцы торфу —  толькі там плацілі жывыя грошы. Ездзіў у Мінск па хлеб з аднавяскоўцамі. Трэба было з ночы заняць чаргу і станавіцца па некалькі разоў, паколькі бохан хлеба прадавалі толькі адзін у адны рукі. Да 17 гадоў адзеннем узімку былі салдацкі шынель, шапка-вушанка ды кірзавыя боты, якія дасталіся юнаку ад дэмабілізаванага з арміі брата Міхаіла. З асаблівай цеплынёй успамінае Аляксандр маці, якая на паўналецце зрабіла сыну падарункі: цёплую куртку, гадзіннік «Перамога» і веласіпед. Уладкавацца ў жыцці дапамаглі працавітасць, дысцып-лінаванасць і самападрыхтоўка. Пасля заканчэння школы Аляксандр працаваў у калгасе. Здаровы, актыўны камсамолец больш за чатыры гады служыў на Паўночным флоце камандзірам аддзялення тарпедных электрыкаў на дызельнай падводнай лодцы «С-159» пад камандаваннем легендарнага капітана 3-га ранга Р.А. Вассера, якая несла баявую вахту ў Баранцавым моры. Экіпаж удзельнічаў у выратавальнай аперацыі савецкай АПЛ  «К-19», якая пацярпела аварыю ў ліпені 1961 года. Прынялі на борт экіпаж з атамахода на чале з камандзірам, аказалі медыцынскую дапамогу і рушылі ў порт Палярны. Пераход быў вельмі складаны: на борце два экіпажы, ішлі ў надводным палажэнні ў шторм, зарываючыся носам у ваду. Праз 12 гадзін падышоў эсмінец, на які перадалі сваіх сяброў з ракетаносца. А самі, пасля прыбыцця на базу, прайшлі абследаванне, лячэнне і адпачынак пад наглядам ваенных медыкаў. Марскую форму ўпакавалі ў свінцовыя мяхі і недзе адправілі. Уся каманда субмарыны «С-159»  была ўзнагароджана граматамі камандуючага Паўночным флотам А.Т. Чабаненкі.  Запомнілася Аляксандру сустрэча з кіраўніком урада СССР Мікітам Хрушчовым, які прыехаў на флот павіншаваць маракоў з поспехамі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы. Служба Радзіме яшчэ больш закаліла характар, выпрацавала жыццёвыя прыярытэты. Вярнуўся ў родную вёску бацькоў. У саўгасе «Крыніца» ўладкаваўся электрыкам. Яго працоўныя і арганізатарскія якасці заўважылі, прызначылі інжынерам па тэхніцы бяспекі і сакратаром камсамольскай арганізацыі. Скончыў Мінскую Вышэйшую партыйную школу. Узначальваў партыйную арганізацыю племзавода імя Дзяржынскага, Слабада-Кучынскі сельскі выканаўчы камітэт. Лепшымі гадамі для сябе лічыць педагагічную дзейнасць у роднай Слабада-Кучынскай сярэдняй школе, у якой выкладаў працоўнае навучанне і дапрызыўную падрыхтоўку. Як кіраўнік пярвічкі ДТСААФ шмат зрабіў для падрыхтоўкі юнакоў да арміі.  Выпускнікі школы і аднавяскоўцы ведаюць Аляксандра Віктаравіча як адказнага, памяркоўнага, шчырага і душэўнага  чалавека. Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей