Сонечным суботнім ранкам каля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Капыля было вельмі ажыўлена. Такой колькасці двухколавага транспарту і людзей тут, мабыць, ніколі не бачылі.
Пасля пастраення і інструктажу, праведзенага супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, дружына ў складзе пяцідзесяці чалавек пад кіраўніцтвам начальніка Капыльскага РАНС Віталя Ільючыка накіравалася на кальцавую дарогу, а потым — у аграгарадок Цімкавічы.

Першая частка шляху ў 10 кіламетраў была пераадолена без аніякіх праблем. У Цімкавічах удзельнікі прабегу наведалі Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Госці з вялікай цікавасцю слухалі дырэктара ўстановы Людмілу Ніжэвіч, якая расказала пра жыццёвы і творчы шлях нашага знакамітага пісьменніка-земляка, класіка беларускай літаратуры.
Далей маршрут пралёг у вёску Вялікая Раёўка, дзе ля помніка «Смуткуючая маці» марафонцаў сустракалі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла «Вялікая Раёўка» Анжаліка Віцебская, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Ганна Лупанос і загадчык Вялікараёўскай бібліятэкі-клуба Наталля Новік. Яны ўзгадалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, расказалі гісторыю стварэння помніка і закладкі парка Перамогі. У сваю чаргу ўдзельнікі прабегу ўсклалі кветкі да мемарыяльных пліт.
[caption id="attachment_51332" align="aligncenter" width="580"]

У музеі К. Чорнага ў Цімкавічах[/caption]
І вось апошні этап — пераезд да возера ў в. Багушы. Ён і стаў адным з самых няпростых. Рэльеф мясцовасці дадаў выпрабаванняў. Аднак мужныя і адважныя не скарыліся перад пагоркамі Капыльскай грады і паспяхова дайшлі да фінішу.
На маляўнічым беразе вадаёма выратавальнікі размясцілі лагер для адпачынку. Тут сем’і змаглі прыняць удзел у спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, плаванні на чоўне, гульні ў настольны тэніс і іншых.
[caption id="attachment_51333" align="aligncenter" width="580"]

Ускладанне кветак у В. Раёўцы[/caption]
— Велапрабег мы праводзім для таго, каб больш цесна аб’яднаць калектыў, бліжэй пазнаёміць сем’і паміж сабой, аздаравіць дзяцей, — расказаў намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Зялінскі. — Мы пераадолелі звыш 30 кіламетраў па тэрыторыі раёна, пабывалі ў памятных мясцінах. Гэта вельмі пазнавальна. Ужо паступаюць прапановы праводзіць такое мерапрыемства штогод.
Вось што адзначыла жонка галоўнага спецыяліста інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Андрэя Мацейкі Таццяна:
— Прабег вельмі парадаваў. Мы пераканаліся, што ў Год культуры можна культурна адпачываць усёй сям’ёй разам з калектывам. Гэта збліжае, дае станоўчыя эмоцыі. Часцей бы так…
[caption id="attachment_51334" align="aligncenter" width="580"]

Падчас велапрабегу[/caption]
У многім Таццяну падтрымлівае сям’я вадзіцеля ПАВП № 13 аграгарадка Пацейкі Алега Ермаліцкага. Жонка Рэгіна адзначыла, што яна атрымала шмат станоўчых эмоцый, нягледзячы на тое, што прайсці ўсю дыстанцыю ў яе не атрымалася. Іх дачка Алена, адна з самых юных удзельніц, пера-адолела каля 10 км — гэта быў такі першы яе марш-кідок.
Камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 г. Капыля Аляксандр Мацуль таксама прымаў удзел у прабегу са сваёй сям’ёй — жонкай Наталляй, сынамі Сашам і Пашам. Асабліва лёгка далася дыстанцыя дзецям. Гэта і не дзіўна, бо яны добра фізічна падрыхтаваны: займаюцца футболам, валейболам, баскетболам, лыжамі і іншымі відамі спорту.
Такім чынам, усе ўдзельнікі аб’яднаны думкай, што веламарафон мужных і адважных стаў сапраўдным сямейным святам па прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии