Сухое і спякотнае надвор’е, якое аказалася даволі неспрыяльным для яравых збожжавых культур, прыйшлося кукурузе даспадобы. Гэта культура займае ў ф-ле «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра» 470 гектараў. А таму, па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Алега Шахновіча, ёсць спадзяванні на значнае папаўненне кармавой базы гаспадаркі.
У «Лакнею» мы наведаліся ў пачатку тыдня, і на гэты час на рахунку філіяла было ўжо амаль 1700 тон сіласу. Аднак зараз гэты паказчык значна вырас, улічваючы, што кожны дзень кормаўборачны камбайн нарыхтоўвае па 600–700 тон. Камбайнер Алег Майсюк вельмі задаволены сваім ярка-жоўтым прыгажуном «Нью Холандам».
— Машына паслухмяная, высокапрадукцыйная, ды і працаваць на ёй камфортна, — дзеліцца Алег Яўгенавіч. — У мяне гэта ўжо другі такі камбайн. Па ўсім бачна, што ўраджай кукурузы будзе добры — вунь якая яна вырасла! Так што давядзецца папрацаваць, каб усё ўбраць.
[caption id="attachment_51321" align="aligncenter" width="580"]

Камбайнер Алег Майсюк і вадзіцель Дзмітрый Цікач[/caption]
— Аднак нам не прывыкаць, — уступае ў размову вадзіцель Дзмітрый Цікач. — Знаходзіцца ў полі з раніцы да позняга вечара — справа звычайная. Ды і выхадныя рэдка бываюць.
— Нічога, зімой адпачнём, — усміхаецца Алег. — Мы ж разумеем, што вынік у многім залежыць і ад тэмпаў работ. Так што расслабляцца не прыходзіцца. Пра выхадныя пакуль не думаем, але на выбары ў нядзелю абавязкова пойдзем: прагаласуем — і зноў за работу.
Алег па праве можа лічыць сябе мясцовым жыхаром. Ён прыехаў на радзіму бацькі ў 1990 годзе — іх сям’і давялося ратавацца ад Чарнобыльскай навалы. І вось ужо больш за чвэрць стагоддзя за штурвалам магутнай тэхнікі. Яго малодшы калега Дзмітрый пераехаў у в. Камсамольская гадоў пяць таму. Тут яго сям’і прапанавалі добры дом: абжыліся, і зарплата задавальняе, і ўмовы працы.
Некалькі хвілін для размовы, што стала прадаўжэннем невялікага перапынку на абед (а хутчэй ужо на падвячорак) — і камбайн рушыў наперад. Здробненую кукурузную масу, якая імкліва сыпалася з бункера, адвозілі чатыры аўтамабілі і трактар «Беларус-1221» з ПІМам. Нібы па камандзе вадзіцелі і механізатар па чарзе падстаўлялі прычэпы сваіх жалезных памочнікаў пад зялёны струмень і спяшаліся даставіць груз на МТФ «Камсамольская», дзе вялася закладка сіласнай траншэі.
[caption id="attachment_51322" align="aligncenter" width="580"]

Галоўны аграном Пётр Юха (справа) і механізатар Генадзь Каваленя правяраюць якасць сяўбы[/caption]
…Да кукурузнага палетка пад’ехаў легкавы аўтамабіль, з якога выйшаў кіраўнік гаспадаркі Алег Шахновіч. Пацікавіўшыся, ці ўдалося паразмаўляць з камбайнерам, ён расказаў пра работы, якія зараз вядуцца ў гаспадарцы.
—Безумоўна, нарыхтоўка сіласу — гэта вельмі важна, — адзначыў Алег Іванавіч. — Гэты від корму — адзін з асноўных складальнікаў паўнацэннага рацыёну для жывёлы. Мы ўжо нарыхтавалі дастатковую колькасць сена і сенажу (у тым ліку і ў палімерную плёнку), цяпер чарга за кукурузай. Добра пакарміць жывёлу — гэта вельмі важна. Цяпер, калі пашы ўжо выгаралі, мы перавялі кароў на паўнацэнны зімовы рацыён, на прагулку яны выходзяць толькі на некалькі гадзін. Якасць кармоў добрая, догляд за жывёлай таксама на належным узроўні. Магчыма гэта і дазваляе нам мець адзін з самых высокіх рэзультатаў у раёне па надоях малака.
Падчас размовы з дырэктарам філіяла ўзгадалі пра вынікі ўборачнай кампаніі. А яны не вельмі задавальняюць кіраўніка. Не атрымалі чакаемага ад яравых збожжавых, ды і ўраджайнасць рапсу аказалася невысокай. Па словах Алега Іванавіча, прычына не толькі ў надвор’і, хаця і яно ўнесла сваю лепту. З-за недахопу сродкаў не ўдалося набыць і ўнесці пад поўную патрэбнасць мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін. І гэта адбілася на выніку. Тым не менш, на раённых «Дажынках-2016» ф-л «Лакнея» быў названы ў ліку лідараў па вытворчасці збожжа.
Зараз стаіць задача зрабіць усё магчымае для стварэння задзелу пад ураджай будучага года. На палетках гудуць трактары: механізатары аруць глебу, рыхтуюць палеткі пад сяўбу азімых. Ужо пасеяна больш за 30% плошчаў. Дарэчы, з адным механізатарам, які займаўся сяўбой азімай пшаніцы гатунку Сюіта, давялося ў гэты дзень пазнаёміцца. Гэта быў Генадзь Каваленя, які працуе на трактары «Беларус 3522» з пасяўным агрэгатам «Лемкен». Як адзначыў галоўны аграном ф-ла «Лакнея» Пётр Юха, Генадзь Уладзіміравіч — надзвычай вопытны спецыяліст, які і вясной, і ўвосень займаецца сяўбой, дакладна ведае ўсю тэхналогію і вельмі адказна ставіцца да сваёй справы.
Так, расслабляцца сельскім працаўнікам гэтай парой не даводзіцца. Восень ступіла на парог, а яна дыктуе земляробам свой, асаблівы рытм работы на палях.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии