Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

З таго класа я застаўся адзін

25.12.2010
У кожнага чалавека свой лёс. І ў кожнага ён непаўторны  і ўнікальны. У лістападзе 2010 г. наш зямляк, які жыве ў Слуцку, Сцяпан Мартынавіч Паўловіч адзначыў 90-гадовы юбілей. Ці памятае ветэран вайны і працы сваю хату, дзе нарадзіўся? Што засталося ў памяці ад дзіцячых гадоў, родных краявідаў? Які след у жыцці чалавека пакінула апошняя вайна? Нарадзіўся Сцяпан Паўловіч 8 лістапада 1920 г. у в.Чарнічнае Капыльскага раёна ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацька Сцяпана, удзельнік Першай сусветнай вайны, прайшоў нямецкі палон. Продкі Паўловічаў, тры браты Жаўрыды разам з братамі Вярбіцкімі, купілі вырубку лесу (урочышча Чарніцы) каля Чарнічнага. Вялікімі намаганнямі яны адваявалі ў балота кавалак сушы, дзе і працавалі. На вачах Сцяпана праходзіла калектывізацыя. Выпрабаванні ў жыцці Паўловічаў пачаліся са смерцю бацькі, якога не стала ў 1929 г. Уся гаспадарка легла на плечы дзеда. У калгас “Чырвоны змагар” не ўступалі да 1934 г., шкадавалі адзіную кабылку-карміцельку. Жарабя заўсёды прадавалі, куплялі хлеб. Але пасля смерці дзеда ўступілі ў калгас. 1 верасня 1929 г. павяла маці Сцяпана ў школу. Усіх вучняў пасадзілі на лавы: траіх хлопчыкаў і адну дзяўчынку. У адным памяшканні займаліся 4 класы. Там, у школе,   Сцяпан упершыню ўбачыў глобус. Вучыцца спадабалася. Настаўнік даў заданне выразаць палачкі для лічэння і пафарбаваць. Дзядуля падсабіў унуку, выразаў палачкі, але фарбы не было. Дапамагла  кемлівасць: у адной частцы загатовак ён зняў кару – белы колер, а ў другой пакінуў – чырвоны колер. Кожны дзень перад пачаткам заняткаў настаўнік ставіў вучняў у кола. Спявалі па-беларуску “Марсэльезу”. Руская мова ў пачатковай школе за 4 гады не выкладалася. Усе прадметы вывучаліся на роднай мове,  рускую пачалі вывучаць у Старыцкай   сямігодцы. У адным  класе прыйшлося вучыцца з Жаўрыдам з Ленявіч, Слімко са Старыцы, Акулічам з Лапухоў, Трыгубовічам з Харытонаўкі, Міхайлоўскім і Скуратовічам з Грывеня, Ёдкам і Аляхновіч з Бору. — З таго класа я застаўся   адзін, — са смуткам успамінае Сцяпан Мартынавіч. Пасля заканчэння сямігодкі Сцяпан стаяў на раздарожжы: куды пайсці? — Куды табе ехаць, — казала маці! — Ты ў мяне адзін. Заставайся дома. Прыйшлося ўладкавацца хлопцу ў мясцовы калгас конюхам. У той час аднакласнікі Жаўрыд Анатоль і Русаковіч Валодзя (загінуў пад Смаленскам) адвезлі свае дакументы ў ветэрынарны тэхнікум у Мінск ды яшчэ расказалі, які прыгожы горад. Сцяпану адразу захацелася вучыцца. Пайшоў да маці – і яна дазволіла. Будучы студэнт узяў дакументы, 60 рублёў, якія маці зашыла ў карман, і з сябрамі адправіўся ў дарогу на Старыцкую шашу. Прачакалі два дні: ні аўтобусаў, ні машын на дарозе не было. Старшыня калгаса Кандыбовіч даў каня. За ноч хлопцаў падвезлі да  пагранічнай станцыі Негарэлае. Цікава было. Стаяў салдат з вінтоўкай, правяраў дакументы, выдаваў візу. Але да гэтага ў Пясочным  два разы правяралі дакументы ў хлопцаў. У Мінску абітурыентаў сустрэў чалавек з тэхнікума,  які  да 1936 г. лічыўся яўрэйскім, бо фінансаваўся яўрэйскай   арганізацыяй “Джойн” з Амерыкі. Два курсы студэнты займаліся на іўрыце, а два курсы  на беларускай мове. Рускую мову выкладаў немец па нацыянальнасці, а нямецкую –- яўрэйка. Пешшу, а гэта 5 км, дабраліся да Курасоўшчыны. — Які цудоўны горад, - думаў Сцяпан. І тут малады хлопец заўважыў, што згубіў усе дакументы акрамя атэстата аб заканчэнні сямігодкі. Дырэктар Рувім Аркадзьевіч Ёселеў выратаваў Сцяпана. — Добра! Ідзі здавай экзамены. Дадому вярнуцца яшча паспееш. Але крыху пасварыўся, што вораг можа выкарыстаць яго дакументы. Паўловіч ад радасці за адзін дзень паспяхова паздаваў усе экзамены: матэматыку, фізіку,   рускую і беларускую мовы. А геаграфію здаваў свайму земляку са Слабада-Кучынкі Коршуку П.К., які добра ведаў старыцкіх настаўнікаў. У той жа дзень Сцяпан быў залічаны ў тэхнікум на спецыяльнасць “Ветэрынарыя”, затым пяройдзе на “Заатэхнію”. За тэхнікумам   у былой панскай сядзібе стаяла вайсковая часць  пагранічнікаў і НКУС, у якой быў гадавальнік сабак. Вайскоўцы былі шэфамі тэхнікума, дзейнічалі курсы па сабакагадоўлі. Многія студэнты атрымалі пасведчанне “Інструктар службовага сабакаводства”. Хутка праляцелі чатыры гады. Маладога заатэхніка з сябрам Алёшам Каліберавым накіравалі на працу ў Заходнюю Беларусь (Вілейская вобласць). У пасёлку Пліса Паўловіч стаў старшым заатэхнікам. Сцяпан, атрымаўшы першую зар- плату 550 рублей, купіў маці лекаў і цёплую хустку. Затым набыў сабе паліто, касцюм, капялюш. Неабходна было ісці ў армію. Спачатку ваенкамат у Мінску запісаў Сцяпана ў кавалерыю, а затым ў бранятанкавыя войскі. Перад самай вайной Паўловіч прыехаў у Капыль і ўладкаваўся на працу ўчастковым заатэхнікам. Вайна. 23 чэрвеня 1941 г. Паўловіча выклікалі ў ваенкамат, дзе прызначылі ў камісію па прыёмцы коней, сёдлаў і фуражу ад калгасаў. Жыць прыйшлося ў ветлячэбніцы. Выдалі форму асавіахіма. З Мінскам была перарэзана сувязь. На пяты дзень вайны над стадыёнам, дзе прымалі коней, з’явіўся нямецкі самалёт, а затым на вуліцах Капыля — нямецкія матацыклісты. Сцяпан вырашыў прабірацца дадому ў Чарнічнае. На дарозе Нясвіж – Асіповічі сустрэў 3-4 машыны-паўтаратонкі з чырвонаармейцамі. Ён спытаў дазволу ў лейтэнанта, каб далучыцца да ваенных, але яму адмовілі. Сцяпан пераначаваў у Старыцы ў цёткі. Раніцай рушыў на в. Карзуны. Недалёка ад вёскі пачуў гул тэхнікі. Адышоў у бок ад дарогі. Паказаліся тры танкі з чырвонымі зоркамі і  чырвонаармейцамі. Не дайшоў ён да  машын метраў 50 – 70, як люк адкрыўся і адтуль вылез  танкіст у нямецкай  форме. Прагучалі кулямётныя стрэлы. Сцяпан упаў, як падкошаны, паміж дзвюмя вольхамі. Пашанцавала. За танкамі рухаўся конны абоз (30 падвод). Гэта немцы шукалі дарогу на Мінск. Вось і дома. Праз вёску Чарнічнае праходзілі бежанцы і ваенныя. Люді дапамагалі ім чым маглі: кармілі, пераапраналі, давалі прытулак. У навакольных вёсках засталося  каля 30 акружэнцаў. Многія з іх прыхавалі зброю да лепшых часоў. Гэта яны вясной 1942 г. разам з жыхарамі вёсак Свідзічы, Харытонаўка арганізавалі партызанскі атрад імя В. І. Чапаева. У в. Чарнічнае часта бывалі партызаны. Сярод іх быў начальнік асобага аддзела Бродскі – былы ваенны пракурор. Ён даручаў Паўловічу чытаць лістоўкі, аператыўныя зводкі з фронту, збіраць інфармацыю пра акупантаў. У хуткім часе Сцяпану прапанавалі служыць у разведцы. Па ўсіх паказчыках хлопец падыходзіў: адукаваны,  добра страляў, ведаў нямецкую мову, арыентаваўся на мясцовасці, выдатна скакаў на кані і ведаў людзей. Каб паліцаі не здагадаліся, што Паўловіч добраахвотна ідзе ў партызаны, правялі спектакль. У в.Чарнічнае прыехалі некалькі партызан,  нарабілі крыку, “забралі сілаю” Паўловіча, Карповіча, Драбушэвіча і Баркоўскага. Затым траіх адпусцілі, а Сцяпана пакінулі ў атрадзе. Маладому разведчыку выдалі вінтоўку, справілі сядло, боты. Адзін яўрэй з шомпала вінтоўкі  і 20 капеек царскай чаканкі выкаваў шпоры. Папаў Паўловіч у конны эскадрон разведкі 27-й брыгады імя В. І. Чапаева. Конны ўзвод кругласутачна патруляваў шляхі, якія вялі на Нясвіж, Капыль, Грэск і Грозава (там стаялі нямецка-паліцайскія гарнізоны). Акрамя таго, партызаны ездзілі на разведку (два патрулі) да сваіх сувязных і знаёмых, каб атрымаць звесткі аб перамяшчэнні нямецкіх войск. Калі ў іх напрамку рухаліся ўзброеныя людзі, то адзін з патрулёў заставаўся ў засадзе, а другі хутка імчаўся з паведамленнем на  першы партызанскі пост. Размяшчаўся партызанскі атрад у Старыцкім лесе. Парадак быў такі, як і ў арміі. Летам спалі ў зямлянках ці шалашах, а зімой па хатах у вёсках. Штаб брыгады знаходзіўся ў в. Роспы. Камандзірам атрада быў І. П. Грыб, камісарам  - М. М. Няпомняшчы. Вясной 1944 г. супраць партызан актывізавалі свае дзеяннні немцы і паліцаі. У партызанскую зону закідвалі шпіёнаў, накіроў- валі карныя экспедыцыі. 12 красавіка  недалёка ад хутара Рог (в.Бор) разведчыкі заўважылі ўзвод паліцаяў. Там была 200-мятровая грэбля на балоце, пераход у бок Шышчыц. Адзін разведчык застаўся на месцы, а другі  кінуўся ў штаб. Камандзір атрада Іван Грыб с групай партызан выехаў на месца. Павінен быў скакаць з сябрамі і Паўловіч. Але ў апошні момант закульгаў конь у Паўла Жаркова, які і перасеў на кабылу Сцяпана, не ведаўшы, што гэтым выратуе  яму і сабе жыццё. Партызаны рухаліся калонай. Паліцаі схаваліся  ў яму з-пад гліны. Першая кулямётная чарга ворагаў скасіла шэсць чалавек: камандзіра атрада Івана Грыба (родам з Навасёлак), начальніка разведкі Аляксея Баброўскага, Мікалая Лазоўскага (з Падгорцаў), Аляксандра Віку (з Рымя), Івана Галоціка (з Вострава), Аляксандра Чаркоўскага (са Скабіна). Выратаваліся начальнік штаба Жукоўскі і разведчык Жаркоў, якога вынесла кабылка Паўловіча. На наступны дзень у разведку да месца бою адправілі Паўловіча і Леуса. Ім неабходна было сустрэцца з лесніком Матусевічам. Таго не было дома, і хлопцы рушылі на в. Восава. Недалёка ад вёскі разведчыкаў спыніла бабуля. — Уцякайце! У вёсцы паліцаі і немцы! Сябры кінуліся ў розныя бакі. Да хаты лесніка яны скакалі іншай дарогай. — Вы нарадзіліся ў сарочках, — сказаў Матусевіч. — Я пайшоў у вёску па санкі. Мяне перапынілі паліцаі ў засадзе. Бачылі яны  вас, але не стралялі. Думалі, што за вамі прыйдзе партызанскі атрад. У канцы красавіка 1944 г. не пашанцавала роднай вёсцы. У партызанскую зону прыехалі карнікі: тры нямецкія танкі і 12 паліцаяў. Яны спалілі Чарнічнае, Карзуны і Бор. Партызан рыхтавалі да параду. У Паўловіча быў парваны бот, што пальцы былі відны, таму яго ставілі ў сярэдзіну калоны. У час параду з паветра ваенных ахоўвалі два знішчальнікі. Партызаны праходзілі каля трыбуны, на якой стаяў Панамарэнка і генерал Чарняхоўскі. Усе крычалі “ўра”. Кінааператары здымалі дакументальны фільм. І сёння, праз 65 гадоў, былы партызан пазнае сябе і баявых сяброў. Пасля параду ўсіх адвялі ў лес пад Мінскам. “Купцы” разбіралі сабе байцоў. Хто  апынуўся ў запасным палку, хто   ў штрафным батальёне, бо сярод партызан былі былыя паліцаі і ўласаўцы. Некаторыя трапілі ў палявы НКУС і міліцыю г. Мінска. Туды прыйшлося Паўловічу здаць свайго каня, сядло і зброю. Пяць чалавек настаўнікаў, медыкаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі адправілі ў распараджэнне Капыльскага райкама КП(б)Б. Шлях з Мінска ў Капыль быў небяспечны. Па лясах бадзяліся немцы і паліцаі, а былыя партызаны засталіся без зброі. Па дарозе знайшлі нямецкі аўтамат і патроны. У арэшніку знайшлі афіцэрскі партфель, у якім былі кансервы, пісталет “Вальтэр”, нямецкія і савецкія грошы. Хлопцы павесялелі. Па дарозе знайшлі каня. У адной з вёсак яго запрэглі і паехалі. Той конь доўга яшчэ працаваў у Капыльскім райспажыўтаварыства. У Капылі сябры ўладкаваліся на кватэру. Паўловіча прызначылі на пасаду заатэхніка па конях. Плацілі 450 рублёў з даплатай 100 рублёў у месяц ад Сямёна Будзённага за падрыхтоўку фонду коней для Чырвонай Арміі. Харчаваліся ў сталовай. У студзені 1945 г. у раёне сабралі групу з 33 калгаснікаў для паездкі ў Германію па жывёлу.  Гэта было рашэнне старшыні Саўнаркама В. Молатава. У камандзіроўку выдалі паёк: на чалавека дзве буханкі хлеба, кавалак масла, 20 яек. У Мінску сфарміравалі эшалон. Для кожнага раёна быў выдзелены вагон-цяплушка. Прыходзілася доўга прастойваць у тупіках. У першую чаргу па чыгунцы ішлі ваенныя эшалоны.  Да Мінска-Мазавецкага (Польшча) ехалі без аховы, а там паставілі спераду і ззаду цягніка пляцоўкі з зеніткамі. Даехалі да Познані. Паўловіч, як  начальнік экспедыцыі, атрымліваў для камандзіровачных суп у бітонах. Запрасілі яго ў афіцэрскую сталовую. Гэта быў былы нямецкі рэстаран. Падалі першае, другое. Сцяпан упершыню за ўсю вайну наеўся, як чалавек. Назаўтра дабраліся да г. Франкфурта-на-Одэры. Паўловіч хутка падпісаў дакументы, што прыняў 550 кароў і маладняк, 40 авечак. 1 чэрвеня 1945 г. пачаўся перагон жывёлы на Радзіму. Гналі кароў па польскай тэрыторыі на Мінск-Мазавецкі – рака Варта – рака Вісла. Авечкі дрэнна ішлі па мастах, часта  скакалі ў раку. Прыйшлося ўзяць казла і весці яго паперадзе. Два гурты з жывёлай рухаліся ўздоўж вызначанай трасы. Дазвалялася пасвіць жывёлу за 50 метраў з аднаго боку і 50 метраў з другога. Савецкі Саюз за гэтыя страты плаціў палякам. За дзень неабходна было прайсці 10-15 км. Праз кожны тыдзень быў ветэрынарны пункт. Там мянялі або лячылі жывёлу, рамантавалі павозкі, падкоўвалі коней. А для людзей была лазня і цырульня. Для аховы далі бранявік і трох салдат, бо ў Польшчы былі выпадкі нападу на перагоншчыкаў з боку прадстаўнікоў Арміі Краёвай. Група Паўловіча схапіла шпіёна ў савецкай форме, які  хацеў трапіць на савецкую тэрыторыю. Сцяпан Паўловіч працаваў на Цімкавіцкай МТС, Чырвонаслабадскім раёне. З 1959 г. па 1981 г. быў галоўным заатэхнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Слуцкага райвыканкама. У 1967 г. завочна скончыў БСГА ў Горках. За актыўны ўдзел у партызанскім руху ветэран узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ-й ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “Партызану Айчыннай вайны” ІІ-й ступені, “За доблесную працу ў  Вялікай Айчыннай вайне” і інш. За мірную працу прыбавіліся два ордэны “Знак пашаны”, медаль “За  доблесную працу”, адзін срэбны і два бронзавыя медалі ВДНГ. Барыс Дзенісюк, намеснік дырэктара УА “Слабадакучынская ДАСШ”

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей