Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

Учение на протяжении всей жизни

05.09.2016
Словы з ленінскага запавету «Вучыцца, вучыцца і вучыцца», што і сёння застаюцца актуальнымі,  сталі сэнсам жыцця Іосіфа Камінскага, які аддаў вучобе чвэрць стагоддзя. Самай каштоўнай рэччу ён лічыў кнігу. Калі прыходзіў дадому з новай кнігай, быў вельмі шчаслівы і ў яго свяціліся вочы. Асабліва цаніў слоўнікі, і за сваё жыццё сабраў значную іх калекцыю. Сям’ёй былі набыты 200 тамоў Сусветнай літаратуры, 20 гадоў выпісвалі часопіс «Роман-газета». 1 001-1 Успамінамі пра бацьку дзеліцца яго дачка, дырэктар Літаратурнага музея К. Чорнага, няштатны аўтар «Слава працы» Людміла Ніжэвіч. Любоў да кнігі бацькі прывілі і нам, сваім дзецям: я працую ў літаратурным  музеі,  сястра На-дзея 18 гадоў загадвала Цімкавіцкай бібліятэкай, сын брата Ігара Арцём выбраў прафесію паліграфіста. А нарадзіўся наш тата Камінскі Іосіф Іванавіч 20 сакавіка 1933 года ў вёсцы Шамы Капыльскага раёна. Яго маці Аляксандра Аляксандраўна працавала даяркай на мясцовай ферме, бацька Іван Іосіфавіч даглядаў коней. У сям’і было пяцёра дзяцей: Антон, Іван, Людміла, Віктар, а Іосіф быў старэйшым братам і іх нянькай. У 1940 годзе пайшоў у першы клас Песачанскай школы, але вучобу перарвала вайна. Іосіф разам з сябрамі пасвіў партызанскіх коней. Бацька пайшоў на фронт, дайшоў да Германіі, быў паранены ў нагу і застаўся інвалідам на ўсё жыццё. Пасля вайны ў 1944 годзе пайшоў Іосіф у другі клас пераросткам. Вучыцца ён любіў. У школу, каб скараціць дарогу, хадзіў напрамкі праз тарфяны ўчастак, ад якога цяпер застаўся толькі фінскі дом. Ён закончыў 7 класаў. Трэба было дапамагаць бацькам. Таму ў 1951 годзе пайшоў працаваць у Вуглоўскую сямігодку старшым піянерважатым. Калі тата атрымаў першую зарплату, дырэктар школы прапанаваў яму з’ездзіць у Баранавічы і прыадзецца. Былі куплены паліто, капялюш, касцюм, чаравікі, а гальштук у дарунак дырэктар купіў сам, бо ў таты грошы ўжо скончыліся. З таго часу Іосіф Іванавіч заўжды хадзіў у касцюме пры гальштуку. Нават потым, калі быў хворы, на пенсіі, кожную раніцу надзяваў на рубашку гальштук, не змяняючы сваёй звычцы. [caption id="attachment_51149" align="aligncenter" width="580"]Іосіф Камінскі (злева) з былым рэдактарам газеты «Слава працы» Віктарам Семянкевічам Іосіф Камінскі (злева) з былым рэдактарам газеты «Слава працы» Віктарам Семянкевічам[/caption] Пасля года працы яго прызвалі ў Савецкую армію. Служыў 5 гадоў у марской пяхоце на Далёкім Усходзе, у Находцы. Уявіце: малады хлопец, які яшчэ нідзе не быў, і гэтак далёка апынуўся ад дому. У цягніку на трэцяй паліцы ехаў месяц да месца службы. Колькі паглядзеў гарадоў і вёсак! Мабыць, з таго часу і палюбіў падарожнічаць. У арміі прыйшлося адзін год праслужыць поварам. Потым, калі выпадала свабодная гадзіна і быў лірычны настрой, тата гатаваў нам пончыкі і сваю фірменную страву — рагу. Цяпер я яе гатую сваім дзецям пад назвай «Дзядулева страва». Хадзіў на падводнай лодцы ў Японскім моры. Успамінаў: «Як падумаеш, што над табою каля 300 метраў тоўшчы вады, а ты ў жалезным адсеку сядзіш, станавілася неяк не па сабе». Паступіў у 1953 годзе ў вячэрнюю партыйную школу часці і ў 1955 годзе скончыў. Вярнуўшыся з арміі ў 1956 годзе, пайшоў працаваць на Песачанскі торфаўчастак механікам. У 1957 годзе ён уступіў у Камуністычную партыю. У гэтым жа годзе ён заканчвае Капыльскую сярэднюю школу: цэлы месяц праз дзень ездзіць на веласіпедзе па 40 кіламетраў (да Капыля і назад) і здае экстэрнам экзамены па чатырнаццаці прадметах.  У атэстаце напісана: «Настоящий аттестат дает его владельцу право поступления в высшие учебные заведения Союза ССР». Калі я аднойчы тату спытала, што для яго значыць шчасце, ён адказаў: «Для мяне шчасце заключаецца ў тым, што я змог добрасумленна працаваць, усе свае веды, сілы ўкладваць у працу і быць карысным людзям». І каб больш прынесці карысці людзям, хлопец з маленькай вёскі Шамы паступае ў 1957 годзе ў Маскоўскі тарфяны інстытут, які ў 1958 годзе пераводзяць у горад Калінін. І там ён вучыцца завочна з 1958 па 1963 год. Яго арганізатарскія здольнасці заўважылі і ацанілі. У 1960 годзе тату назначылі майстрам на торфаўчастку. Потым прапанавалі працаваць інструктарам арганізацыйнага аддзела ў Капыльскім райкаме партыі. Ён з 1962 па 1969 год працаваў на гэтай пасадзе. За ім замацавалі калгасы імя Ціміразева, «Праўда», імя Ульянава, «Гвардзеец», «Піянер». Іосіфу Іванавічу па рабоце трэба было шмат пісаць. Напрыклад, даклады на сесіі, выканкамы, складаць розныя дакументы, справаздачы. Працуючы інструктарам райкама партыі, ён быў няштатным карэспандэнтам раённай газеты «Слава працы» з 1963 па 1969 год, калі трэба было асвятляць падзеі, навіны з гаспадарак, што былі замацаваны за ім. Менавіта на гэтай пасадзе давялося асвоіць азы сельскагаспадарчай вытворчасці. Для гэтага з 1963 па 1966 год вучыцца завочна на двухгадовых курсах павышэння эканамічных ведаў кіруючых работнікаў сельскай гаспадаркі ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава. Хоць тата вучыўся ўвесь час завочна, але ён добра ведаў фізіку, хімію, алгебру, геаметрыю, чарчэнне. Памятаў асноўныя формулы па гэтых навуках. І мы, школьнікамі, калі не разумелі які-небудзь закон па фізіцы, геаметрыі ці не маглі рашыць задачу, ішлі да таты, хоць і мама ў нас была моцным матэматыкам. Будучы інструктарам РК КПБ, тата атрымаў узнагароду — медаль «За працоўную доблесць» (1966 г.). У 1969 годзе Іосіф Іванавіч узначаліў калгас «Бальшавік». Ураджайнасць збожжавых усяго 13 цэнтнераў з гектара, бульбы — 60. Грошай на рахунку не было. Давялося пачынаць амаль што з нуля. Галоўным кірункам ён выбраў вырошчванне насення шматгадовых траў. Прыязджалі купляць аж з Урала. У хуткім часе з’явіліся грашовыя сродкі, што дазволіла «Бальшавіку» стаць на ногі. Вялася будоўля ферм, тока, дзіцячага сада, дамоў для работнікаў калгаса. У цэнтры вёскі Жыліхава ў 1970 годзе быў устаноўлены абеліск у памяць 101 земляка, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. У 1972 годзе з’явіліся помнікі на брацкіх магілах у Выгодзе і Гулевічах. Было добра падсыпана 12 км дарогі ад Гулевіч да Выгоды. Дарэчы, ёсць Ганаровая грамата, атрыманая за ўдзел ва Усесаюзным аглядзе за лепшую арганізацыю дашкольнага выхавання на вёсцы. За добрыя дасягненні калгасу ўручылі мільённы трактар, а трактар «Беларус» з «Бальшавіка», на якім працаваў Сукала М.В., устанавілі на пастаменце ў Мінску на трактарным заводзе. Яшчэ ў 1966 годзе Іосіф Іванавіч, каб лепш ведаць сельскагаспадарчую справу, паступае вучыцца завочна ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і заканчвае ў 1972 годзе па спецыяльнасці «эканоміка і арганізацыя сельскай гаспадаркі». У 1970 годзе ўзнагароджаны медалём «За доблесную працу». Дзецьмі мы тату амаль не бачылі, бо заўжды ён быў на працы. У 5 гадзін выходзіў з дому і ў 22 гадзіны вяртаўся. Памятаю, як мы сустракалі тату з вучобы. Вось і цяпер у мяне перад вачыма адзін эпізод. Вечар. Адчыняюцца дзверы. Заходзіць высокі, прыгожы, заўжды ў касцюме пры гальштуку тата. Мы ўтраіх бяжым яму насустрач. Ён падымае па чарзе ўсіх нас на рукі і падкідвае ўгору столькі разоў, колькі нам кожнаму гадоў. З Мінска ён заўсёды прывозіў смачны, духмяны хлеб, таму тата пах дарогай і хлебам. У 1975 годзе яму прапанавалі ўзначаліць Цімкавіцкі сельскі Савет з такімі словамі: «Іосіф Іванавіч,  менавіта такі чалавек, як Вы, патрэбен Цімкавічам». І ён да 1987 года працуе на гэтай пасадзе. За гэты перыяд было зроблена шмат: пабудаваны новы двухпавярховы дзіцячы сад, аптэка, будынак, дзе размясціўся сельскі Савет, магазін, пошта, ашчадны банк. Каб разгрузіць аўтамабільны паток праз Цімкавічы, была зроблена кальцавая асфальтавая дарога, з’явіўся асфальт і на галоўнай вуліцы. Для адпачынку жыхароў сельсавета разам са старшынёй Прускага сельскага Савета Касінскім М.М.  было створана возера Доўгае ў 1977 годзе, а са старшынёй калгаса «Шлях камуны» Картышэўскім І.М. у 1981 годзе — возера Багушы. Тата падтрымаў прапанову загадчыцы Дома культуры Астрэйка М.А. і выдзеліў сродкі на набыццё музычных інструментаў. Дзякуючы гэтаму быў створаны вакальна-інструментальны ансамбль, які доўгі час радаваў цімкаўлян сваёй добрай музыкай. Была ўстаноўлена агароджа вакол помніка-стэлы ў памяць 990 мірных жыхароў Цімкавіч, якія былі расстраляны ў 1942 годзе, адкрыты помнік воінам-землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. За 12 гадоў Цімкавічы змяніліся ў лепшы бок. Быў распрацаваны генеральны план пераходу вёскі Цімкавічы ў гарадскі пасёлак. У 1985 годзе Іосіф Іванавіч быў узнагароджаны медалём «Ветэран працы». З 1987 па 1993 год працаваў аграномам-аграхімікам у мясцовай гаспадарцы. У гэты перыяд дапамог прыхаджанам вёскі Цімкавічы дабіцца, каб ім выдзелілі памяшканне для службы. Ён вярнуўся да працы на палетках, якія заўсёды любіў. Я памятаю, як тата радаваўся добраму дажджу, гаворачы: «Ідзі, дожджык, ідзі, як ты нам патрэбен!» Пра асабістае. У 1962 годзе ажаніўся з Астрэйка Марыяй Апанасаўнай, якая працавала піянерважатай у Песачанскай школе, потым дырэктарам Капыльскага Дома піянераў, настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Яны разумелі адзін аднаго з паўслова, пражылі ў ладзе 46 гадоў, заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго ў працы. Выгадавалі трое дзяцей. У 2008 годзе Іосіфа Іванавіча не стала. Дыягназ: спыненне сэрца. Сэрца, якое любіла родную зямлю, людзей і шчыра працавала, каб ім жылося лепш.

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей