Разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Капыля Людмілай ЛАЗОЎСКАЙ мы працягваем размову пра выкарыстанне прыказак, пра іх мудрасць і трапнасць.
На гэты раз пагаворым пра ўжыванне такіх папулярных у беларусаў слоў, як баба, беднасць, блізкі, бачыць.
Баба.
Баба з воза — каню (кабыле) лягчэй. Калі хто-небудзь пакіне каго-небудзь ці адмовіцца ад чаго-небудзь, то ад гэтага будзе толькі лепей. Сінонімы:
Баба з калёс — калёсам лягчэй. Баба з воза — возу лягчэй.
Баба і чорта звядзе. Пра дрэнны характар жанчыны.
Баба трымае тры вуглы гаспадаркі, а мужык — адзін вугал. Куды большая частка хатняй, гаспадарчай работы, клопатаў прыпадае на жонку, чым на мужа. Сін.:
Жонка ў хаце тры вуглы трымае, а мужчына (мужык) адзін. Жонка дзяржыць хату за тры вуглы, а мужык за чацвёрты.
Бабіна (бабе, у бабы) дарога — ад печы да парога. Пра абмежаванасць жанчыны хатнімі абавязкамі, справамі. Сін.:
Бабская дарога ад печы да кухоннага камбайна. Бабе была дарога ад печы да парога.
Бачыць.
Бачылі вочы, што бралі (выбіралі, куплялі), дык (цяпер) ешце, хоць павылазьце. Гаворыцца як папрок, дакор за неабачлівасць, неразважлівасць пры выбары, набыцці каго- ці чаго-небудзь. Сін.:
Бачылі вочы, што куплялі, ешце, хоць павылазьце. Бачылі вочы, што бралі (выбіралі), а цяпер ешце (плачце), хоць павылазьце. Плачце, вочы, хоць павылазьце, відалі, што купавалі. Бачылі вочы, што выбіралі (куплялі), дык ешце.
Бачым сучок у воку брата свайго, а бервяна ў сваім не заўважаем. У чужым воку саломку (саломінку) бачым, а ў сваім і бервяна не заўважаем.
Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. Пра здольнасць чалавека прадбачыць, адчуваць што-небудзь.
Бачыць вока, ды зуб няйме. Хоць што-небудзь і вельмі жаданае, але дасягнуць яго немагчыма. Сін.:
Блізка локаць, ды не ўкусіш. Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў. Бачыць вока ды на зуб далёка.
Бедны.
Беднаму Івану няма нідзе талану. Кажуць пра таго, каму не шанцуе ў жыцці. Сін.:
Няшчаснаму Івану няма нідзе талану! Нашаму Івану няма талану. Нашаму беднаму Івану нідзе няма талану.
Беднасць не загана. Жыць бедна не значыць жыць кепска.
Бедная тая дамова, дзе вала бадзе карова. Гаворыцца як насмешка над мужам (ці мужчынам), калі ім кіруе, бярэ над ім верх жонка (ці жанчына). Сін.:
Гора табе, воле, калі цябе карова коле. Няхай той бык здохне, якога пабора карова.
Блізак кубак да губак, але шмат выбояў паміж ім і губою. Не так лёгка дасягнуць таго, пра што марыць хто-небудзь. Сін.:
Блізка відаць, ды далёка дыбаць.
Блізка (блізкі) локаць, ды (а) не ўкусіш. Хоць здаецца, што і лёгка ажыццявіць што-небудзь, але нельга дасягнуць жаданага. Сін.:
Бачыць вока, ды зуб няйме. Ёсць на ваўку кажух, ды прышыты. Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў.
Блізка відаць, ды далёка дыбаць. 1. Не так і блізка што-небудзь, як здаецца. Гаворыцца ў дачыненні да таго, хто ідзе ці едзе. Сін.:
Хоць і відаць, але (ды) далёка дыбаць. 2. Не так лёгка дасягнуць таго, пра што марыць хто-небудзь. Пра цяжкасці выканання якой-небудзь задумы. Сін.:
Блізак кубак да губак, але шмат выбояў паміж ім і губою. Лёгка сказаць, ды — далёка дыбаць! Хоць відаць, ды далёка дыбаць.
Беларусы жартуюць
«Угаварыла»
Жонка качалкай б'е мужыка і прыгаварвае:
— Будзеш яшчэ піць, будзеш яшчэ піць?
— Угаварыла. Налівай.
Паляўнічы гонар
— Ведаеш, Янка, я ўчора падстрэліў зайца на 10 кілаграмаў.
— А я забіў зайца нядзелю назад на цэлы пуд.
Першы паляўнічы пачухаў патыліцу і кажа:
— Шкада, што я першы пачаў размову.
Дамавітая жонка
— Ты, Зося, печ паліла?
— Паліла.
— Чаму ж яна халодная?
— Дык за тры дні астыла.
Каб не захварэць
— Як табе, Піліпе, не сорам. Усе людзі на поле, а ты дома ляжыш.
— А дзе ж я ў полі паляжу. Зямля халодная, яшчэ захварэю.
Пахваліліся
— От у нас капуста расце! Качаны пудоў па тры!
— А вось у нас гаршкі лепяць, як бочкі!
— А на што такія гаршкі?
— Капусту тую варыць, што ў вас расце.
Малы яшчэ
— Чаму гэта ты, хлапец, нідзе не працуеш?
— Дык я ж яшчэ малы.
— А чаму на табе такія порткі кароткія?
— Дык гэта бацькавы.
І пра надвор’е
Мяркуючы па надвор'і, пудзіла Зімы, спаленае на Масленіцу, выжыла і пачало помсціць.
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии