Даўным-даўно на высокай гары, якая і цяпер узвышаецца амаль у цэнтры горада, стаяў замак. Быў ён велічны і моцны: не аднойчы ворагі вярталіся дадому, так і не здолеўшы заваяваць яго. А ўсё таму, што ахоўвалі замак высокія земляныя валы і бурліла празрыстымі водамі рака Каменка каля схілаў яго. На хвалях яе пагойдваліся пад ветразямі княжацкія чоўны, якія звязвалі гандлёвымі шляхамі Капыль з многімі заморскімі землямі.
[caption id="attachment_50953" align="aligncenter" width="580"]

Так Замкавая гара выглядае сёння[/caption]
І жыла на берагах той ракі вядзьмарка. І быў сын у яе, разумны ды прыгожы. Аднойчы плаваў ён на лодцы па водах Каменкі. Лодка перавярнулася, і юнак патануў. Не на жарт раззлавалася вядзьмарка!
— Дык згінь жа ты, праклятая рака, у земляной цвердзі! — пракляла раззлаваная вядзьмарка і замак, і раку. Сабрала яна ўсю ваду з Каменкі і схавала яе ў нетрах зямлі. Толькі непаслухмяны ручаёк і змог выбрацца з векавога зняволення. З тых часоў гісторыя замка стала згасаць, як і сам замак.
[caption id="attachment_50954" align="aligncenter" width="580"]

Фрагмент экспазіцыі з Капыльскага раённага краязнаўчага музея: прыкладна так выглядаў замак на Капыльскай гары[/caption]
Толькі невялікая рачулка засталася ад велічнай Каменкі ды чыстая крынічка б'е каля схілаў Замкавай гары. А вада ў крынічцы той — чыстая і вельмі смачная, не замярзае ні пры якіх маразах.
Старажылы казалі, што калі раскапаць гару Замкавую, то вырвецца Каменка на волю і пакрые сваімі водамі ўсё наваколле. Лічыцца, што ў гары схаваны дзіўныя скарбы, якія ахоўваюць прывіды. А ў самой зямлі капыльскай схаваны не адзін скарб. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Комментарии