Выпуск у школах у 1966 годзе быў асаблівым. Адначасова вучобу закончылі вучні дзясятых і адзінаццатых класаў.
У адзін з суботніх летніх дзён у прасторных калідорах сярэдняй школы № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага, нават нягледзячы на тое, што ідуць канікулы, загучалі вясёлыя галасы і гучны смех. Тут сабраліся выпускнікі (на здымку), якія закончылі школу 50 гадоў таму.

Першыя імгненні — самыя хвалюючыя. Мужчыны і жанчыны, на тварах якіх свой адбітак зрабіў час, пазнавалі ў сур’ёзных дарослых людзях сваіх суседзяў па парце. Колькі эмоцый, радасных воклічаў, сардэчных абдымкаў! Некалькі хвілін — і нібыта не было тых доўгіх пяцідзесяці гадоў. Яны раптоўна памаладзелі і ператварыліся ў бесклапотных юнакоў і дзяўчат, напера-дзе ў якіх цэлае жыццё, поўнае прыгод, здабыткаў, узлётаў і падзенняў. Былыя аднакласнікі ўспаміналі пра школьныя гады, любімых настаўнікаў, з сумам канстатуючы, што да сённяшняга дня амаль ніхто з іх не дажыў.
— Наш клас (11 «А») заўжды быў вельмі дружны, — расказвае адна з ініцыятараў і арганізатараў сустрэчы Раіса Кавальская. — Мы прызначаем такія спатканні кожныя пяць гадоў, хаця не ва ўсіх ёсць магчымасць прыехаць, вядома ж — справы, адлегласць ды і здароўе ўжо падводзіць. Вось у мяне блакнот, у якім ёсць адрасы і тэлефоны ўсіх нашых аднакласнікаў. Мы падтрымліваем цесную сувязь, пры магчымасці сустракаемся, асабліва, калі прыязджаем у Капыль, тэлефануем адзін аднаму. Нам заўсёды ёсць пра што пагаварыць.
Нібы ў пацвярджэнне сказанаму прагучаў званок мабільнага тэлефона. Раіса Сяргееўна паднесла апарат да вуха — і на яе твары з’явілася радасная ўсмешка. Патэлефанаваў з Калінінграда іх аднакласнік Мікалай Андрыенка: шчырыя прывітанні, шкадаванні аб немагчымасці пры-ехаць, абяцанні сустрэцца ў наступны раз, запрашэнне наведаць узбярэжжа Прыбалтыкі…
Сярод выпускнікоў гэтых класаў шмат вядомых людзей, і не толькі ў межах нашай краіны. Да прыкладу, Дзмітрый Ровенскі — кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Дударыкі», з якім ён аб’ехаў амаль увесь свет. Уладзімір Корсакаў працаваў галоўным канструктарам МАЗа, журналіст Генадзь Зяньковіч узначальвае Асацыяцыю беларусаў у Кішынёве «Беларусь». Ды і іншыя былыя аднакласнікі знайшлі сваё месца ў жыцці, сталі сумленнымі працаўнікамі, стварылі сем’і, радуюцца дзецям і ўнукам. І не забываюць сваю малую радзіму — Капыль. Дарэчы, у размове ўсе яны адзначылі, наколькі ён змяніўся апошнім часам: стаў больш прыгожым, утульным. Асабліва гэта відаць тым, хто даўно не наведваўся ў родныя мясціны.
З цікавасцю прайшліся былыя выпускнікі па калідорах і класах сваёй школы, і адзінагалосна згадзіліся з тым, што гэты дзень пакіне ў іх памяці самыя лепшыя пачуцці і эмоцыі, якія надоўга будуць саграваць іх сэрцы. А самае галоўнае, што яны былі і застаюцца сябрамі, і нішто не зможа іх разлучыць: ні час, ні адлегласць.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии