Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

84

Копыль: известное и неизвестное

27.08.2016
[caption id="attachment_50916" align="alignleft" width="260"]Рэшткі кафлі XVI ст. Рэшткі кафлі XVI ст.[/caption] Так было 20 мая 1570 года ў Антвэрпене выходзіць першы ў свеце геаграфічны атлас Theatrum Orbis Terrarum (лац. Відовішча шара зямнога), які склаў А́брахам Артэліус. У ім быў адлюстраваны стан геаграфічных ведаў таго часу. Адметна, што на гэтай карце адсутнічаюць такія гарады, як Менск, Нясвіж, але нанесены Капыль. Яшчэ ў 1872 годзе настаўнік Шыманоўскі С. запісаў, што ў старадаўнія часы мястэчка Капыль цягнулася на 15 вёрст. З ім злучаліся блізкія вёскі: Кацельнікі — там знаходзіўся кацельны завод, Нізкавічы — з Нізкім рынкам, Стары Капыль — гэта Старое месца.  Цікавым з’яўлялася і геаграфічнае размяшчэнне мястэчка: яно было амаль цалкам абмежавана прыроднымі перашкодамі. Узгорак, на якім зараз знаходзіцца цэнтр Капыля, з трох бакоў перарэзвалі рэчкі Каменка і Мажа, а ў раёне сучаснай вуліцы Пралетарскай і далей, на паўднёвы захад, да Мажы спускалася некалькі глыбокіх яраў. Права вырабляць і гандляваць У сувязі з тым, што 27 жніўня 1652 г. Капыль атрымаў Магдэбургскае права, пячатку, герб з выявай паляўнічага рога на залатым полі, ён атрымаў таксама і права на правядзенне кірмашоў і штотыднёвых таргоў. У той час у Капылі былі развіты ткацтва, выраб аксамітных і лайкавых тавараў, у ім налічвалася шэсць рамесных цэхаў, якія мелі ўласныя статуты. Таксама цэхі былі ўраўнаваны ў правах з цэхамі ў іншых гарадах. Гэтыя прывілеі потым двойчы пацвярджаліся: у другой палове XVII і ў пачатку XVIII стст., прычым асобна адзначаліся правы ткацкай, шапачнай і іншай вытворчасцей, дзякуючы чаму Капыль славіўся менавіта гэтымі рамёствамі. Пра замак У XIV ст. пасля ўсталявання рэзідэнцыі князёў Алелькавічаў, тэрыторыя вакол дзяцінца і вакольнага горада набывае статус тэрыторыі замка. У 1693 г. замак забудаваны, збудаванні без элементаў абароннай архітэктуры. Фактычна — звычайны маёнтак. Планіроўка асноўнага будынка развівала адну са схем народнага жылля (хата+сенцы+хата). Але сенцы вялікія, з двума вокнамі. Адно памяшканне злучалася з кладоўкай і невялікім пакойчыкам. Абагравалася печкай з «кафель белополиваных с гербом». Калідор злучаў гэтыя памяшканні. Другое жылое памяшканне называлася «боковая издебка». Іншыя пабудовы: «пивница» —склеп для захоўвання прадуктаў, «стайня с возовней», «будынак кухонный». Ёсць падстава лічыць, што гэтая забудова знаходзілася менавіта на Замкавай гары і была апошняй спробай вярнуць замку жыллёвыя функцыі. Старадаўняя вытворчасць Капыль здаўна славіўся сваімі вырабамі адзення і ткацтвам. Галоўным заняткам мяшчан былі рамёствы. Але ў інвентары 1744 года ўзгадваюцца толькі шаўцы і ткачы на вуліцы Лаговай (Замкавай). Менавіта ткацтва здаўна было важкай часткай эканомікі Капыля. Пляцы для выбельвання палатна знаходзіліся каля ракі Мажа, а другі — на вуліцы Пясецкай (Жылуновіча) на беразе ракі Каменкі. У 1750 годзе гэтымі відамі рамяства займалася 192 чалавекі (78,7% усіх рамеснікаў горада), а металаапрацоўкай — толькі 7 рамеснікаў. Наогул прамысловасць Капыля XVII – XVIII стагоддзяў складвалася з 2 млыноў, «фабрыкі», у якую ўваходзілі сталярня і кавальская майстэрня, дзвюх цагельняў і магеля — вытворчасці, што завяршала выраб тканін. Знаходзіўся магель  на рынку ў гаспадарчай частцы карчмы. Магель — своеасаблівая славутасць: яго пабудавалі менавіта ў Капылі, а не прывезлі адкуль-небудзь. Дададзім, што магель у Капылі — пакуль адзінае вядомае ў Беларусі таго часу прадпрыемства, дзе выконвалася завяршальная аперацыя тэкстыльнай вытворчасці — прасаванне (маглаванне). карта У 1833 годзе ў сувязі з барацьбой і скаргамі капылян улады былі вымушаны прызнаць жыхароў Капыля асабіста вольнымі, аднак без зямельных надзелаў. Гараджане самавольна захоплівалі землі і адмаўляліся плаціць за іх, да сялянскай рэформы 1861 года бесперапынна вялі барацьбу за зямлю і волю. У 1897 годзе ў Капылі было ўжо 4464 жыхары, піваварны завод, 2 млыны. У пачатку ХХ стагоддзя было найбольш распаўсюджана ткацтва, аднак гэтыя вырабы каштавалі на рынку вельмі танна. У 1926 г. — быў сыраварны і цагельны заводы, швейная і ганчарная арцелі. Хто жыў Капыль з’яўляўся месцам сустрэчы і суіснавання некалькіх этнасаў, рэлігій, моў і культур. Тут узаемадзейнічалі рэлігіі (хрысціянства: праваслаўе, каталіцызм, пратэстантызм; юдаізм, іслам), нацыі (беларусы, яўрэі, палякі, татары, рускія), мовы (беларуская, ідыш, польская, руская). На працягу стагоддзяў мірна жылі татары, яўрэі, беларусы і палякі.  У 1818 годзе ў Капылі было 309 двароў: 134 яўрэйскія, 173 хрысціянскія, два татарскія. Паводле інвентара 1846 года ў мястэчку дзейнічалі драўляная праваслаўная царква, рымска-каталіцкі касцёл, кірха евангелісцкая, тры яўрэйскія малітоўныя дамы. У гадавой справаздачы па Мінскай губерніі, якую накіравалі ў Цэнтральны статыстычны камітэт, у 1857 годзе ў Капылі лічыліся 897 праваслаўных мяшчан (прыхаджане Уваскрэсенскай царквы), 18 мяшчан і дваран евангелісцка-рэфармацкай веры (адзначаныя як палякі), 526 мяшчан-яўрэяў. АЛЕ! гэтыя звесткі няпоўныя: у Капылі жылі яшчэ і каталікі, пра што сведчыць існаванне з 1439 года драўлянага касцёла, які згарэў ў 1856 годзе. Новы ж парафіяне пабудавалі ў 1859 г. У сярэдзіне ХІХ ст. з 424 двароў 172 былі яўрэйскія, 244 хрысціянскія, 8 татарскія. У канцы XIX стагоддзя мужчыны Капыля па веравызнанні размяркоўваліся наступным чынам: праваслаўныя — 1511 (59%), каталікі — 73 (каля 2,9%), іудзеі — 868 (каля 33%), мусульмане — 109 (4,3%). Старажылы ўспамінаюць, што татары ў Капылі жывуць гадоў 300. У 1880-я была закладзена мячэць. Існаваў мізар (могілкі). Распаўсюджаныя прозвішчы капыльскіх татараў: Александровіч, Байрашэўскі, Ясінскі, Якубоўскі. Паводле даных аб татарскай суполцы Капыля, сабраных у 1931 г., у мястэчку было 29 татарскіх сем’яў, у якіх пражывала 117 чалавек. На жаль, мячэць, якая размяшчалася ў горадзе, да нашага часу не захавалася, затое захаваўся мізар (каля гарадской лазні),  на якім  пахаваны  бацькі вядомага пісьменніка С. Александровіча. Пры пэўных умовах мізар мог бы стаць яшчэ адной славутасцю Капыльшчыны. Яўрэйская супольнасць Капыля ўпершыню была створана ў першай чвэрці XVII стагоддзя. У ХІХ стагоддзі яны займалі самую лепшую частку горада на вяршынях гары. Капыльскія яўрэі гандлявалі хлебам, поўсцю, ільном і іншымі земляробчымі прадуктамі, якія яны восенню куплялі на базары ў сялян, а зімою на санках адпраўляліся ў мястэчка Стоўбцы — прыстань на Нёмане — дзе прадавалі гэтыя тавары багатым купцам, сплаўлялі іх затым вялікімі партыямі ў Кёнігсберг або Мемель. Ужо ў 1939 годзе па даных Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў гарадскім пасёлку Капыль пражывала 1435 яўрэяў, што складала 27,96% усяго яго насельніцтва. Большасць з іх была знішчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Касцёл, а таксама кальвінскі збор, пабудаваны ў першай палове ХVII стагоддзя, (на месцы якога зараз стаіць кафэ «Копылянка»), былі структураўтваральнымі элементамі цэнтральнай плошчы. На ёй жа з сярэдзіны ХVIII ст. размяшчаліся і шпіталі названых канфесій. Дарэчы, на тэрыторыі касцёла, як адзначана ў інвентары яшчэ 1744 года, размяшчаўся «судоў двор мески». Верагодна, у сувязі з адсутнасцю ў Капылі ратушы, тэрыторыя двара касцёла выкарыстоўвалася для размяшчэння органаў гарадскога самакіравання і суда. Больш старажытная частка могілак і зараз завецца «польскімі». Кравецкая мова Гэта была сапраўды сакрэтная мова капыльскіх мя-шчан! Ні шаўцы, ні ганчары, ні гарбары, ні бондары, ні яўрэі, ні татары не мелі да гэтага жаргону ніякага дачынення. Стварылі «кравецкую мову», размаўлялі на ёй — краўцы. Людзі (наогул мужчыны), якія шылі кажухі і іншую вопратку. А стваралася кравецкая капыльская мова дзеля таго, каб… ашукваць сялян з навакольных вёсак. Сядзяць краўцы ў хаце селяніна і шыюць яму ці яго дачцэ, жонцы кажух. Нешта пагавораць між сабою на незнаёмай мове, а потым і кажуць гаспадару: «Братка, не хапае на рукаў!». А перад гэтым адзін аднаму сказаў: «Кашуба пашывайка» — «Не хапае на рукаў». І гаспадар ужо бяжыць у камору і нясе адтуль яшчэ адну вялікую аўчыну. А хітрыя капыльскія краўцы (хітрэйшых у Беларусі не было) бяруць тую дадатковую аўчыну і, калі гаспадар пакіне іх адных, кладуць яе ў свой вялізны мех. А рукаў яны даўно ўжо робяць з кускоў — на рукаў і так добра будзе. Краўцы радуюцца: цэлую аўчыну змахлявалі. Так з сялян па аўчыне — краўцу кажух. Потым ужо мовай краўцоў сталі карыстацца і шаўцы ботаў, і яўрэі, і татары, — наогул, капыляне. Вось некалькі прыкладаў: авечка — блякотка, вочы — зекры, прыгожы — вакля, ежа — траянка, грошы — стопікі, сала — крэса, галава — ёлда, ногі — хадаркі, рукі — біркі, дзіця — сечка. Спецвыпуск падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота экспанатаў з Капыльскага раённага краязнаўчага музея

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей