Чарговае выязное пасяджэнне каардынацыйнага цэнтра прафілактыкі сацыяльнага недабрабыту прайшло на базе Доктаравіцкага сельсавета.
Работа цэнтра наладжана з 2008 года, і за ўвесь гэты час прыкладаюцца намаганні, каб зрабіць яе больш эфектыўнай: праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам, шукаюцца шляхі выхаду сем’яў з крызісных сітуацый.
— Асноўная мэта выездаў і работы цэнтра — прадухіліць правапарушэнні, асацыяльныя паводзіны, дапамагчы людзям стаць на правільны шлях, — адзначыла адкрываючы пасяджэнне намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Зоя Дайняк. — Сёння мы правядзём размову з людзьмі, якія сутыкнуліся з такімі праблемамі.
І такая размова сапраўды адбылася. Прычынамі выкліку на пасяджэнне сталі запазычанасці па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі, за дзіцячы сад ці харчаванне ў школе, злоўжыванне спіртнымі напіткамі, праблемы сямейныя або з працаўладкаваннем і г.д. Такім чынам, члены цэнтра даведаліся пра «балючыя» кропкі, над чым трэба працаваць далей.
Дарэчы, тут жа прымаліся рашэнні. Напрыклад, на дапамогу па ліквідацыі запазычанасцей і працаўладкаванні прыйдуць мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, па лячэнні п’янства — урач-нарколаг.
Для некаторых запрошаных на пасяджэнне цэнтра гэта быў «першы званочак» наконт праблемы недабрабыту. І было відавочна, што яны зразумелі: трэба спыняцца, каб не было позна. Былі слёзы і хваляванні, магчыма многія задумаліся, і трэба спадзявацца, што гэты першы выклік для іх стане апошнім.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии