Мяне ўвесь час цікавіла гісторыя майго роду, паходжанне маіх продкаў. 3 дзяцінства захаплялі расповеды бабулі і прабабкі пра іх жыццё, пра лёс іх бабуль і дзядуляў.
Пачынаючы з 16 ст., як утварылася в.Браткава і з’явіліся першапасяленцы, пачаў існаваць мой род Місевічаў.
Прозвішча Місевіч мае сваё паходжанне, па нашых меркаваннях, ад заняткаў продкаў: «мы сеем», «мы севіч».
Мая прапрапрабабка Ганна выйшла замуж за аднавяскоўца Місевіча Мікіту ў другой палове 19 ст. У іх нарадзіліся 3 дачкі і ў 1890 годзе адзіны сын Іван. У 1914 годзе яго прызвалі на ваенную службу ў царскую армію. Паколькі ён меў адукацыю, яму прысвойваюць самы малодшы афіцэрскі чын і прызначаюць памочнікам да палкавога ветурача, а служыў Іван Мікітавіч у кавалерыйскім палку. Са службы вярнуўся ў пачатку 1917 года пасля заканчэння лютаўскай рэвалюцыі. У гэтым жа годзе 27-гадовы афіцэр узяў шлюб з дзяўчынай з суседняй вёскі Савічы Аксённік Вольгай Пятроўнай. Яна была працавітай, руплівай і сціплай дзяўчынай, з адукаванай сям’і, была пеўчай у савіцкай царкве. У той дзень, на Пакровы, у савіцкай царкве вянчаліся 17 пар, а запомніла гэта мая прапрабабка таму, што знамянальны 17-ы год і 17 пар. Мноства ўпрыгожаных па-святочнаму брычак і вазоў стаяла ў той дзень на пад’ездзе да царквы.
У Вольгі было 3 сястры і столькі ж братоў: Ефрасіня (Фрося), Соф’я (Зоня), Юля, Іван, Феафан, Косця.
Аднаго з яе братоў, Феафана, пасля заканчэння царкоўнапрыходскай школы пан Эдвард Вайніловіч за здольнасці да вучобы вывучыў у Слуцкай гімназіі, дзе навучаліся дзеці багатых і заможных людзей (дарэчы, Вайніловіч сам выпускнік гэтай гімназіі). Паспяхова закончыўшы навучальную ўстанову, Феафан паступае ў адзін з маскоўскіх універсітэтаў, пасля яго заканчэння працуе ў ім выкладчыкам.
У Івана Мікітавіча і Вольгі Пятроўны нарадзілася 6 дзяцей: Ганна, Міхаіл, Іван, Сямён, Жэня і малодшая Таццяна.
Ганна і Міша памерлі маладымі, не дажыўшы да свайго 20-годдзя. Сын Іван быў партызанам і загінуў 2 мая 1944 года, пахаваны ў брацкай магіле, што ў вёсцы Савічы. У 1961 годзе не стала самога Івана Мікітавіча, у 1978 — у г. Анапе памірае другі сын Сямён, у 1982 пайшла ад нас мая прапрабабка Вольга Пятроўна. Яе дачка Жэня жыве ў Баранавіцкім раёне, а ў 2009 годзе не стала маёй любай прабабкі, бабулькі, як я яе называў, Таццяны Іванаўны Лапоткі (у дзявоцтве Місевіч).
У яе быў нялёгкі лёс, як і ў многіх дзяцей, якія перажылі вайну, голад, пасляваеннае разбурэнне. Таццяна Іванаўна Місевіч пасля заканчэння пачатковай школы ў в. Браткава вучылася ў Цімкавіцкай дзесяцігодцы. 3 маім будучым прадзедам Лапоткам Яўгенам Аляксеевічам, ураджэнцам в. Лешня, яна сядзела за адной партай.
Яны ажаніліся на кастрычніцкія святы 1955 года. У 1957-м — у іх нарадзілася дачка Ірына, а ў 1962 — другая дачка — Людміла.
Мая бабуля Ірына Яўгенаўна Шкуцька (у дзявоцтве Лапотка), пасля заканчэння Цімкавіцкай СШ паступае ў Мінскі педінстытут. На цяперашні час яна выкладае хімію ў школе аг. Цімкавічы. У яе дзве дачкі, Вольга і Ганна.
Яе старэйшая дачка Вольга ў 1999 годзе выйшла замуж за Аляксандра Віктаравіча Радкевіча, ураджэнца в. Стары Капыль. У іх нарадзілася двое дзяцей, я, Яўген Радкевіч, і мой брат Іван.
Радаслоўныя карані майго бацькі таксама вельмі цікава пераплятаюцца з гістарычнымі па-дзеямі нашай дзяржавы.
Яўген РАДКЕВІЧ,
вучань 5 «Б» класа Цімкавіцкай СШ, жыхар в. Жыліхава
Комментарии