Аб налічанай зарплаце
Як паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні Мінскай вобласці, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Капыльскага раёна ў І паўгоддзі 2016 года склала 5087,8 тыс. недэнамінаваных рублёў, у тым ліку ў чэрвені — 5772,6 тыс.
Вышэй за сярэднераённы ўзровень аплаты працы склалася заработная плата работнікаў фінансавай і страхавой дзейнасці (8938,3 тыс. рублёў), інфармацыі і сувязі (8268,2 тыс.), занятых забеспячэннем электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыяніраваным паветрам (6536,9 тыс.).
Майстэрства лесарубаў
Каманда Капыльскага вопытнага лясгаса стала пятай у абласных спаборніцтвах вальшчыкаў лесу «Лесаруб-2016», якія праходзілі на базе Слуцкага лясгаса.
Капыляне ўвайшлі ў лік прызёраў у асабістых спаборніцтвах: аператар харвестара Андрэй Арэхва і аператар фарвардэра Андрэй Барысевіч занялі другое месца ў сваіх намінацыях.
Замкавая абнаўляецца
Для добраўпарадкавання Замкавай гары арганізаваны суботнікі з удзелам работнікаў сацыяльнай сферы.
Напрыклад, прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай цэнтральнай бібліятэкі, фізкультурна-аздараўленчага комплексу разам з работнікамі Капыльскай ЖКГ спілоўвалі і вывозілі дрэвы, якія выраслі на схілах Замкавай гары. Работы па добраўпарадкаванні працягваюцца.
Дзеля бяспечнай працы
Дзень аховы працы прайшоў у Капыльскім вопытным лясгасе.
Такія мерапрыемствы праходзяць згодна з графікам восем разоў на год, чатыры разы на год арганізуюцца Тыдні аховы працы. Іх галоўная мэта — кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове працы, забеспячэнне здаровых і бяспечных умоў працы, павышэнне эфектыўнасці работы па прафілактыцы траўматызму і захворвання працаўнікоў галіны, аператыўная ліквідацыя парушэнняў і недахопаў па ахове працы.
«Цвярозы вадзіцель»
Такую назву насіла прафілактычная акцыя, якая прайшла на Капыльшчыне.
Рэйдавыя групы з ліку супрацоўнікаў ДАІ і іншых службаў міліцыі грамадскай бяспекі правяралі месцы ля аб’ектаў гандлю спіртнымі напоямі, масавага адпачынку, а таксама патэнцыяльна небяспечныя ўчасткі дарог.
Велапаход праз Капыль
На Капыльшчыне пабывалі ўдзельнікі велапрабегу «Прага замкаў-4» з горада Мазыра.
Навучэнцы ДУА «Мазырскі цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі» пад кіраўніцтвам свайго педагога сем дзён правялі ў шляху, здзяйсняючы падарожжа па гістарычных мясцінах рэспублікі, у тым ліку і Капыльшчыны. Пазнаёміўшыся з Капылём, удзельнікі веласіпеднага паходу сустрэліся з актывам РК ГА «БРСМ».
Марыя ШЭІНА, Маргарыта САКОВІЧ, Павел ШЭІН
Комментарии