Пытанні на прамую лінію з дырэктарам ААТ «Капыльскі РКБА» Аляксандрам Танко паступілі напярэдадні яе правядзення ў рэдакцыю «Слава працы» .
Большасць з іх датычыліся таго, якія паслугі можа аказаць РКБА на дадзены момант. Аляксандр Васільевіч каменціруе сітуацыю:
— У званках, якія былі мне адрасаваны, узнята вельмі важнае пытанне наконт таго, як капыляне могуць здаць свае рэчы ў хімчыстку ці пральню. Вядома, што такія паслугі ў нас на месцы не аказваюцца — усе заказы мы накіроўваем у Мінск ці Слуцк. Для гэтага свае рэчы трэба здаць на комплексна-прыёмны пункт у сельскім населеным пункце ці ў Дом быту ў Капылі і прыкладна праз два тыдні іх ужо можна будзе забраць у чыстым выглядзе. Каб выконваць гэту паслугу на месцы, у нас няма магчымасці, бо няма такога абсталявання, і сродкі на яго набыццё адсутнічаюць.
Што датычыцца рамонту абутку, то літаральна некалькі тыдняў таму ў нас з’явіўся спецыяліст, які, спадзяёмся, будзе хутка і якасна выконваць сваю работу.
Наша швейная майстэрня ў першую чаргу выконвае розныя віды рамонту. Але пашыць адзенне па індывідуальным заказе таксама можна. Робім стаўку на выраб спецвопраткі, сталовай бялізны, штор і г.д.
Прычоскі ў цырульні Дома быту робяць восем майстроў. Яны ж па адпаведным графіку выязджаюць і на комплексна-прыёмныя пункты. Працуе ў нас і майстар па манікюры. Практыкуем правядзенне акцый і скідак для кліентаў. У планах — адкрыццё цырульні па вул. Цімкавіцкай, каб задаволіць патрэбы жыхароў гэтага мікрараёна.
Вельмі шырокі спектр аказання рытуальных паслуг. Апошнім часам сталі практыкаваць добраўпарадкаванне і прыбіранне месцаў пахаванняў.
А для стварэння добрага настрою падчас разнастайных святаў камбінат набыў батут і аказвае паслугі па продажы геліевых шарыкаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии