

Аднак гэта толькі адзін бок так званай смеццевай праблемы. Пра другі мы гутарым са старшынёй Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірынай КІСЛЯК. — Ірына Мікалаеўна, сельскія Саветы, бадай, як ніхто іншы, цесна звязаны з праблемай навядзення парадку на зямлі. Наколькі паспяхова ідзе барацьба са стыхійнымі звалкамі? — Можна сказаць, што з пераменным поспехам. Нягледзячы на ўсе намаганні, якія мы прыкладваем (па стане на 8 ліпеня было ўбрана 519 стыхійных сметнікаў), яны часам растуць, нібы грыбы пасля дажджу. Напрыклад, забудзецца гаспадыня своечасова выставіць мяшок са смеццем, каб яго забралі работнікі ЖКГ, і вынесе яго вечарком далей ад чужых вачэй, дзе-небудзь на пустуючую сядзібу. Заўтра сюды ж выкіне сваё смецце суседка… Глядзіш — і сметнік утварыўся. А ёсць мясціны, куды людзі звозяць непатрэбшчыну гадамі і лічаць гэта звычайнай справай. Нават таблічкі з надпісам: «Выкідванне смецця забаронена!» ім не ўказ. За руку схапіць чалавека цяжка — ля кожнага куста вартаўніка не паставіш. Тут можна спадзявацца толькі на нормы паводзін, якія павінны прывівацца з дзяцінства. — Калі мы гаворым пра цэнтралізаваны збор смецця, то маем на ўвазе толькі бытавыя камунальныя адходы. А што рабіць, напрыклад, з будаўнічым смеццем, расліннымі рэшткамі, старой мэбляй? — Акрамя гарадскога палігона цвёрдых камунальных адходаў існавала яшчэ некалькі ў сельскай мясцовасці: у Свідзічах, Цімкавічах, Бучаціне. Сюды за пэўную плату можна было б звозіць смецце і самім вяскоўцам. Аднак існуе меркаванне, што іх трэба закрыць (напрыклад, у Свідзічах ужо гэтым займаюцца). Кіраўнікі сельскіх Саветаў выказваюць думку, што такім чынам праблема са смеццем не толькі не вырашыцца, але набудзе новы паварот. Я таксама падтрымліваю такі пункт погляду. Таму лічу, што гэту праблему трэба дэталёва вывучаць, каб знайсці рашэнне, якое б задаволіла ўсіх. — А якія сілы прыцягваюцца, каб весці барацьбу з несанкцыянаванымі сметнікамі і тымі грамадзянамі, якія не жадаюць жыць у чысціні і парадку? — У першую чаргу на нашу просьбу навесці парадак на зямлі адклікаюцца кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Яны таксама зацікаўлены, каб вёскі мелі дагледжаны выгляд, каб зямля вызвалялася ад смецця і яе можна было ўвесці ў сельгасабарот. Дапамагаюць у навядзенні парадку на тэрыторыі і ўчастковыя інспектары міліцыі. Дарэчы, за бягучы год сельскімі Саветамі складзена 20 пратаколаў, яшчэ 28 — разам з супрацоўнікамі РАУС. Аднак перш чым прыцягнуць чалавека да адказнасці, выдаюцца прадпісанні — іх з пачатку года было 1973. Арганізоўваем суботнікі, дзе працуюць не толькі прадстаўнікі арганізацый і службаў, размешчаных на тэрыторыі сельсаветаў, але і шэфы-гараджане. Напрыклад, апошнімі днямі працавалі ў вёсцы Ужа, дзе зносілі старыя пабудовы, наводзілі парадак на пустуючых сядзібах у Грозаве, у Калюзе. Работы ў гэтым напрамку яшчэ вельмі шмат, але мы пастараемся зрабіць усё, каб населеныя пукты нашага раёна набылі прывабны выгляд і заклікаем усіх жыхароў падтрымліваць парадак. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара
Комментарии