У кагорце адважных людзей Сяргей Есман, які яшчэ дзён дваццаць таму ўзначальваў пажарную аварыйна-выратавальную часць № 2 аг. Цімкавічы.
З 1 ліпеня ён выйшаў на заслужаны адпачынак. Яго поспехі неаднойчы адзначаліся: за 21 год у пажарнай службе імя высакакласнага спецыяліста два разы займала пачэснае месца на раённай Дошцы гонару.
[caption id="attachment_50113" align="aligncenter" width="580"]
Сяргей Есман[/caption]
У Капыльскі РАНС Сяргей Міхайлавіч трапіў пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Дадаткова закончыў інстытут перападрыхтоўкі і атрымаў спецыяльнасць інжынера па прадухіленні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. За гэтыя гады давялося ўзначальваць пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў Бучаціне і Гулевічах, з 2005 года — часць у Цімкавічах. Добрым словам успамінае сваіх калег, з якімі поплеч праведзены не адзін год: камандзіра аддзялення Дзмітрыя Меляшкевіча, вадзіцеляў Алега Кашубу, Генадзя Русаковіча, Сяргея Рубаніка.
— Я спасцігаў азы прафесіі на практыцы. Пад наглядам больш вопытных калег вучыўся хутка і правільна прымаць рашэнні, працаваць з тэхнікай і абсталяваннем, — гаворыць Сяргей Есман. — Але ж прафесія выратавальніка патрабуе моцных ведаў, выпрацаваных штодзённай напружанай працай, навыкаў і пэўных асабістых якасцей характару. Гэта толькі кажуць, што чалавек, які ледзь не штодня сутыкаецца з небяспекай, прывыкае да яе. Да яе нельга прывыкнуць, як нельга заставацца абыякавым да чужой бяды. І вельмі балюча ад таго, што не заўсёды паспяваем дапамагчы. З прыходам вясны для нас наступае асабліва гарачая пара. Гараць лясы, тарфянікі. Пажарныя ў гэты час не ведаюць ні выхадных, ні святаў. Здараецца, працуем па тры змены запар.
З разуменнем да абранай прафесіі ставіліся родныя Сяргея Міхайлавіча. Заўсёды чакала яго з дзяжурстваў жонка Наталля Мікалаеўна, якая працуе ў землеўпарадкавальнай службе Капыльскага раёна. Сын Дзяніс паступае сёлета ў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, дачка Лізавета пойдзе ў другі клас гімназіі № 1 г. Капыля. Ад родных заўсёды адчувалася падтрымка, ім ніколі не даводзілася тлумачыць, што ёсць такая прафесія — спяшацца людзям на дапамогу.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии