Надзённыя пытанні
На пасяджэннях сельвыканкамаў, што адбыліся ў ліпені, разгледжаны надзённыя пытанні.
Напрыклад, пра работу медыкаў гаварылі ў Блеўчыцкім і Бучацінскім сельвыканкамах, правядзенне ўборачнай кампаніі — у Грозаўскім, сацыяльнае абслугоўванне — у Бабаўнянскім і Цімкавіцкім, пажарную бяспеку — у Доктаравіцкім. Стан злачынстваў і правапарадку закрануты на пасяджэннях у Капыльскім і Пацейкаўскім сельвыканкамах. Работа аддзялення паштовай сувязі і банка разглядалася ў Семежаўскім, а прадпрыемстваў абслугоўвання і гандлю — у Слабада-Кучынскім сельвыканкаме.
Чыё падвор’е лепшае?
На гэтым тыдні прайшоў агляд падвор’яў сярод жыхароў пенсіённага ўзросту, якія зрабілі заяўку на ўдзел у раённым конкурсе.
Старшыня раённага Савета ветэранаў Казіміра Ганчар разам са сваім актывам і рэдакцыяй газеты «Слава працы» наведала 58 сядзіб, гаспадары 17 з якіх упершыню ўдзельнічаюць у своеасаблівым спаборніцтве.
Хто пераможа і стане прызёрам? На гэта пытанне адкажа кампетэнтнае журы, а «СП» будзе сачыць за ходам падвядзення вынікаў.
«Маска» – у Віцебску
У рамках Дня моладзі, які адбыўся падчас правядзення Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», навучэнцы УА «Капыльскі дзяржаўны каледж» прапанавалі незвычайную забаву.
Гэта віртуальны атракцыён «Маска». З яго дапамогай можна было акунуцца ў свет неверагоднай хуткасці і адрэналіну. Захапляльныя горкі цалкам здольны настроіць уяўленне так, што зямля насамрэч сыходзіць з-пад ног. У гэтым выпадку арганізатары гатовы ў любую хвіліну падтрымаць і дапамагчы захаваць раўнавагу.
Фотаназіранне для парадку
Каб аматары пакінуць смецце ў зоне адпачынку або на лясных палянах атрымалі заслужанае пакаранне, Капыльскім вопытным лясгасам набыты фотапасткі.
Мініяцюрныя камеры мяняюць месца сваёй дыслакацыі некалькі разоў на тыдзень. Звычайна пад відэаназіранне трапляюць папулярныя ў жыхароў раёна зоны адпачынку (у тым ліку і гарадская), граніцы населеных пунктаў, з’езды з ажыўленых трас у лясныя масівы. Для парушальнікаў заканадаўства прадугледжаны меры пакарання: ад папярэджання да штрафу ў памеры 20 базавых велічынь (б.в.) для грамадзян, да 50 б.в. — для індывідуальных прадпрымальнікаў, да 300 б.в. — для юрыдычных асоб.
Каля Замкавай гары
Замкавая гара ў Капылі набудзе больш прэзентабельны выгляд. Гэта стане вынікам работ па добраўпарадкаванні, якія тут будуць арганізаваны ў хуткім часе.
Плануецца, што падчас суботнікаў высякуць хмызняк і дрэвы, якія паціху падбіраюцца ўверх па схілах. Словам, зробяць усё, каб гэты куточак капыльскай зямлі побач з абноўленай крынічкай стаў сапраўднай славутасцю горада.
Прафілактыка
У сувязі з тым, што ў раёне з пачатку 2016 года ў параўнанні з папярэднім годам адбыўся рост рэцыдыўных злачынстваў, здзейсненых асобамі, якія былі раней асуджаны, прынята адпаведнае рашэнне райвыканкама.
Згодна з ім, і надалей будуць праводзіцца прафілактычныя мерапрыемствы і акцыі, накіраваныя на сацыяльную адаптацыю вышэйназваных асоб. Удзел у іх абавязкова будуць прымаць прадстаўнікі органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, патэнцыяльныя работадаўцы і грамадскія арганізацыі. Прадоўжыцца практыка правядзення адкрытых пасяджэнняў назіральных камісій пры райвыканкаме з удзелам усіх зацікаўленых структур.
Сяргей КОЗЕЛ, Марыя ШЭІНА,
Дзіяна ТКАЧЭНКА, Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии