Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

На гостеприимной Раёвской земле

19.07.2016
Днямі адгулялі свята вёскі ў Вялікай Раёўцы. Падобныя мерапрыемствы — прыемная нагода сабрацца разам і сельскім жыхарам, і гасцям, якія завіталі на адпачынак. Вось і гэтым разам на гасціннай раёўскай зямлі сабраліся сельгаспрацаўнікі і работнікі культуры, людзі паважанага ўзросту і прадстаўнікі моладзі. А распачала мерапрыемства таленавіты арганізатар, старшыня Цімкавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Алена Острыкава. Затым усіх прысутных павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. Цікава, але дырэктара мясцовай гаспадаркі — філіяла «Вялікая Раёўка» — характарызуюць коратка і шчыра: «Свой!». Чаму? — А таму, што добры, паважлівы чалавек, які можа і ў душу зазірнуць, і паспачуваць, і даць параду, — прагучаў адказ вядучых, у ролі якіх выступілі загадчык Руднянскага сельскага клуба-бібліятэкі Святлана Шчукіна і пенсіянер Сяргей Казючыц. 20160702_143731 Дырэктар Іван Віктаравіч Дамашэвіч сапраўды свой. А яшчэ ён вельмі працавіты. Як кажуць, сам любіць працаваць і іншым спакою не дае. Таму пачуць віншаванні ад такога кіраўніка было вельмі прыемна. Адметна, што ў гэтым годзе спаўняецца 65 год сельгас- прадпрыемству. Яно прайшло вялікі шлях ад калгаса імя Сталіна ў 1929 годзе і інш. да сучаснага філіяла «Вялікая Раёўка». Гісторыя данесла да нашых дзён скупыя факты аб жыцці калгаса. А расказаў цікавыя звесткі пра час існавання гаспадаркі і пра лёс яе працаўнікоў ветэран працы Анатоль Венедзіктавіч Лобік. Былі выказаны словы павагі тым, хто аддаў сваё жыццё за мірнае неба, пяшчотныя мурагі і вольны спеў птушак, за тое, што мы можам жыць, працаваць і радавацца кожнаму дню. Не маглі не ўзгадаць на свяце і ўдзельнікаў яшчэ адной гістарычнай падзеі — вайны ў Афганістане. Яе сведкамі і ўдзельнікамі сталі Сяргей Гаргун і Андрэй Леу. Мірнае жыццё ідзе сваім ходам. Вяскоўцы шчыра працуюць і на палетках, і каля сваіх сядзіб. А свята — менавіта тое месца, дзе прынята падводзіць вынікі разнастайных спаборніцтваў. Адно з такіх — конкурс на лепшае падвор’е, першае месца ў якім атрымала сям’я Алены Сокал. Ды наогул раёўскія жанчыны не ведаюць стомы, а ўпрыгожваюць свае падворкі. Таму і адзначалі на мерапрыемстве лепшых прадстаўніц Алену Скрыган, Тамару Новік, Галіну Рымашэўскую, Тамару Байкаш і Ніну Зянько, падвор’і якіх проста зіхацяць ад шматкаляровасці кветак. А яшчэ ў намінацыі «Самая яркая агароджа» адзначылі вельмі руплівых гаспадара і гаспадыню. Імі сталі сем’і Ніны Федаровіч і Уладзіміра Занька, Алены і Анатоля Давыдчыкаў. Цікава, а хто самы сталы жыхар вёскі Вялікая Раёўка? Як аказалася, тут пражываюць некалькі жанчын, якія перасягнулі 90-гадовы рубеж. Гэта Соф’я Станіславаўна Захарэвіч, Соф’я Арсеньеўна Стаскевіч, На- дзея Цімафееўна Лемеш, Яўгенія Сцяпанаўна Самахвалава. Усіх названых жанчын шчыра павіншавалі. А вось напярэдадні свята адзначыла 85-гадовы юбілей Ніна Рыгораўна Новік. Таму і яна, і самы маленькі жыхар вёскі, якому споўнілася ўсяго некалькі месяцаў, Багдан Буданаў таксама прымалі віншаванні ў свой адрас. Адзначылі вядучыя і тыя сем’і, у якіх выхоўваецца шмат дзетак. Гэта Наталля і Мікалай Зарамбоўскія: яны гадуюць трох сыночкаў і дачушку. А вось у Святланы і Аляксандра Шут падрастаюць трое дзетак: Насця, Паша і Даніла. Вялікая Раёўка. Ці не слова рай схавалася ў яе назве? А што гэта азначае ў народным разуменні? — Рай — гэта калі мужык жонку шкадуе і дзяцей усяму чалавечаму вучыць. Калі глядзіць, каб у кубле скварка вялася, каб у хляве жыўнасць сытая была, каб у агародзе ўсё расло, — жартам адзначыла вядучая. Вось менавіта так жывуць у сям’і Уладзіміра і Алены Фалько, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілеі: 60-гадовы — Уладзімір Вячаслававіч і 50-гадовы — яго жонка, Алена Уладзіміраўна. А пра тое, каб вакол нас панавала сапраўдная прыгажосць, дбаюць народныя майстрыхі, адна з якіх — Валерыя Стрыевіч. Каб пераканацца ў гэтым, трэба было проста паглядзець на выставу яе творчасці, якая знаходзілася побач са святочнай пляцоўкай. Каб свята атрымалася сапраўдным — з прыемнымі падарункамі — патурбаваліся члены прафсаюзнага камітэта філіяла «Вялікая Раёўка», які ўзначальвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гэтай гаспадаркі Анжэліка Віцебская. За гэта вяскоўцы вельмі ўдзячны! Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей