На вуліцы 50 гадоў БССР у Капылі звяртае на сябе ўвагу былая сталовая, якая раней знаходзілася на балансе ПМК-11.
Будынак быў прададзены ў 2012 годзе таварыству з абмежаванай адказнасцю «Джио», а зямельны ўчастак, на якім ён стаіць, узяты названай арганізацыяй у арэнду аж да 2032 года. Пра гэта рэдакцыі паведамілі ў землеўпарадкавальнай службе Капыльскага раёна.
Падставай для вывучэння сітуацыі стаў зварот жыхара г. Капыля: яго дом знаходзіцца па вул. 50 гадоў БССР побач з будынкам, які прыцягнуў нашу ўвагу. Віктар Паўлавіч расказаў, што былая сталовая і ўчастак вакол яе сталі крыніцай распаўсюджвання пустазелля. І гэта не дзіўна, паколькі, хутчэй за ўсё, гаспадары сюды ў бягучым годзе не наведваліся. Пра гэта сведчаць і зараснікі, якія ўзялі ў акружэнне дом, і дрэўцы, якія набываюць сілу, укараніўшыся на даху.
Перафразіраваўшы вядомую фразу Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, хацелася б нагадаць: мы ў адказе за тое, што нам належыць. А сапраўдны гаспадар павінен клапаціцца пра сваю маёмасць, рабіць усё для таго, каб яна мела прывабны выгляд і, нарэшце, апраўдвала ўкладзеныя ў яе набыццё грошы.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии