Свята першага снапа
Сёння ў ААТ «Старыца-Агра» пройдуць раённыя «Зажынкі-2016».
Свята першага снапа, якое адбудзецца на палетку азімага жыта ля вёскі Карзуны, дасць старт масавай уборцы збожжавых і зернебабовых культур у раёне. Усяго неабходна будзе ўбраць (без уліку зерня кукурузы) больш за 37 тысяч гектараў.
Душавыя – у парадак
Да ўборачнай кампаніі на мехдварах сельгас-прадпрыемстваў прыводзяцца ў парадак душавыя.
Так, у ААТ «Душава» зроблены рамонт падлогі і столі, заменена сантэхнічнае абсталяванне. Пафарбаваны сцены ў ААТ «Мажа-Агра». Усяго падчас уборкі ўраджаю ў гэтым годзе ў 20 сельгаспрадпрыемствах раёна будуць працаваць 27 душавых.
Стане зручней
На кальцавой дарозе Капыля ў напрамку Цімкавіч праходзіць будаўніцтва кругавога скрыжавання.
Пасля завяршэння ўсіх работ павінна павысіцца прапускная здольнасць транспарту — дарожная развязка стане больш зручная для раз’езду аўтамабіляў.
Дарожным рамонтам займаецца ДЭУ № 65 філіял РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» (г. Нясвіж). На дадзены момант паступова пашыраецца тэрыторыя, каб у будучыні зрабіць скрыжаванне. Будаўнічы праект плануецца завяршыць да пачатку восені.
Вакол слупоў
Работнікі Капыльскага раёна электрычных сетак уносяць сваю лепту ў навядзенне парадку на зямлі.
Як і іншым суб’ектам гаспадарання, ім пастаўлена задача падтрымліваць парадак вакол сваіх аб’ектаў, а гэта ў першую чаргу трансфарматарныя падстанцыі. Не застаюцца па-за ўвагай і слупы ліній электраперадачы, размешчаныя на тэрыторыі раёна, якія таксама неабходна вызваляць ад пустазелля.
Не пакінуць у бядзе
Грамадзянам, якія перасяліліся з Украіны ў Капыльскі раён, аказана матэрыяльная дапамога больш чым на 150 млн беларускіх рублёў (да дэнамінацыі). Усё гэта зроблена ў рамках акцыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Дапамога Украіне», якая праходзіць з 2014 года.
Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі БТЧК Ніна Жук, з красавіка па май гэтага года найбольш неабароненымі катэгорыямі перамешчаных жыхароў Украіны грашовыя ваўчары атрыманы на суму 69 млн беларускіх рублёў. Ваўчары абменьваюцца ў гандлёвых прадпрыемствах на прадукты харчавання, сродкі гігіены, прадметы побыту, пасцельнай бялізны, адзення і абутку.
Фінансавая і тэхнічная падтрымка аказваецца Міжнароднай Федэрацыяй таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама Дэпартаментам Еўрапейскай Камісіі па аказанні гуманітарнай дапамогі.
Майстар-клас па-семежаўску
Таццяна Волкава, дырэктар раённага цэнтра ткацтва, прадставіла закладное ткацтва на выставе работ майстроў «Скарбніца Беларусі» ў Мінску, на якой дэманстравалася ўся нематэрыяльна-культурная спадчына Рэспублікі Беларусь.
Таццяна Мікалаеўна паспяхова асвоіла тэхніку закладнога ткацтва і на высокім узроўні правяла майстар-клас падчас названага мерапрыемства, чым выклікала вялікую цікавасць у прысутных. Яе выступленне атрымала высокую ацэнку спецыялістаў, у тым ліку і кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама.
Падрыхтавалі Крысціна ЖОГАЛЬ, Маргарыта САКОВІЧ, Сяргей КОЗЕЛ, Павел ШЭІН
Комментарии