Днямі адсвяткавала 100-гадовы юбілей жыхарка в. Доўгае Цімкавіцкага сельсавета Ганна Іосіфаўна Дуброўская. Павіншаваць яе са святам, уручыць кветкі і падарунак прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі і дырэктар Капыльскага ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Маліноўская.
На парозе дома гасцей сустракае дачка юбіляра, Ядвіга Станіславаўна. Пляскаючы босымі ножкамі па цёплым ад летняй спякоты двары, выбеглі праўнукі: Настасся, Аляксандр і маленькі Данік, якія прыехалі на адпачынак са Слуцка. Але сёння яны з цікавасцю назіраюць за прабабкай, прыслухваюцца. Ды ёсць да чаго! З вуснаў старой жанчыны злятаюць польскія словы. Назіраючы за хударлявым тварам Ганны Іосіфаўны, разумею, што яна на свае вочы бачыла, як адбываліся значныя для нашай краіны падзеі: калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна, далейшае мірнае жыццё.
[caption id="attachment_49804" align="aligncenter" width="580"]

Ганна Іосіфаўна з праўнукамі[/caption]
Нарадзілася Ганна Іосіфаўна ў Нясвіжы. Пазней разам з бацькамі, братамі і сёстрамі (а ўсяго ў сям’і было 12 дзяцей) жылі ў в. Шастакі. У 1930 годзе яе бацькі Іосіф Іванавіч і Марыя Францаўна былі раскулачаны і высланы за межы рэспублікі. І, як сведчыць кніга «Памяць. Капыльскі раён», іх рэабілітавалі толькі праз 63 гады. За гэты час Ганна Іосіфаўна паспела пражыць цэлае жыццё. Працаваць яна пачала яшчэ да вайны, як кажуць, у людзей. Затым — у сельскай гаспадарцы. Выхавала траіх дзяцей. Так, жыццё жанчыны не было простым, але за яе плячыма — цэлае стагоддзе.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии