Прынцып «З кожным днём павінна станавіцца лепш» неабходна браць за аснову, плануючы любую справу, і ў першую чаргу — добраўпарадкаванне. У тым, што гэты дэвіз узялі на ўзбраенне на тэрыторыі Пацейкаўскага сельсавета, упэўніліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння райвыканкама.
Члены раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Анатолем Ліневічам, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк, кіраўнікі сельскіх Саветаў, прадстаўнікі некаторых службаў, арганізацый і ўстаноў раёна праехалі па вуліцах аграгарадка Пацейкі і некаторых населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, пабывалі ў мясцовай адзінаццацігодцы, дзіцячым садзіку, зазірнулі на ФАП і ў магазіны. Вынікі ўбачанага былі падведзены падчас пленарнага пасяджэння.
[caption id="attachment_49710" align="aligncenter" width="560"]

У магазіне райспажыўтаварыства[/caption]
— Можна канстатаваць, што сельвыканкам падрыхтаваўся як след да выязнога мерапрыемства, — адзначыў Анатоль Ліневіч. — Уражанні ад убачанага станоўчыя. Адчуваецца добрая ўзаемасувязь паміж кіраўніком сельвыканкама і сельгаспрадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. А гэта важна.
І сапраўды, падчас невялічкага падарожжа, гідам у якім быў старшыня Пацейкаўскага сельвыканкама Сяргей Цвірко, удзельнікі нарады ўпэўніліся, што за апошні час на тэрыторыі сельсавета зроблена нямала па навядзенні парадку: зносяць старыя дамы, якія не маюць гаспадароў, хлявы, фундаменты пабудоў (21); спілоўваюць аварыйныя дрэвы (больш за 400). Для таго, каб неяк падштурхнуць вяскоўцаў, выпісваюць прадпісанні (амаль 250), у асобных выпадках, як прызнаўся Сяргей Іванавіч, даводзіцца складаць і пратаколы.
Як і ў кожным населеным пункце, ёсць вуліцы, якія патрабуюць больш пільнай увагі. Для Пацеек гэта вуліца Май. Менавіта тут размешчана большасць дамоў даволі сталага ўзросту, якія не маюць гаспадароў. Пасля ўсіх неабходных афіцыйных працэдур гэтыя дамы вырашана знесці, а вызваленыя зямельныя ўчасткі перадаць ААТ «Прагрэс 2010» для ўвядзення ў севазварот (атрымаецца каля 80 га). Дапамогу ў работах аказваюць як базавая гаспадарка, так і староннія арганізацыі. Паводле слоў Сяргея Цвірко, папярэдне былі праведзены тры суботнікі з удзелам і прадстаўнікоў службаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, і гараджан (Капыльскі РБУ, Капыльскі вопытны лясгас).
[caption id="attachment_49709" align="aligncenter" width="560"]

На вуліцы Май[/caption]
Асобна трэба сказаць пра вёску Пнівада, якая ўжо не толькі знікла з карты Капыльскага раёна, але і з паверхні зямлі. Да работ па зносе старых пабудоў прыступілі ў верасні 2015 года. Сёння тут не засталося знаку нават ад фундаментаў.
Працуюць у сельсавеце і над навядзеннем парадку на грамадзянскіх могілках (іх усяго 9).
Прыемнае ўражанне засталося ад наведвання ўстаноў сацыяльнай сферы, асабліва мясцовай адзінаццацігодкі, дзе гасцей сустракалі настаўнікі і вучні. З густам аформленая прышкольная тэрыторыя варта таго, каб стаць узорам для пераймання. Нямала зроблена па стварэнні добрых умоў для вядзення вучэбнай і выхаваўчай работы і ў самім будынку (пераважна — гаспадарчым спосабам).
[caption id="attachment_49708" align="alignleft" width="200"]

На школьным двары[/caption]
Даволі шырокі асартымент тавараў прадэманстравалі гандлёвыя кропкі. Па іроніі лёсу побач размясціліся два магазіны — райспажыўтаварыства і прыватны, што стварае пэўныя нюансы. Тым больш, што прыватны працуе да 9 гадзін вечара. Таму старшыня райспажыўтаварыства адразу ж атрымаў даручэнне перагледзець расклад работы магазінаў з тым, каб стаць больш канкурэнтаздольнымі.
Безумоўна, на тэрыторыі сельсавета зроблена нямала, яшчэ больш задум трэба рэалізаваць. Таму важна — не спыняцца на дасягнутым.
Акрамя абмеркавання ўбачанага падчас пленарнага пасяджэння ішла размова і пра іншыя справы, вельмі важныя, у першую чаргу, для павышэння іміджу Капыльшчыны. У прыватнасці, кіраўніком раёна перад усімі старшынямі сельвыканкамаў была пастаўлена задача да канца бягучага года арганізаваць на тэрыторыях сваіх сельсаветаў па адной аграсядзібе.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии