Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Цікавая экскурсія

20.12.2010
Гэтая восень падарыла вучням і настаўнікам нашай школы шмат незабыўных дзён. Мы пабывалі на экскурсіях у Нацыянальнай бібліятэцы, у музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, на заводзе па вырабе штучных алмазаў у Атоліна. Зусім нядаўна мы мелі магчымасць акунуцца ў гісторыю Беларусі, пабываўшы ў Полацку. Пачалася наша экскурсія з наведвання Сафійскага сабора. Самыя незабыўныя ўражанні выклікала яго гісторыя. Там мы слухалі канцэрт арганнай музыкі. Пасля была экскурсія па горадзе. На яго галоўнай вуліцы мы ўбачылі помнікі Сімяону Полацкаму, Францыску Скарыне, помнік-капліцу героям Айчыннай вайны 1812 года. Гэты помнік нас вельмі ўразіў, бо ўяўляе сабой піраміду з купалам і пазалачоным крыжом. Вакол яе стаяць восем чыгунных калон з купаламі, на якіх сядзяць пазалачоныя арлы. Піраміда стаіць на цыліндрычнай платформе. Вышыня ўсёй канструкцыі – 24 метры, вага – 110 тон! Не менш здзівіў і помнік літары беларускага алфавіта “Ў”. Затым мы наведалі адзін з найпрыгажэйшых будынкаў Полацка – былую брацкую школу, помнік архітэктуры к. ХVIII ст. – Музей беларускага кнігадрукавання. Разам з яшчэ 10 музеямі ён уваходзіць у склад Полацкага Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэты музей працягвае традыцыі і справы славутых асветнікаў мінуўшчыны. На другі дзень знаходжання ў Полацку мы пабывалі на ранішняй літургіі ў Крыжа-Узвіжанскім саборы. Там мы мелі магчымасць прыкласціся да мошчаў Святой Ефрасінні. Пасля адбылася экскурсія па манастыры. Мы даведаліся, што ў 2007 годзе ў гісторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра адбылася знамянальная падзея. Напярэдадні свята памяці прыпадобнай Ефрасінні ў манастыр была дастаўлена срэбная рака, выкананая па падабенстве той, якую ўлады рэквізавалі ў 1921 годзе. У новую  раку, устаноўленую ў Крыжа-Узвіжанскім саборы, былі перанесены святыя мошчы Полацкай князёўны. На жаль, час экскурсіі праляцеў вельмі хутка і трэба было вяртацца дамоў. Не ўсе гістарычныя месцы горада мы паспелі наведаць. Магчыма, у будучым многія з нас прыедуць сюды не адзін раз. Марына ВЫСОЦКАЯ, член гуртка “Жывое слова” УА “Лясноўская ДАСШ”

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей