Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

63

Выхаванне культурай

06.04.2010

[caption id="attachment_452" align="alignleft" width="300" caption="момант свята"][/caption] Чарговае пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання выхавацеляў груп падоўжанага дня было не проста карысным, але і вельмі цікавым як для педагогаў, так і для выхаванцаў ДУА “ВПК Мажскі дзіцячы сад – пачатковая школа”.

Рыхтаваліся да мерапрыемства доўга і старанна, паколькі тэму выбралі цудоўную — паказаць абрад Велікоднага тыдня “Кукольнікі”, тым самым наблізіць да фальклору дзяцей, і больш даведацца пра народныя традыцыі самім. Як расказала дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло, якая аказала работнікам школы метадычную і практычную дапамогу, гэты абрад з’яўляецца традыцыйным менавіта для Капыльшчыны. Запісаны ён быў у свой час ад адной з мясцовых бабулек. Удзельнічаюць у ім толькі дзеці, якія на другі дзень Вялікадня ходзяць у госці да сваіх бабуль, сваякоў, суседзяў і віншуюць іх са святам. У кожнай хаце гучаць вершы і песні, словы самых лепшых пажаданняў гаспадарам. Хлопчыкі і дзяўчынкі гуляюць у традыцыйныя велікодныя гульні, а за імі з замілаваннем назіраюць усцешаныя дарослыя. Вясёлыя і задаволеныя, з поўнымі кошыкамі прысмакаў малыя бягуць у іншую хату.

Менавіта за такім дзействам, якое разгортвалася на сцэне раённага Цэнтра традыцыйнай культуры, і назіралі ўдзельнікі мерапрыемства. Трэба сказаць, што і дзеці, і настаўнікі, і работнікі культуры шмат папрацавалі, каб адмыслова аздобіць сцэну, стварыць на ёй па-сапраўднаму святочную атмасферу.

Падводзячы вынікі ўбачанаму, дырэктар навучальнай установы Мая Ясючэня выказала ўдзячнасць у адрас ініцыятара і галоўнага натхніцеля мерапрыемства выхавацеля Вольгі Жукоўскай, усіх настаўнікаў, якія не толькі дапамагалі ў стварэнні свята, але і самі былі яго непасрэднымі ўдзельнікамі. Яна гаварыла пра тое, што існуе цесная сувязь паміж школай і ўстановай культуры, якая з кожным годам становіцца ўсё больш трывалай і прадукцыйнай.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей