Навучэнцы і педагогі ДУА «Слабадакучынская сярэдняя школа» праехалі дарогамі мужнасці Капыльшчыны па маршруце, які самі і распрацавалі. Гэта прадаўжэнне рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Цветы Великой Победы».
Да абеліскаў і помнікаў ускладвалі кветкі, памяць загінуўшых ушаноўвалі хвілінай маўчання. Каля помніка загінуўшым воінам Чырвонай Арміі ў в. Слабада-Кучынка прайшоў мітынг, які адкрыў 82-гадовы Аляксандр Кандыбовіч.
— 25 чэрвеня 1941 года над нашай вёскай у небе сышліся адзін савецкі і два нямецкія самалёты, — узгадваў сын ветэрана вайны. — Праз чатыры дні пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны я стаў сведкам бою, які далі воіны-акружэнцы акупантам. Двума кулямётамі атакавалі ворагаў. Сілы былі няроўныя. Загінуўшыя аказаліся з абодвух бакоў. Гэта жудасна. Вайна не павінна паўтарыцца. Самае галоўнае — беражыце мір!
Наведана месца Лаўскага бою. Навучэнцам школы было цікава, паколькі ў мінулым годзе ў роднай вёсцы быў адкрыты помнік 16-гадоваму ўдзельніку гэтага бою Уладзіміру Качаноўскаму.
У вёсцы Цялядавічы на парозе Свята-Троіцкай царквы ўдзельнікаў аўтапрабегу гасцінна сустрэў протаіерэй Генадзь Корнеў, які падзякаваў маладому пакаленню за паважлівыя адносіны да тых, хто адстаяў нашу свабоду, змагаючыся на фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі. У памяць аб загінуўшых воінах і партызанах былі запалены 20 памінальных свечак. Паслушніца храма Кацярына Забіран уручыла школьнікам іконкі Архіепіскапа Лукі Крымскага.
У вёсцы Роспы Крысціна Францкевіч (член БРСМ) каля помніка загінуўшым землякам расказала аб гераічным мінулым сваіх аднавяскоўцаў. Далей былі Харытонаўка і Старыца (на здымку). Закончыўся аўтапрабег ва ўрочышчы Крынічка, дзе салдацкай кашай і гарбатай з траў усіх частаваў старшыня школьнай пярвічкі ДТСААФ Мікалай Салановіч.
Наш кар.
Комментарии