Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

Фотоснимок с 1941-го

03.07.2016
[caption id="attachment_49573" align="alignleft" width="300"]IMG_6455 Іван Замана[/caption] 29 чэрвеня споўнілася 75 гадоў, калі воіны 10-й арміі далі бой нямецка-фашысцкім захопнікам у в. Слабада-Кучынка. Вечным сном спяць у брацкай магіле 26 чырвонаармейцаў шасці нацыянальнасцей. Да нядаўняга часу былі вядомы прозвішчы чатырох загінуўшых: украінцы Балынскі і Сцяпанаў, беларусы Талкач і Мысляўцоў. Але былі тыя, хто выжыў і вырваўся з акружэння. Сярод іх — і герой гэтага аповеда Іван Замана. У ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня 1941 года ў хату Аляксандра Мысліцкага (пасёлак Заполле Слабада-Кучынскага сельсавета) пастукалі ваенныя, якія выходзілі з акружэння: малодшы лейтэнант і двое радавых. Звярнуліся па дапамогу. Мысліцкія накармілі іх, перавязалі раны, пераапранулі. Камандзір папрасіў захаваць дакументы і пасля вайны пераслаць іх на радзіму. Гаспадар, нягледзячы на тое, што ў яго было чацвёра дзяцей, прапанаваў застацца, перачакаць і падлячыцца. Але вайскоўцы не захацелі рызыкаваць жыццём добрых і чулых людзей — побач былі нямецкія войскі. Старэйшы рашуча сказаў: «Будзем прабівацца да сваіх». Вось тады напісаў камандзір на фотаздымку дату сустрэчы і паставіў асабісты подпіс. Каштоўныя паперы ўкруцілі ў мешкавіну і кавалак скуры, закапалі на агародзе пад яблыняй. Вайскоўцы рушылі на ўсход. 6456 7 лістапада 1942 года ў час блакады партызанскай зоны ад рук карнікаў загінуў гаспадар. Дакументы адкапалі і пераслалі родным ваеннага ў ліпені 1944 года. У адказ — нічога не атрымалі. Здымак захоўваўся ў сямейным архіве Мысліцкіх больш за 70 гадоў. Адрас і прозвішча ведала толькі маці Ядвіга Васільеўна, але яна памерла ў 1979 годзе. Таму былая жыхарка вёскі Заполле Тамара Аляксандраўна Шкірыч (Мысліцкая) вырашыла звярнуцца да мяне.  У маі 2015 года яна перадала ў школьны музей Слабадакучынскай СШ фотаздымак невядомага камандзіра Чырвонай Арміі з аўтографам і надпісам: «1.7.1941 г.». Здымак друкаваўся ў газеце «Советская Белоруссия», але дапамог інтэрнэт. Прозвішча ўстаноўлена — гэта Замана Іван Антонавіч, які 75 гадоў лічыўся прапаўшым без вестак пад Бабруйскам. Знайшоўся родны пляменнік Сяргей Харчанка з г. Омска, які пазнаў на фотаздымку роднага чалавека і подпіс. Сёння яшчэ жывуць сёстры героя: Вера Антонаўна (1936 г.н.) і Валянціна Антонаўна (1938 г.н.). Да вайны яны жылі ў Омскай вобласці, Чэрлакскі раён, в. Маісееўка. У іх сям’і было 8 дзяцей. Старэйшы брат Іван (1920 г.н.) скончыў сямігодку, працаваў токарам на заводзе і адначасова займаўся ў вячэрняй школе. У Чырвоную Армію прызваны Ісількульскім РВК вясной 1941 года. Трапіў у Беларускую ваенную акругу. Першы ліст прыйшоў родным з Пухавіцкага раёна (Мар’іна Горка), ваенны пасёлак Новая Зара. Там фарміруецца 20-ты механізаваны корпус. Іван трапляе на паскораныя трохмесячныя курсы, атрымлівае званне малодшага лейтэнанта (камандзір кулямётнага ўзвода). Другі ліст, у пачатку вайны, ён паспявае адправіць са станцыі Станькава, што пад Дзяржынскам: «Нас перакідваюць на 90 км у бок старой граніцы». Корпус трымаў абарону на мяжы Мінскага і Слуцкага абарончых раёнаў. Вось адтуль, пры адступленні, трапіў Іван Замана ў в. Слабада-Кучынка. Гэта яго воіны касілі кулямётным агнём варожыя ланцугі. На жаль, далейшы яго лёс невядомы. Сёстры расказвалі, што іх аднавясковец бачыў Івана Заману параненым пры абароне на р. Беразіна. У хату, дзе размяшчаўся шпіталь, трапіў фашысцкі снарад — усе загінулі. Подзвіг простых воінаў Чырвонай Арміі застаецца прыкладам мужнасці і адвагі, вернасці воінскаму абавязку. Яны ішлі ў бой, не думаючы пра славу. Няхай вернутае імя Івана Заманы стане памяццю аб тых, хто адстаяў для нас сённяшні мір, жыве і будзе жыць! Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей