Днямі мой пятнаццацігадовы сын папрасіў набыць яму беларускі флаг. Ведаючы яго погляды і думкі, не скажу, што здзівілася, але спытала: «Навошта?» Адказ прагучаў нешматслоўны, аднак упэўнены: «Гэта патрыятычна».

Зараз ён добра разумее месца Беларусі ў свеце. Разумее, хто і чаму вядзе барацьбу супраць нашай краіны. Ён мае трывалы дарослы ўласны погляд. Для яго добрым прыкладам стаў прадзед, капітан артылерыі Іван Лук’янчык, які прайшоў слаўны баявы шлях па дарогах Вялікай Айчыннай. Ён упэўнены ў правільнасці эканамічнага і палітычнага курсу, па якім рухаецца Беларусь.
Так, дзеці – гэта наша змена, тыя, хто крыху пазней зойме наша месца ў жыцці. Казаць, што іх трэба выхоўваць патрыётамі, не заўсёды вынікова. Трэба быць патрыётамі самім. Трэба, каб на бязмежжы інтэрнэт-прасторы юнакі і дзяўчаты шукалі не толькі навіны пра музыкантаў, спорт ці яшчэ што-небудзь забаўляльнае. Трэба вучыць ганарыцца Радзімай.
А ганарыцца і сапраўды ёсць кім і чым. Як тут не ўспомніць сярэбраны медаль, што атрымаў на зімовых алімпійскіх гульнях наш зямляк Антон Смольскі? Яшчэ адзін ураджэнец Капыльшчыны, чые вынаходкі вядомы далёка за межамі краіны, – вучоны і канструктар Міхаіл Высоцкі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам ствараліся лепшыя аўтамабілі МАЗ. Ды шмат каго і чаго можна ўспомніць. Галоўнае, каб пра дасягненні Беларусі і яе жыхароў ведалі юнакі, каб умелі ганарыцца.
Нядаўна прачытала меркаванне ўкраінскага адваката і грамадскага дзеяча Таццяны Манцян: «Апошнія дыназаўры застаюцца кшталту вашага Лукашэнкі ці Пуціна, якія ад свайго імя выступаюць. І Кітай, вядома ж. Усе гэтыя наміналы калектыўнага Захаду – ужо проста даўно галовы, якія толькі размаўляюць. Яны ж проста самыя сапраўдныя клоўны». Гэта яшчэ адна нагода для гонару за краіну і Прэзідэнта.
…А беларускі флаг мы набылі і разам замацавалі на сцяне ў пакоі сына. Цяпер кожны раз, калі юнак будзе глядзець на чырвона-зялёнае палотнішча, ён з гонарам падумае: «Мая Радзіма – Беларусь!».
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии