У практыку работы мясцовай улады раёна ўводзіцца правядзенне выязных пасяджэнняў райвыканкама. Падчас іх прыярытэтная ўвага надаецца пытанням добраўпарадкавання. Першае такое пасяджэнне адбылося на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета.
[caption id="attachment_48651" align="aligncenter" width="580"]

Ля музейнай экспазіцыі Міхаіла Высоцкага[/caption]
Ужо па дарозе да пункта прызначэння члены выканкама на чале са старшынёй райвыканкама Анатолем Ліневічам разам з начальнікамі аддзелаў, прадпрыемстваў і службаў раёна аналізавалі ход навядзення парадку на тэрыторыі Капыльскага, Цімкавіцкага і Блеўчыцкага сельсаветаў, праз якія прайшоў маршрут.
У поле зроку ў Семежаўскім сельсавеце трапілі разнастайныя аб’екты. Найперш была наведана музейная экспазіцыя, прысвечаная Герою Беларусі, доктару тэхнічных навук, акадэміку Міхаілу Высоцкаму, дзе з жыццёвым і працоўным шляхам знакамітага земляка пазнаёміла дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. Добрыя ўражанні ва ўдзельнікаў пасяджэння засталіся падчас наведвання жывёлагадоўчых ферм, мехмайстэрняў ААТ «Семежава». Старшыня сельвыканкама Марыя Стружко і старшыня сельгаспрадпрыемства Анатоль Жданеня расказалі пра сумесную работу па захаванні старых, закінутых пабудоў і ўвогуле пра вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання. Прыемныя ўражанні пакінуў сквер у цэнтры аграгарадка: прыгожыя альтанкі і дагледжаныя клумбы прывабліваюць наведвальнікаў. Клапоцяцца аб навядзенні парадку і ў ДУА «Семежаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа». Тут размешчаны стадыён, гімнастычны комплекс, дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі. Таксама госці пабывалі ў абсталяваных школьных кабінетах, гульнёвых і спальных пакоях для дашкольнікаў, даведаліся, як праходзіць у навучальнай установе шосты школьны дзень. З умовамі, створанымі для прыёму і лячэння хворых, можна было пазнаёміцца падчас наведвання ўчастковай бальніцы. У цэнтры Семежава наведалі гандлёвыя кропкі: райспажыўтаварыства, індывідуальнага прадпрымальніка і магазін «Белыя Росы» мясцовага сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, апошні асабліва вызначаецца сваім багатым асартыментам. Адпачыць з задавальненнем жыхары аграгарадка могуць у Цэнтры культуры і вольнага часу. Тут жа працуюць выставы вырабаў ткацтва, касцюмаў удзельнікаў каляднага абраду «Цары», семежаўскіх кулінарных традыцый і многія іншыя.
[caption id="attachment_48652" align="aligncenter" width="580"]

Гульнёвая пляцоўка ў Семежаўскім ВПК[/caption]
Даволі сур’ёзная размова адбылася падчас выніковай нарады паміж кіраўніком раёна Анатолем Ліневічам і прадстаўнікамі зацікаўленых структур. Анатоль Канстанцінавіч выказаў заўвагі наконт нізкага ўзроўню догляду за аб’ектамі раёна электрычных сетак, у прыватнасці, за трансфарматарнымі падстанцыямі, яны не ўсюды абкошаны. Выклікае занепакоенасць стан прыдарожных палос, якія ў большасці сваёй зараслі ці абкошаны не так, як трэба. Тут былі закрануты дарожныя арганізацыі, якія абслугоўваюць раён. Шмат пытанняў было зададзена ў адрас жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Указана на адсутнасць належнага кантролю з боку прыродаахоўнай службы. Анатоль Ліневіч выказаў прапанову раённаму Савету дэпутатаў арганізаваць выезд старшынь сельсаветаў у іншыя раёны ці вобласці рэспублікі з мэтай вучобы па пытаннях добраўпарадкавання, а падобныя выязныя нарады на Капыльшчыне праводзіць кожны месяц з ацэнкай работы старшынь сельвыканкамаў і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Дарэчы, наступны плануецца правесці на базе Пацейкаўскага сельсавета.
[caption id="attachment_48653" align="aligncenter" width="580"]

У магазіне райспажыўтаварыства[/caption]
Шэраг пытанняў акрэсліла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. Ірына Мікалаеўна адзначыла, што парадак трэба падтрымліваць пастаянна. Усе структуры павінны працаваць на агульны вынік — гэта сумесная работа сельсавета, сельгас-прадпрыемства, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожнікаў, энергетыкаў. Часам бывае, што на гэтыя мэты не патрабуюцца даволі глабальныя затраты, а проста неабходна правільна арганізаваць працэс.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии