Першая палова мая ў гэтым годзе для калектыву рэдакцыі газеты «Слава працы» выдалася сапраўды яркай і насычанай. Упершыню наша выданне было адзначана ў самым прэстыжным журналісцкім конкурсе: стала лаўрэатам ХІІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі». Узнагароду атрымала галоўны рэдактар Марыя Шэіна падчас правядзення ХХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі».
[caption id="attachment_48395" align="aligncenter" width="580"]

З цікавасцю да нашай газеты[/caption]
Такая ўзнагарода — вынік стараннай працы ўсяго калектыву. Кожны з супрацоўнікаў імкнецца выконваць свае абавязкі на высокім узроўні. Гэтак жа, як і на працягу ўсіх 86 гадоў існавання раёнкі. Якасная і аператыўная інфармацыя — гэта наша традыцыя.
Такой жа традыцыйна цікавай для наведвальнікаў выставы «СМІ ў Беларусі» стала і прэзентацыя нашай раённай газеты. Некалькі гадоў таму супрацоўнікі «Слава працы» разам з музыкантам Аляксандрам Булакевічам, як кажуць, задалі добры тон і паказалі, як трэба цікава прэзентаваць сваё выданне. Затым, праз год, пра сумесны краязнаўчы напрамак у рабоце рэдакцыі газеты і раённага музея дапамагала расказваць дырэктар гэтай установы Валянціна Шуракова. Яшчэ праз год яскрава віталі гасцей «Лоцвінскія ўдалухі»: Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская. Летась нам дапамагалі Таццяна Ермаловіч і яе выхаванкі.
Мінае час. І кожны год мы імкнёмся прыдумаць нешта цікавае і новае, каб наведвальнікі выставы не засталіся абыякавымі, каб да выдання Капыльскага раёна праяўлялі асаблівую зацікаўленасць. Так адбылося і ў гэтым годзе. Каб пераканацца ў справядлівасці сказаных слоў, давайце разам наведаем выставачны цэнтр.
[caption id="attachment_48398" align="alignleft" width="314"]

Спецыяліст «СБ. Беларусь сегодня» Марыя Кузьмянкова дала высокую ацэнку газеце «Слава працы»[/caption]
Ля самага ўваходу як сімвалы плённага міжнароднага супрацоўніцтва — 20 сцягоў тых краін, адкуль у Беларусь прыехала звыш трохсот прадстаўнікоў. У прасторнай зале выставачнага цэнтра сабраліся супрацоўнікі шматлікіх выдавецтваў і рэдакцый. Яны імкнуцца прадэманстраваць гісторыю і шляхі сучаснага развіцця СМІ ў Беларусі. Усе, хто завітаў у сталічны комплекс «БелЭкспа», убачылі, што ён часова нібы ператварыўся ў вялікі карэспандэнцкі пункт: адсюль на ўсю рэспубліку (ды нават і за яе межы) разлятаюцца паведамленні, відэа- і фотаінфармацыя.
Вось стэнды сродкаў масавай інфармацыі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны. Абмінуць стэнд «СМІ Мінскай вобласці» проста немагчыма: гукамі беларускіх народных музычных інструментаў запрашаюць калегі з «Маладзечанскай газеты». Рыхтуюцца да выступлення спявачкі з Капыльшчыны: настаўніца музыкі СШ № 2 г. Капыля Таццяна Ермаловіч і яе выхаванкі — удзельніцы студыі эстраднага вакалу «Клио» пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна Ганна Засімовіч і Ірына Драцкая.
— Як цудоўна спяваюць капылянкі! — адзначае галоўны рэдактар «Мала- дзечанскай газеты» Аляксандр Іванавіч Лазоўскі.
Згадзіліся з ім і розныя наведвальнікі выставы, якіх, дарэчы, каля нашага стэнда сабралася нямала: і жанчыны паважанага ўзросту, і курсанты ваеннага вучылішча, і прадстаўнікі іншых друкаваных выданняў.
На памяць аб знаёмстве з раённай газетай «Слава працы» гледачы атрымалі друкаваныя сувеніры: календары, блакноты, рэкламныя праспекты.
— Проста цудоўна! І спевы прыгожыя паслухала, і блакнот з фотаздымкам Калядных цароў з Семежава атрымала! — дзялілася ўражаннямі адна з наведвальніц.
— А ў мяне — блакнот з маляўнічымі краявідамі Капыльшчыны! — радуецца другая жанчына.
[caption id="attachment_48394" align="alignright" width="383"]

Вядучыя — Дзіяна Ткачэнка і Сяргей Козел[/caption]
Прыемна, калі твая работа прыносіць задавальненне і радасць розным людзям. Калі слова, напісанае журналістам, знаходзіць водгук у сэрцы чытачоў. Не памылюся, калі адзначу, што некаторыя наведвальнікі прыходзяць на выставу менавіта для таго, каб паглядзець нашу прэзентацыю, каб пацікавіцца, чым і як жыве Капыльшчына. Пацвярджэнне — у словах Людмілы Людвігаўны Драздовай (Васюк), жыхаркі г. Мінска, ураджэнкі нашага раёна:
[caption id="attachment_48397" align="alignleft" width="316"]

Ганна Засімовіч, Ірына Драцкая і Таццяна Ермаловіч[/caption]
— Так, я родам з Капыльшчыны. Прыходжу на выставу ўжо не першы год. Памятаю, як два гады таму выступалі «Лоцвінскія ўдалухі». Яны тады нас смачна частавалі! А леташняе выступленне запомнілася цудоўным выкананнем песень дзяўчаткамі. І ў гэтым годзе спецыяльна прыйшла, каб пабачыць выступленне капылян. З цікавасцю прагартала і газету: як справы ў сельскай гаспадарцы, што новага адбываецца ў культурным жыцці раёна. На памяць узяла некалькі экзэмпляраў. Дарэчы, працавала я інжынерам на ААТ «Інтэграл». А мая маці, Дашкевіч Рэгіна Іванаўна, нарадзілася ў 1928 годзе ў вёсцы Леанова, што ў Пацейкаўскім сельсавеце. Дзяцінства ў яе было вельмі цяжкім: бацьку рэпрэсіравалі, затым настала вайна. Пасля яе заканчэння брат завёз маму ў Баранавічы, дзе яна паступіла ў медыцынскае вучылішча. Працаваць накіравалі на Гродзен- шчыну. Там у хуткім часе яна выйшла замуж, нарадзіла пяцёра дзетак. Яе медыцынскі стаж 57 гадоў. Яна памерла два гады таму. Раней я наведвалася ў Кацельнікі, куды ездзіла да цёткі. Мае сваякі і зараз жывуць у Капылі.
А ў гэты час
На галоўнай сцэне тэлежурналісты з вядучых каналаў расказвалі пра тое, як ствараюцца тэлеперадачы, запрашалі гледачоў прыняць удзел у інтэрактыўнай віктарыне. Прывабных удзельніц конкурсу «Міс Беларусі» прадставілі супрацоўнікі тэлеканала АНТ. Кожная з прыгажунь змагла расказаць пра сябе, пра свет сваіх захапленняў.
[caption id="attachment_48396" align="aligncenter" width="580"]

Чытачы задаволены: яны атрымалі прадукцыю «СП»[/caption]
Не пагутарыць з іншымі ўдзельнікамі выставы мы, канешне ж, не маглі. Таму прадаставім ім слова:
— Мяне завуць Марыя Кузьмянкова. Працую спецыялістам па маркетынгу аддзела развіцця ў рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия». Сёння мы з задавальненнем прэзентуем усе выданні нашага холдынгу. Тут вельмі цікава, дадзена добрая магчымасць не толькі заявіць пра сябе, але і падзяліцца вопытам з калегамі.
— Мяне завуць Юі. Я з Кітая. Вучуся ў Беларусі ўжо на працягу 7 гадоў. Сёння ад пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь мы прадстаўляем кнігі, часопісы, дыскі пра нашу краіну. Бачыце, уся прадукцыя яркая, сучасная. У Беларусі мне падабаецца.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии