8 мая 1945 года перад Іванам Юшкевічам разарваўся варожы снарад. Зямляк, Уладзімір Серы
з в. Лоцвіны, адкапаў яго з глыбокай вогненнай варонкі. Цяжка паранены, Іван атрымаў кантузію, месяц знаходзіўся ў коме. Яшчэ праз месяц успомніў сваё імя і прозвішча. Дванаццаць рубцоў налічыў на паверхні грудной клеткі ваенны хірург, асколкі засталіся ў назе і пазваночніку.
Выходзіў Іван Канстанцінавіч з вайны ўсё жыццё. Памяць вярталася праз гады. Толькі ў жніўні 1988 года Падольскі архіў Міністэрства абароны СССР пацвердзіў усе чатыры раненні і кантузію салдата, а праз год ваенна-медыцынская камісія Беларускай ваеннай акругі прызнала яго інвалідам вайны, і ён атрымаў ваенную пенсію.
Іван Канстанцінавіч Юшкевіч нарадзіўся ў в. Слабада-Кучынка ў 1923 годзе ў мнагадзетнай сялянскай сям’і (чатыры браты і сястра). Паспяхова скончыў мясцовую сямігодку. Вайна застала яго ў пасёлку Магільнае на агранамічных курсах. У канцлагеры загінуў брат Віктар (артылерыст), згарэў у танку пры абароне Масквы старэйшы Канстанцін, ваявалі Рыгор і Аляксандр, а ён быў сувязным атрада імя Чапаева.
На фронт трапіў у ліпені 1944 года. Мужна ваяваў старшы сяржант Юшкевіч у складзе 1314-га стралковага палка 17-й стралковай дывізіі (48-я армія), вызваляў Польшчу, Усходнюю Прусію. У кастрычніку быў сфарміраваны дэсантны батальён, які фарсіраваў раку Нараў. Не ўсе выйшлі з ледзяной восеньскай вады на другі бераг. Захапілі варожыя акопы. Моцны сялянскі хлопец удзельнічаў у рукапашнай. Двойчы паранены. Доўга ў шпіталі не затрымліваўся, каб не адстаць ад сваіх. 16 студзеня 1945 года пад Варшавай, нягледзячы на лёгкае раненне, пад моцным артылерыйскім агнём вынес на плячах з поля бою параненага камандзіра роты і яшчэ аднавяскоўца Мішу Рымашэўскага. За гэты подзвіг Іван прадстаўлены да медаля «За адвагу». 4 лютага зноў паранены.
Далей быў штурм Кёнігсберга, выхад да берага Балтыйскага мора. Ужо быў узяты Берлін, але некаторыя нямецкія групоўкі войск не капітулявалі. Там пасля фарсіравання заліва Фрыш-Хаф (цяпер Калінінградскі) на касе Фрыш-Нерунг прыняў свой апошні бой чырвонаармеец Юшкевіч. Страшэнная кантузія, мноства асколачных ран і страта памяці. Моцны і малады арганізм змагаўся за жыццё. Толькі праз некалькі месяцаў ён апрытомнеў. З дапамогай медсястры напісаў у пісьме родным: «Даражэнькія мае матуля Анастасія Васільеўна і сястрычка Соня! Я нічога не чую, нічога не памятаю».
Затым у Слабада-Кучынку прыйшла пасылка ад камандзіра з Германіі: некалькі кашуль, адрэз тканіны цёмна-сіняга сукна, вышыты настольнік. І ліст: «Я ўдзячны вашаму сыну за жыццё».
Са шпіталя Іван вярнуўся ў лістападзе 1945-га і адразу паступіў на другі курс Нясвіжскага педвучылішча па льгоце для ўдзельнікаў вайны. Прага да навучання была вялікая. За ваенны час так засумаваў па кнігах, што чытаў усё. Было цяжка, стыпендыі не хапала. Выратоўвала бульба, прывезеная з дому. Чым мог, дапамагаў брат Рыгор, бо маці памерла прама на калгасным полі пры праполцы буракоў. Праз некалькі гадоў пачаў сваю педагагічную дзейнасць на Мядзельшчыне. Завочна скончыў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут. Прыехаў у водпуск і ў суседняй вёсцы знайшоў сваё асабістае шчасце: аб’яднаў жыццё з цудоўнай дзяўчынай Ганнай Дубовік. Маладыя пераехалі на Клеччыну, дзе разам настаўнічалі ў Зубкоўскай школе. Вельмі радаваліся нараджэнню першынца Віктара, а затым — Галіны.
Але шчасце было нядоўгім. Франтавіка пачалі непакоіць наступствы вайны. Пакутаваў ад асколкаў, якія засталіся ў целе, у правай назе, у плячы, часта адкрываліся раны. У снах яму здавалася, што ён ізноў ідзе ў атаку, узрываюцца міны і снарады, што накрывае хваля бамбёжкі з самалётаў. Нікому не скардзіўся, свой боль трымаў унутры душы. Пра яго здароўе ведалі толькі самыя блізкія. Працу ў школе прыйшлося пакінуць. Перажываў, што аддаў настаўніцкай ніве толькі 14 гадоў. Дзяржава прызначыла яму невялічкую пенсію. Іван хваляваўся і думаў, як падымаць дзяцей? Сям’я вярнулася на Капыльшчыну. Атрымалі кватэру, завялі гаспадарку. Браўся за любую працу ў саўгасе «Крыніца»: вартаваў жывёлу, абкошваў канавы, працаваў дарожным рабочым. Сваю дабрыню, сціпласць і любоў да Радзімы перадаў Віктару і Галіне. Дзякуючы намаганням бацькі яны атрымалі вышэйшую адукацыю і сталі выдатнымі педагогамі, адкрытымі і шчырымі да людзей. Іван Канстанцінавіч быў чалавекам з вельмі чулай душой і бязмежна адданы сваім дзецям. У дзіцячым садку ён пасадзіў яблынькі. Водар спелых пладоў кожную восень радуе прахожых.
Добра сябраваў і любіў суседскіх дзяцей — вядома ж, настаўнік. Яны з захапленнем слухалі яго аповеды пра вайну. Сапраўдны франтавік ніколі не выстаўляў напаказ свае ўзнагароды, таму што ўсё жыццё заставаўся сціплым, выхаваным чалавекам.
Заўсёды з нецярплівасцю чакаў Дзень Перамогі. Спачатку хадзіў на мітынг, а затым па тэлебачанні глядзеў парад савецкіх войск на Краснай плошчы. І толькі праз многа гадоў аднавяскоўцам адкрыліся звесткі пра гераічную маладосць земляка. Ім стала вядома, што ваяваў ён на ІІ і ІІІ Беларускіх франтах. Вызваляў ад фашыстаў Польшчу, Усходнюю Прусію, гарады Млава, Лібштадт, Ворміт, Браунберг. Баявыя ўзнагароды Івана Канстанцінавіча — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, два медалі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у 1941 — 1945 гг.», чатыры падзякі ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага маршала Сталіна.
Ён пранёс свае высокія чалавечыя якасці праз усе выпрабаванні. У пачатку 2000 года адказалі ногі, быў прыкаваны да ложка, пакутаваў ад жудаснага болю. Мілыя сэрцу жонка Ганна Іосіфаўна і дзеці заўсёды знаходзіліся побач, даглядалі бацьку, прыводзілі ўрачоў, дзяжурылі начамі. Не стала добрага чалавека ў 2002 годзе. Але жыццё прадаўжаецца ва ўнуках. Усе скончылі ВНУ: два інжынеры, эканаміст, менеджар і дызайнер. Ён так і не змог парадавацца за іх. Унучка Таццяна збірае звесткі аб баявым шляху знакамітага дзеда. А яшчэ стала традыцыяй кожны год 9 мая збірацца на магіле роднага ім чалавека.
Нізкі вам паклон, салдаты Перамогі, за мірнае неба над нашай Айчынай!
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Сядай, унучок...
Уладзімір Гардзейка
«Сядай, унучок. Памесцiмся на лаве.
Няма, як кажуць, праўды ў нагах», —
Сусед мой запрашае, дзядзька Павел,
З такой усмешкай хiтрай у вачах.
Ён цыгарэту ў пальцах размiнае
I вочы бляклые падняўшы недзе ўверх,
Аповед свой пацiху пачынае,
Як нашы бралi з боем Кёнiгсберг.
«Аёй-аёй. Не дай нiкому Божа
Пабачыць тое, што пабачыў я.
Гучаў загад — i можаш цi не можаш —
Iшла наперад армiя ўся
Так, — кажа ён, — увесь наш дваццаць першы
Тады адразу трапiў пад прызыў.
Хто быў ад iншых трошачкi хiтрэйшы,
У абоз, у тыл — а хто хiтрэйшым быў?
Ой, там было. Уздрыгнуся, як узгадаю…
Мы па крывi iшлi амаль уброд.
Скажу табе, напэўна, што я знаю:
Ён такi моцны, унучак, наш народ.
Хлябнулi лiха хлопцы там нямала.
Ад той крывi трава ў метр расла.
Таму-сяму — i мне пашанцавала,
А большасць нашых там i палягла.
Нас засталося пяць усяго ў роце,
Бо праз агонь iшлi нашы рады.
А я, унучок, у далёкiм гэтым годзе
Як зараз ты, такiм быў маладым…»
Я слухаю. Я веру i не веру
I бачу ўсё — нiбыта сам там быў.
А ён задумлiва глядзiць на грушу-бэру,
Што з маiм дзедам некалi садзiў.
«Ну што, сусед. Запалiм па апошняй.
Мяне палiць прымусiла вайна…
Тады махорку ўсю — да самай крошкi —
На нас дзялiў уласна старшына.
I пакрысе паёк той большаў, большаў.
Ды толькi гэтаму нiхто не быў там рад,
Бо на мяжы Германii i Польшчы
Лёг у зямлю апошнi наш салдат…
Вось так было. Шчаслiвенька жывiце.
Нiхто каб з вас вавек не ваяваў.
Ну а яшчэ — хоць зрэдку ўспамянiце
Ўсiх тых, хто вам жыццё ахвяраваў».
…………………………
Прайшлi гады — а як нам iх уславiць?
I бачу я — напэўна нездарма:
Мы чaсцяком на гэтай доўгай лаве
Сядзелi з дзядзькам Пашам дацямна.
Комментарии