Догляд за воінскімі пахаваннямі і месцамі баявой славы з’яўляецца адной з асноўных частак патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў Песачанскай СШ.
Педагогі і навучэнцы ўстановы адукацыі працуюць пад дэвізам: «Захоўваючы гісторыю, мы ствараем будучыню». Напрыклад, падчас рэалізацыі праекта «Ландшафтнае добраўпарадкаванне тэрыторый у рамках аграгарадка» пастаянна падтрымліваецца парадак каля помніка «Смуткуючая маці», што знаходзіцца насупраць школы. Там былі разбіты клумбы, зроблены альпійскія горкі, высаджаны кветкі. З надыходам цёплага надвор’я адразу пачынаецца добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. Звычайна ў Дзень Перамогі на памятным месцы праходзіць прыём у піянеры, падчас урачыстага мітынгу 9 Мая і ў Дзень Незалежнасці члены гэтага грамадскага аб’яднання нясуць ганаровую варту, ускладаюць вянкі, гірлянды і кветкі.
Памятаюць у навучальнай установе і пра герояў Лаўскага бою. Валанцёры з атрада «Юнацтва» падтрымліваюць парадак на могілках у в. Клецішча.
— Гэта толькі частка патрыятычнага выхавання, якое праводзіцца ў нашай школе, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Астрэйка. — Мы займаемся вялікай доследнай работай і прымаем актыўны ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях па гэтай тэме. Навучэнцы збіраюць матэрыялы для экспазіцыі школьнага музея пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ падкрэслю, што дзеці заўсёды самі праяўляюць ініцыятыву, каб навесці парадак на памятных месцах. Яны ведаюць, што памяць сваіх продкаў трэба захоўваць.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии