Два дні – 6 і 7 снежня – сталі знакавымі для нашай Беларусі. Яны былі багатымі на падзеі і рашэнні. Усебеларускі народны сход – найважнейшы структурны элемент улады ў краіне. Сярод дзвюх з паловай тысяч дэлегатаў народнага форуму было 10 прадстаўнікоў Капыльшчыны. Некаторыя з іх падзяліліся сваімі меркаваннямі.
Анатоль Жданеня, старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта:
— IV Усебеларускі народны сход пакінуў у мяне шмат уражанняў. Мы былі ў ліку тых, хто падводзіў вынікі мінулай пяцігодкі і павінен данесці да сваіх землякоў задачы на будучую. Адразу адзначу, што яны даволі напружаныя. Напрыклад, да 2015 года валавы ўнутраны прадукт, вытворчасць прадукцыі прамысловасці, сельскай гаспадаркі павінна павялічыцца ў паўтара раза, неабходна, каб узрасла і прадукцыйнасць працы. Безумоўна, усё гэта прывядзе да росту заработнай платы, а яна, як вядома, да канца наступнай пяцігодкі павінна дасягнуць 1000 долараў. А гэтыя грошы неабходна зарабіць нармальнай, сумленнай працай. Зараз наша Беларусь па развіцці займае адно з вядучых месц сярод краін СНД, трэба дасягнуць такога ўзроўню і сярод еўрапейскіх. Яшчэ раз адзначу, што пастаўлены сур’ёзныя задачы, і яны будуць даведзены да працаўнікоў раёна, над іх вырашэннем будзем працаваць.
Уладзімір Рудакоўскі, дырэктар ААТ “Старыца-Агра”:
— Адразу прыходзіць на памяць 1996 год, калі прайшоў І Усебеларускі народны сход, дэлегатам якога мне таксама давялося быць. На ім вырашаліся пытанні, што рабіць, як накарміць краіну, аднавіць вытворчасць. Як бачым, наш Прэзідэнт змог стварыць моцную каманду і вытрымаць усе цяжкасці. На чацвёртым сходзе мы адчулі гонар за Беларусь, за яе поспехі. Мне, як прадстаўніку сельскай гаспадаркі, больш блізкая гэта галіна. Зараз мы сябе забяспечваем збожжам, мяса-малочнай прадукцыяй, нават рэалізуем за мяжу. Вырашыць задачы будучай пяцігодкі, на маю думку, таксама рэальна. Сельгасарганізацыі ўмацаваны матэрыяльна: пабудаваны аграгарадкі, новыя фермы, збожжасушыльныя комплексы, добраўпарадкаваны мехдвары, населеныя пункты і г. д. Словам, патэнцыял ёсць.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии