Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Пришла пора сахарной свеклы и картофеля

18.04.2016
У ААТ «Старыца-Агра» яшчэ не завяршылі сяўбу яравых збожжавых, а ўжо спяшаюцца разгарнуць работы на палетках, дзе будуць расці цукровыя буракі. Сёлета пад гэту культуру адведзена 450 гектараў. Як расказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Уладзімір Рудакоўскі, рыхтаваць палеткі пачалі яшчэ восенню: апрацавалі іх гліфасатамі, унеслі комплекс мінеральных угнаенняў (фосфар і калій), і цяпер яшчэ дабавілі неабходную дозу азоту. У пасяўных работах задзейнічана два трактары з сеялкамі, якімі кіруюць Анатоль Шнітко і Сяргей Рыбак. [caption id="attachment_47709" align="aligncenter" width="580"]Сяргей Рыбак Сяргей Рыбак[/caption] Разам з галоўным аграномам гаспадаркі Уладзімірам Патоцкім накіроўваемся на поле, якое знаходзіцца непадалёку ад вёскі Андросаўшчына. Там пад пільным наглядам агранома Андрэя Ашэўскага і начальніка ўчастка Івана Кавальчука праводзіцца перадпасяўная падрыхтоўка глебы пад цукровыя буракі, а следам на сваім МТЗ-1221 з нямецкай сеялкай фірмы «Kverneland» эстафету пераймае Сяргей Рыбак. На некалькі хвілін прыпыняем механізатара, каб пагутарыць і зрабіць фотаздымак. Сяргей Іванавіч — даволі вопытны спецыяліст, праз яго рукі ўжо прайшло тры трактары. «Беларус», на якім зараз працуе, прыняў амаль пяць гадоў таму, аднак выглядае тэхніка, нібы толькі з канвеера сышла. «Безумоўна, перад пачаткам пасяўной рыхтаваліся да тэхагляду, — адзначае галоўны аграном, — аднак многае залежыць і ад самога механізатара. Такіх адказных і добрасумленных, як Сяргей Рыбак, у нашай гаспадарцы нямала. Менавіта іх плённая праца дазваляе добрымі тэмпамі і якасна выконваць усе пастаўленыя задачы». Пры сяўбе цукровых буракоў галоўнае — глыбіня загортвання насення. А таму Уладзімір Патоцкі двойчы (у пачатку і канцы працоўнага дня) наведваецца на поле, каб на свае вочы ўпэўніцца, што настройкі ў пасяўным агрэгаце не збіліся. [caption id="attachment_47708" align="aligncenter" width="580"]Васіль Жарнасек Васіль Жарнасек[/caption] «Каб атрымаць раўнамерныя дружныя ўсходы, — працягвае расказ галоўны аграном, — неабходна правесці сяўбу за 7-8 дзён. Я думаю, што мы з гэтым справімся». Яшчэ на адзін палетак мы наведаліся ў гэты дзень. Непадалёку ад комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы «Чарнічнае» старанна працаваў Васіль Жарнасек. Яго задача — падрыхтаваць грэбні для пасадкі бульбы. Здаецца, што ў механізатара перад вачыма нейкая віртуальная лінейка — такія раўнюсенькія атрымліваюцца барозны. Але тут справа хутчэй за ўсё ў спрактыкаванасці і цвёрдасці рукі майстра. Нездарма ж за плячыма Васіля Мікалаевіча больш за трыццаць гадоў механізатарскага стажу. Усяго ў гаспадарцы адвялі пад бульбу 250 га. Калі насенне цукровых буракоў набывалі пры дапамозе Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, то бульба свая, пры тым эліта. Насеннымі клубнямі забяспечваюць і гаспадаркі Капыльшчыны, а таксама з іншых раёнаў сталічнай вобласці. Акрамя таго будзе набыта каля 100 тон супер-супер-эліты ў рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагароднінаводстве» для далейшага вырошчвання. Бульба будзе розных тэрмінаў спеласці. Папярэдне з восені пад будучыя бульбяныя палеткі ўнеслі арганіку, неабходны комплекс мінеральных угнаенняў. Вясной зямля атрымала яшчэ калій, і па палях прайшлі (двойчы) чызелем, каб насыціць глебу дастатковай колькасцю кіслароду. Акрамя Васіля Жарнасека фарміраваннем грэбняў займаецца Аляксандр Фяткевіч, затым на бульбасаджалках да справы прыступяць Анатоль Вярэль і Віктар Дарашэвіч. Гэтыя прозвішчы таксама добра вядомы ўважліваму чытачу — пра іх у сваіх рэпартажах на старонках раёнкі мы ўзгадвалі не раз. Настрой у механізатараў прыўзняты: па ўсім бачна, што яны за зіму засумавалі па сапраўднай справе. І нават тая акалічнасць, што працаваць даводзіцца практычна з раніцы да ночы, іх не палохае. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей